Выбрать главу

Натхнёная і пяшчотная музыка Гуно, як мне здавалася, была добрым суправаджэннем гэтага відовішча, і я ўважліва слухаў яе, не звяртаючы ўвагі на сцэну, а, наадварот, цалкам аддаўшыся лагоднаму, разважліваму настрою, смутак якога без гэтай музыкі прыносіў бы, магчыма, яшчэ мацнейшы боль. Але ўжо ў антракце пасля першага акта са свайго месца ўстаў мужчына, прыкладна дваццаці сямі-трыццаці гадоў, які знік і адразу ж з’явіўся з ветлівым паклонам у ложы, да якой была прыкаваная мая ўвага. Стары пан адразу падаў яму руку, а паненка таксама, з прыязным кіўком галавы, працягнула яму сваю, якую ён прыстойна паднёс да сваіх вуснаў, пасля чаго па настойлівым запрашэнні сеў.

Я гатовы прызнаць, што ў гэтага пана была самая непараўнальная манішка, якую я толькі бачыў у сваім жыцці. Гэтая манішка была цалкам выстаўленая напаказ, бо камізэлька не была нічым іншым, як вузкай, чорнай палоскай, а пінжак, які зашпіляўся на адзін гузік нізка пад жыватом, меў, пачынаючы ад плячэй, выраз у форме надзвычай шырокай дугі. Манішка ж заканчвалася высокім і востра адведзеным назад цвёрдым каўнерыкам з шырокім чорным матыльком; на ёй на аднолькавай адлегласці меліся два чатырохвугольныя і таксама чорныя гузікі; яна была асляпляльнай белізны і дзівосна накрухмаленая, не страціўшы пры гэтым сваёй гнуткасці, бо каля жывата яна прыемным чынам утварала заглыбленне, каб потым зноў перайсці ў прывабную і бліскучую пукатасць.

Зразумела, што гэтая манішка патрабавала найбольшай долі ўвагі да сябе; са свайго боку, галава, якая была абсалютна круглаю і па цемі якой пралягала покрыва коратка пастрыжаных ярка-белых валасоў, была ўпрыгожана на носе пенснэ, без шнурка і аправы, не вельмі вялікімі, светлымі і лёгка пакручастымі вусамі і на адной шчацэ процьмай маленькіх шрамаў ад дуэлей, якая цягнулася да скроні. Між іншым, гэты пан быў скроены бездакорна і рухаўся з упэўненасцю.

Я за ўвесь вечар (пан заставаўся ў ложы) заўважыў у ім дзве позы, якія, здавалася, былі яму асабліва ўласцівымі. Калі, напрыклад, размова з панствам у ложы перапынялася, то ён сядзеў, закінуўшы нагу за нагу і паклаўшы бінокль на калені, утульна адкінуўшыся, апускаў галаву ды выстаўляў губу далёка наперад, каб заглыбіцца ў разгляданне абодвух кончыкаў вусаў, і, як здавалася, цалкам загіпнатызаваны гэтым, паволі і спакойна круціў галавою з аднаго боку ў другі. Калі ж пачыналася размова з паненкаю, ён з пачцівасці мяняў пазіцыю сваіх ног, аднак адкідваўся яшчэ глыбей назад, прычым трымаўся за крэсла абедзвюма рукамі, уздымаў галаву, наколькі гэта магчыма, і ўсміхаўся з даволі шырока разяўленым ротам, пазіраючы на маладую суседку зверху ўніз зычліва і ў пэўнай ступені з пачуццём перавагі. Гэтага пана, мусіць, напаўняла неверагодна шчаслівая самаўпэўненасць…

Калі казаць сур’ёзна, то я такіх асоб паважаю. Ні за адным з яго рухаў – і няхай для іх нядбайнасці патрабавалася адвага – не надыходзіла пакутная засаромленасць; яго натхняла пачуццё ўласнай годнасці. А чаму павінна было адбывацца іначай? Было зразумела: ён, асабліва сябе не вылучаючы, пайшоў па сваім канкрэтным шляху, ён пройдзе яго аж да пэўных і карысных мэт, ён жыў у цені ўзаемаразумення са ўсім светам і пад сонцам агульнай павагі. Час ад часу ён, седзячы там у ложы, нязмушана размаўляў з дзяўчынаю, чыя чыстая і вытанчаная прыцягальнасць для яго, магчыма, не была недаступнаю і чыёй рукі ў гэтым выпадку ён мог спакойна прасіць. Сапраўды, у мяне не было жадання гаварыць паблажлівыя словы пра гэтага пана.

А як жа я, сам я? Я сядзеў тут унізе і на адлегласці, са змроку спахмурнела назіраў, як тая неацэнная і недасягальная істота нязмушана размаўляла і смяялася з гэтым нікчэмным тыпусам! Ізаляваны, незаўважны, бяспраўны, чужы, лішні, дэкласаваны, парыя, варты жалю перад самім сабою.

Я застаўся да канца і зноў сустрэў панства ў гардэробе, дзе, пакуль дамы апраналі футры, крыху затрымаўся і з сім-тым перакінуўся некалькімі словамі, ці то з паненкай, ці то з афіцэрам… Малады пан праводзіў бацьку з дачкою, калі яны выходзілі з тэатра, і я на невялікай адлегласці выйшаў услед за імі з вестыбюля.