Выбрать главу

Практыка адваката была зусім абмежаванай; але з прычыны таго, што ён валодаў добрай маёмасцю, часткова з боку жонкі, то яны ўдваіх – між іншым, без дзяцей – займалі на Кайзэрштрасэ камфартабельны паверх і займаліся ажыўленай грамадскай дзейнасцю: толькі, як добра вядома, адпаведна схільнасцям фрау Амры, бо немагчыма ж, каб адвакат, які, як было відаць, толькі з пакутлівымі намаганнямі займаўся справамі, адчуваў сябе пры гэтым шчаслівым. Характар у гэтага таўстуна быў надзвычай дзіўны. Не было ніводнага чалавека, які б быў больш ветлівым, больш паслужлівым, больш памяркоўным у дачыненні да любога, але, магчыма, кожны, не выказваючы гэтага ўголас, меў адчуванне, што яго звышзычлівыя і ліслівыя паводзіны былі вымушанымі з пэўнай прычыны, што гэта грунтавалася на маладушнасці і няўпэўненасці, і адчуваў сябе праз гэта непрыемна закранутым. Нішто не бывае больш агідным, чым бачыць чалавека, які пагарджае самім сабою, але з баязлівасці і пыхі ўсё ж хацеў бы быць добразычлівым і падабацца; на маю думку, не інакш склаліся варункі і з адвакатам, які ў сваім амаль што рабскім самапрыніжэнні заходзіў занадта далёка, каб пры гэтым мець магчымасць захаваць неабходны асабісты гонар. Ён мог сказаць даме, якую запрашаў да стала: "Шаноўная фрау, я агідны чалавек, але ці не мелі б Вы ласку?.." І ён гаварыў гэта без кропелькі самаіроніі, горка-саладжава, вымучана і непрыемна…

Наступная пагалоска грунтуецца таксама на праўдзе. Калі адвакат аднаго разу быў на шпацыры, нейкі няўважлівы грубіян, штурхаючы тачку, балюча праехаў яму адным колам па назе. Чалавек запозна спыніў сваю тачку і павярнуўся… і тут адвакат, зусім разгублены, спалатнеў, шчокі яго задрыжалі, ён сцягнуў свой капялюш, пакланіўся і прамармытаў: "Прабачце!" Ашалець можна… Але гэты дзіўны волат, здавалася, увесь час пакутаваў ад нячыстага сумлення. Калі ён са сваёй жонкай з’яўляўся на Жаваранкавай гары, галоўным бульвары горада, то вітаўся ва ўсе бакі, кідаючы час ад часу пужлівы позірк на Амру, якая рухалася пружыністымі крокамі, і паглядаў так старанна, так баязліва і так раўніва, быццам ён гатовы пакорліва схіліцца перад кожным лейтэнантам і папрасіць прабачэння за тое, што ён, менавіта ён валодае гэтай прыгожай жанчынаю; і варты жалю выраз яго твару ствараў уражанне, што яго вусны моляць, каб з яго не кпілі.

ІI

Ужо згадвалася: з якой прычыны, шчыра кажучы, Амра пайшла замуж за адваката Якобі, дакладна невядома. Але што да яго, дык ён напраўду кахаў яе, і менавіта такім шчырым каханнем, якое, пэўна, рэдка знойдзеш сярод людзей ягонай целабудовы, прытым так пакорліва і баязліва, як гэта адпавядала ўсёй ягонай сутнасці. Часта, позна вечарам, калі ў вялікай спальні, высокія вокны якой былі завешаны фальбоністымі, у кветачку, фіранкамі, Амра ўжо была ў пасцелі, адвакат падыходзіў так ціха, што крокаў не было чутно, а толькі лёгкая вібрацыя падлогі ды мэблі да яе масіўнага ложка, апускаўся на калені і з бясконцай асцярожнасцю браў яе руку. Амра ў такіх выпадках мела звычку гарызантальна ўскідваць бровы на лоб і разглядаць моўчкі і ў пачуццёвай злосці свайго незвычайнага мужа, які кленчыў перад ёй у слабым святле начной лямпы. Ён жа, нязграбнымі і дрыготкімі рукамі асцярожна адсоўваючы кашулю з перадплечча ўверх і прыціскаючы свой жалобна тоўсты твар у мяккі сустаў гэтай поўнай смуглявай рукі там, дзе маленькія сінія жылкі вылучаюцца на цёмнай скуры, пачынаў гаварыць прыцішаным і дрыготкім голасам – так, як, шчыра кажучы, разумны чалавек у будзённым жыцці ніколі не размаўляе. "Амра! – шаптаў ён, – мая любая Амра! Я табе не перашкаджаю? Ты яшчэ не спала? О, літасцівы Божа, я ўвесь дзень думаў пра тое, якая ты прыгожая і як я цябе кахаю!.. Паслухай, што я табе хачу сказаць (як цяжка гэта выказаць!)… Я кахаю цябе так моцна, што часам сэрца маё сціскаецца, і я не ведаю, куды мне ісці; я кахаю цябе звыш маіх сілаў! Ты гэтага, магчыма, не разумееш, але ты павер мне і скажы мне хоць толькі раз, што ты мне хоць крышку ўдзячная, бо, зразумей, такое каханне, як маё да цябе, мае сваю каштоўнасць у гэтым жыцці… і што ты ніколі не здрадзіш і не падманеш мяне, калі ты нават, магчыма, не можаш кахаць мяне, але з удзячнасці, з адной толькі ўдзячнасці… я прыйшоў да цябе, каб папрасіць цябе пра гэта, так сардэчна, так шчыра, як толькі магу…" І такія прамовы звычайна сканчваліся тым, што адвакат, не мяняючы свайго становішча, пачынаў ціха і горка плакаць. Але ў гэтым выпадку Амра адчувала сябе кранутай, гладзіла рукою шчэць мужа і некалькі разоў паўтарала працяглым, суцяшальным, кплівым тонам, якім размаўляюць з сабакам, які прыходзіць, каб палізаць ногі: "Так! Так! Мой добры звер!.."