Выбрать главу

Што здарылася з чалавекам, які заўсёды адзін і які, здаецца, надзвычай няшчасны? Яго падкрэслена абывацельскае адзенне і пэўнае стараннае пагладжванне рукою па падбароддзі быццам бы выдае намёк, што ён ні ў якім разе не хоча, каб яго залічвалі да той катэгорыі насельніцтва, у атачэнні якой ён жыве. Бог ведае, наколькі яму падыгрываюць. Яго твар мае такі выгляд, як быццам жыццё, пагардліва смеючыся, ударыла па ім з усёй сілы кулаком… Між іншым, цалкам магчыма, што ён, не зведаўшы ўдараў лёсу, проста сам не спраўляецца з рэальнасцю, і пакутная падпарадкаванасць ды сарамлівасць яго паводзін ствараюць цяжкае ўражанне, што прырода абдзяліла яго той мерай раўнавагі, моцы і ўстойлівасці, якой было б дастаткова, каб існаваць з узнятаю галавою.

Калі ён, абапіраючыся на чорны кіёк, даходзіць да канца вуліцы, то зноў вяртаецца назад у сваё жыллё, і на Шэрым тракце яго сустракае дзіцячы вэрхал; ён накіроўваецца па смуроднай лесвіцы ў свой бедны, нічым не ўпрыгожаны пакой. Каштоўная і прыгожая тут толькі камода, салідная рэч у стылі ампір з металёвымі ручкамі. Перад акном, від з якога безнадзейна загароджаны шэрым мурам суседняга дома, стаіць вазон, напоўнены зямлёю, у якім, аднак, нічога не расце; што праўда, Тобіяс Міндэрнікель часам падыходзіць туды: паглядзіць на вазон ды панюхае пустую зямлю… Побач з гэтым пакоем знаходзіцца маленькая цёмная спальня… Дома Тобіяс кладзе цыліндр і кій на стол, сядае на абцягнутую зялёным канапу, якая пахне пылам, падпірае падбароддзе рукамі і з узнятымі бровамі ўтаропліваецца перад сабою ў падлогу. Здаецца, што іншага занятку для яго на зямлі няма.

Што да характару Міндэрнікеля, то меркаваць пра яго вельмі цяжка; на яго карысць, магчыма, можа сведчыць наступны выпадак. Калі гэты дзіўны чалавек аднойчы выйшаў з дому і, як звычайна, тут жа зляцелася чарада дзяцей, якія суправаджалі яго насмешлівымі выкрыкамі і рогатам, адзін хлопчык гадоў дзесяці спатыкнуўся аб нагу іншага ды так моцна ўдарыўся аб брук, што ў яго з носа і з ілба пайшла кроў; ён заплакаў і застаўся ляжаць на брукаванцы. Тобіяс адразу ж павярнуўся, заспяшаўся да хлопчыка, нахіліўся над ім і пачаў лагодным і дрыготкім голасам суцяшаць яго. "Ах ты, беднае дзіцятка, – гаварыў ён, – табе баліць? У цябе ідзе кроў! Паглядзіце, у яго з ілба цячэ кроў! Але, але, як няёмка ты тут ляжыш! Напэўна ж, яму так баліць, ён плача, бедны дзіцёнак! Як я спачуваю табе! Сам вінаваты, і ўсё ж я забінтую табе галаву сваёй насоўкай… Вось, вось! Ну, збяры сілы ў кулачок, ну, падыміся…" І з гэтымі словамі, сапраўды абвязаўшы сваёй насоўкаю хлопчыку галаву, ён асцярожна паставіў яго на ногі і сам пайшоў.

Ягоныя пастава і твар набылі ў гэты момант абсалютна іншы выраз, чым звычайна. Ён крочыў упэўнена, роўна, а грудзі пад цесным пінжаком дыхалі глыбока; яго вочы павялічыліся, яны набылі бляск і з упэўненасцю ўспрымалі людзей і рэчы, а вакол яго рота з’явілася рыса балючага шчасця…

Вынікам гэтага выпадку было тое, што колькасць дзяцей з Шэрага тракту, якія жадалі паздзекавацца з яго, спачатку крыху зменшылася. Але праз пэўны час яго нечаканыя паводзіны забыліся, і процьма здаровых, бадзёрых і жорсткіх горлаў зноў спявала ўслед прыгорбленаму і бездапаможнаму чалавеку: "Го, го, Тобіяс!"

II

Аднойчы сонечнай раніцай аб адзінаццатай гадзіне Міндэрнікель выйшаў з дому і накіраваўся цераз увесь горад наверх да Жаваранкавай гары – таго прадаўгаватага ўзгорка, які ў гадзіны папаўдні ўяўляе сабою найлепшае месца для шпацыру, але пры цяперашнім выдатным вясновым надвор’і яго і ў гэты час не абміналі некаторыя пешаходы і каляскі. Пад дрэвам вялікай галоўнай алеі стаяў мужчына з маладым паляўнічым сабакам на павадку, якога ён дэманстраваў мінакам з відавочным намерам прадаць яго; гэта была маленькая жоўтая мускулістая, прыкладна чатырохмесячная, істота з чорнымі колцамі вакол вачэй і чорным вухам.