Выбрать главу

"Бачыш, ты ж мой адзіны… мой адзіны…" Потым ён пяшчотна паклаў Ісава на канапу, сеў побач з ім, падпёр падбароддзе далонню і пачаў глядзець на яго пяшчотнымі і ціхімі вачыма.

III

Цяпер Тобіяс Міндэрнікель выходзіў з дому яшчэ радзей, чым раней, бо ў яго не было ахвоты паказвацца з Ісавам на людзях. Усю ж сваю ўвагу ён аддаваў сабаку – зранку да вечара не займаўся нічым іншым, як толькі тым, што карміў яго, прамываў яму вочы, даваў яму загады, бэсціў яго і размаўляў з ім самым гуманным чынам. Заставалася толькі праблема, што Ісаў не заўсёды паводзіў сябе так, як бы яму хацелася. Калі сабака ляжаў побач з ім на канапе і сонна глядзеў на яго меланхалічным позіркам, бо яму не хапала паветра і волі, тады задавальненне Тобіяса было поўным: ён сядзеў у спакойнай і самазадаволенай позе і спачувальна гладзіў спінку Ісаву гаворачы:

"Ты пазіраеш на мяне пакутліва, бедалажка? Але, але, свет варты жалю, гэта адчуваеш і ты, хоць і маладзенькі яшчэ…"

Але калі сабака, аслеплены і ашалелы ад гульні й інстынкту палявання, ганяўся па пакоі, забаўляўся з чаравікам, ускокваў на крэслы і з незвычайным спрытам куляўся праз галаву, Тобіяс на адлегласці назіраў за яго рухамі разгубленым, няўхвальным і няўпэўненым поглядам і ўсмешкаю, агіднай і незадаволенай, аж пакуль не падзываў яго да сябе і не акрыкваў грубым тонам:

"Кінь гэта свавольства! Няма прычыны наладжваць скокі!"

Аднойчы нават здарылася, што Ісаў выбег з пакоя і выскачыў па сходах на волю, дзе ён адразу пачаў ганяцца за катамі, жэрці конскія яблыкі і ў найвялікшым шчасці бегаць разам з дзецьмі. Але калі пад воплескі і рогат на дварэ з балюча перакрыўленым тварам з’явіўся Тобіяс, здарылася сумнае: сабака з усіх сіл паляцеў прэч ад свайго гаспадара.

У гэты дзень Тобіяс лупцаваў яго доўга і з азвярэннем.

Аднойчы – сабака належаў яму ўжо некалькі тыдняў – Тобіяс, каб пакарміць Ісава, узяў бохан хлеба з шуфляды камоды і пачаў, прыгнуўшыся, адразаць вялікім нажом з касцяной ручкаю, якім ён звычайна карыстаўся, маленькія скібкі, і яны бесперашкодна падалі на падлогу. Жывёліна ж безразважна і ў сваёй прастаце, адчуўшы апетыт, слепа падскочыла, наляцела на нож, які назграбна трымаў гаспадар і які ў гэтае імгненне трапіў ёй пад правую лапатку; сабака ўвесь у крыві пачаў курчыцца на падлозе.

Напалоханы Тобіяс адкінуў усё ўбок і схіліўся над параненым; ды раптам выраз яго твару змяніўся, і, сапраўды, на ім з’явіўся ледзь заўважны налёт палёгкі і шчасця. Ён асцярожна перанёс сабаку, які віскатаў, на канапу, і ніхто не можа сабе ўявіць, з якою пяшчотай Тобіяс пачаў абыходзіцца з хворым. Ён увесь дзень не адыходзіў ад яго, на ноч браў яго спаць да сябе ў пасцель, ён мыў і перабінтоўваў яго, гладзіў, шкадаваў яго непадробна і ад шчырага сэрца.

"Табе вельмі баліць? – пытаўся ён. – Ага, ага, ты цяжка пакутуеш, мая бедная жывёлінка! Але спакойна, мы павінны гэта вытрываць…"

Пры гэтых словах яго твар заставаўся лагодным, маркотным і шчаслівым.

Але па меры таго як Ісаў набіраў сілы, весялеў і папраўляўся, паводзіны Тобіяса рабіліся ўсё больш неспакойнымі і незадаволенымі. Ён ужо не лічыў патрэбным пільна прыглядаць за ранаю, а толькі словамі і пагладжваннем дэманстраваў сабаку сваю дабрыню. Сабака ж пачаў хутка папраўляцца, у Ісава быў добры нораў, ён зноў пачаў перамяшчацца па пакоі, а аднойчы, калі ён выхлебтаў талерку малака з белым хлебам, то, абсалютна здаровы, саскочыў з канапы, каб з радасным цяўканнем і былой неўтаймаванасцю прабегчы па абодвух пакоях, пацягнуць за сурвэту, пагнаць перад сабою бульбіну і шчасліва перакуліцца праз галаву.

Тобіяс стаяў каля акна, побач з вазонам; адна яго рука, доўгая і хударлявая, выглядвала з выцертага рукава, механічна церабіла ў валасах, зачасаных далёка за скроні, а яго постаць чорным дзіўным адбіткам вылучалася на шэрай сцяне суседняга дома. Тобіясаў твар быў бледны і скажоны ад злосці, а яго косы, збянтэжаны, зайздрослівы і злосны позірк сачыў нерухома за выбрыкамі Ісава. Раптам ён схамянуўся, падышоў да яго, затрымаў і няспешна ўзяў на рукі.

"Мая бедная жывёлінка…" – пачаў ён гаварыць жалобным голасам, але Ісаў, адчуўшы волю, зусім не схільны, каб з ім і надалей абыходзіліся такім чынам, бадзёра хапнуў за руку, што хацела пагладзіць яго, вырваўся, скочыў на падлогу, нібы дразнячыся, кінуўся ўбок, цяўкнуў і радасна пабег прэч.

Што адбылося далей, было нечым настолькі незразумелым і ганебным, што я адмаўляюся распавядаць пра гэта падрабязна. Тобіяс Міндэрнікель стаяў з абвіслымі рукамі, крышку прыгорблены, яго вусны былі шчыльна сціснутыя, а яго вочныя яблыкі страшэнна дрыжалі ў вачніцах. А потым раптам, неяк шалёна падскочыўшы, ён схапіў жывёліну, у яго руцэ бліснуў вялікі ззяючы прадмет, і з нажавою ранай, якая спаласавала сабаку ад правага пляча глыбока ў грудзі, Ісаў зваліўся на падлогу… і не выдаў ніводнага гуку – ён проста зваліўся на бок, трасучыся, у крыві…