Выбрать главу

Калі Тобіяс заўважыў іх з адлегласці дзесяці крокаў, ён спыніўся, некалькі разоў пагладзіў падбароддзе і задумліва спыніў свой позірк на прадаўцу і на бадзёрым сабачку, які весела віхляў хвастом. Пасля гэтага ён зноў рушыў наперад, абышоў, прыціснуўшы крук свайго кійка да рота, тры разы вакол дрэва, да якога прыхінуўся мужчына, потым падышоў да яго і сказаў, не спускаючы пільнага позірку з сабачкі, ціхім і паспешлівым голасам:

"Колькі каштуе гэты сабака?"

"Дзесяць марак", – адказаў мужчына.

Тобіяс памаўчаў нейкі час і потым нерашуча паўтарыў:

"Дзесяць марак?"

"Але", – адказаў мужчына.

Тады Тобіяс дастаў з кішэні свой чорны кашалёк, выцягнуў з яго купюру на пяць марак, потым яшчэ купюры па тры і дзве маркі, хуценька аддаў гэтыя грошы прадаўцу, забраў павадок і пацягнуў паспешліва, прыгнуўшыся і баязліва азіраючыся, – бо сёй-той назіраў за пакупкай і пасмейваўся – за сабою сабачку, які папіскваў і супраціўляўся. Ён супраціўляўся ўсю дарогу, упіраючыся пярэднімі лапамі ў зямлю, і пазіраў угару на свайго новага гаспадара з палахлівым запытаннем; а той цягнуў яго моўчкі, урэшце энергічна і ўдала трапіўшы цераз увесь горад на сваю вуліцу.

Сярод вулічнай дзятвы Шэрага тракту ўтварыўся жахлівы шум, калі з сабакам з’явіўся Тобіяс; ён жа ўзяў яго на рукі, нахіліўся над ім і пад кпіны й тузанне за пінжак, праз здзеклівыя выкрыкі і рогат, дасягнуў сваёй лесвіцы і па ёй – свайго пакоя. Тут ён пасадзіў сабачку, які бесперапынна павіскваў, на падлогу, добразычліва пагладзіў яго і сказаў паблажліва:

"Ну, ну, не трэба мяне баяцца, ты, істота, няма чаго…".

Пасля гэтага ён дастаў з шуфляды камоды талерку з вараным мясам і бульбаю і кінуў частку гэтага харчу сабаку, пасля чаго той перастаў віскатаць і, чмякаючы ды віхляючы хвастом, праглынуў яду.

"Між іншым, ты будзеш звацца Ісаў[38], – сказаў Тобіяс, – ты мяне разумееш? Ісаў. Табе будзе вельмі лёгка запомніць гучанне…" І паказваючы перад сабою на падлогу, ён загадным тонам крыкнуў:

"Ісаў!"

Сабака, магчыма, чакаючы дабаўкі, сапраўды наблізіўся да Тобіяса, а той ухвальна паляпаў яго па боку, прамаўляючы:

"Вось і правільна, мой сябра; можна і падхваліць".

Потым ён крыху адступіўся назад, паказаў долу і зноў загадаў:

"Ісаў!"

І сабака, зусім ажывіўшыся, зноў падскочыў сюды і пачаў лізаць боты свайго гаспадара.

Гэтае практыкаванне Тобіяс з нязменнай радасцю ад каманд ды іх выканання паўтарыў, магчыма, дванаццаць-чатырнаццаць разоў; нарэшце сабака, здаецца, змарыўся; відаць, яму захацелася адпачыць і ператравіць з’едзенае, ён лёг у прывабнай і разумнай позе, уласцівай паляўнічым сабакам, на падлогу, выцягнуў абедзве доўгія і прыгожыя пярэднія лапы, прыціснуўшы іх адна да адной.

"Ну, яшчэ раз! – выгукнуў Тобіяс. – Ісаў!"

Але Ісаў адвярнуў галаву ўбок і застаўся на месцы.

"Ісаў! – крыкнуў Тобіяс уладна, павышаным голасам, – ты мусіш падысці, нават калі змарыўся!"

Але Ісаў, паклаўшы галаву на лапы, так і не падышоў.

"Вось што, – сказаў Тобіяс, і яго тон быў напоўнены ціхай і жудаснай пагрозаю. – Слухайся мяне або ты ўведаеш, што раздражняць мяне неразумна!"

Але жывёліна нават слаба не павяла хвастом.

Тут Міндэрнікеля ахапіла невымерная, нястрымная і шалёная злосць. Ён схапіў свой чорны кій, падняў Ісава за шкірку ўверх і ўдарыў па сабачку, які гучна зароў, у той час як гаспадар у раз’юшаным шаленстве і жахліва шыпячым голасам раз за разам паўтараў:

"Што, ты не слухаешся? Ты наважыўся не слухацца мяне?"

Нарэшце ён адкінуў кій ад сябе, пасадзіў сабаку, які віскатаў, на падлогу і, цяжка дыхаючы, завёўшы рукі за спіну, вялікімі крокамі захадзіў перад ім сюды-туды, час ад часу кідаючы на Ісава ганарыстыя і злосныя позіркі. Пахадзіўшы так нейкі час, ён спыніўся каля жывёліны, якая ляжала на спіне і ўмольна махала пярэднімі лапамі, скрыжаваў рукі на грудзях і прамовіў з жудасна халодным ды жорсткім позіркам і тонам, якім Напалеон прамаўляў перад ротаю, што ў бітве страціла свой штандар:

"Як ты паводзіў сябе, дазволь мне спытаць у цябе?"

І сабака, шчаслівы ўжо ад гэтага набліжэння, падпоўз яшчэ бліжэй, прыціснуўся да нагі гаспадара і паглядзеў на яго знізу ўгору сваімі яснымі вачыма, у якіх чыталася просьба.

На працягу ладнага адрэзка часу Тобіяс разглядаў прыніжаную істоту моўчкі і зверху ўніз; аднак потым, адчуўшы кранальную цеплыню цела каля сваёй нагі, ён падняў Ісава да сябе.

"Добра, я злітуюся над табою", – сказаў ён; але калі бедная істота пачала лізаць яму твар, яго настрой раптам цалкам перайшоў у хваляванне і смутак. Ён з пакутнаю любоўю прыціснуў сабаку да сябе, яго вочы напоўніліся слязьмі, і, не дагаварыўшы, ён некалькі разоў прыціхлым голасам паўтарыў:

вернуться

38

Ісаў (іўр.: עֵשָׂו) – паводле Бібліі, першы сын Ісака і Рэбекі, брат-блізнюк Якава, родапачынальнік ідумеяў.