Выбрать главу

Такія паводзіны Амры не былі, вядома, паводзінамі жанчыны з добрымі манерамі. Ды і прыйшла пара, калі я магу вызваліцца ад цяжару праўды, якую я пакуль што прыхоўваў, а менавіта той праўды, што яна свайго мужа ўсё ж падманвала, што яна яму – я скажу вам – здраджвала менавіта з нейкім панам, якога звалі Альфрэд Лёйтнэр. Гэта быў здольны малады музыка, які ва ўросце дваццаці сямі гадоў сваімі вясёлымі невялічкімі кампазіцыямі ўжо набыў сабе неблагі аўтарытэт; зграбны чалавек з зухаватым выразам твару, бялявай вольнай фрызурай і сонечнай усмешкай у вачах, вельмі разумнай. Ён належаў да таго тыпу нязначных сённяшніх артыстаў, якія не вельмі шмат патрабуюць ад сябе, у першую чаргу хочуць быць шчаслівымі і прыязнымі людзьмі, карыстацца сваім прыемным невялічкім талентам, каб павышаць сваю асабістую прыязнасць і дэманстраваць грамадству сваю наіўную геніяльнасць. Свядома па-дзіцячы наіўныя, амаральныя, бессаромныя, вясёлыя, самазадаволеныя ды яшчэ даволі здаровыя, каб і ў сваіх хваробах працягваць падабацца самім сабе; іх самалюбнасць, сапраўды прыязная, пакуль яшчэ ніколі не была балюча закранутая. Але гора гэтым малым шчасліўцам ды прытворшчыкам, калі іх сустрэне сапраўднае няшчасце, пакуты, з якімі не пакакетнічаеш, у час якіх яны няздольныя больш падабацца самім сабе! Яны не ўмеюць быць няшчаснымі прыстойна, яны не будуць ведаць "што рабіць" з пакутамі, яны загінуць… Але гэта гісторыя сама па сабе… Пан Лёйтнэр займаўся сімпатычнымі рэчамі: найбольш вальсамі ды мазуркамі, забаўляльнасць якіх хоць і была крышку залішне папулярнай для таго, каб быць залічанай (наколькі я ў гэтым разбіраюся) да "музыкі", калі б кожная з гэтых кампазіцый не ўтрымлівала ў сабе маленькага, арыгінальнага месца, пераходу, устаўкі, гарманічнага павароту, нейкага маленькага нервовага ўздзеяння, якое выдавала досціп і вынаходлівасць, дзеля якіх яны, здавалася, і рабіліся, і што рабіла іх цікавымі і для сур’ёзных знаўцаў. Часта гэтыя асобныя такты ўтрымлівалі ў сабе штосьці цудоўна тужлівае і меланхалічнае, што раптам і, хутка знікаючы, звінела ў маленечкіх творах для танцавальнай залы.

Вось да гэтага маладога чалавека Анна Якобі загарэлася прыхільнасцю, вартай ганьбы, ды і ў яго не выявілася дастаткова маральных падпорак, каб супрацьстаяць яе спакусам. Пачалі сустракацца то тут, то там, і не бязвінныя стасункі даволі даўно звязвалі гэтых дваіх: стасункі, пра якія ведаў увесь горад і наконт якіх увесь горад пляткарыў за спінай адваката. А што ж ён сам? У Амры не хапала розуму, каб пакутаваць праз нячыстае сумленне і каб з гэтай прычыны выдаць сябе. Можна з упэўненасцю сказаць, што адвакат, які б цяжар трывогі і страху ні ляжаў у яго на сэрцы, не меў ніякіх пэўных падазрэнняў у дачыненні да сваёй жонкі.

ІII

І вось прыйшла вясна, поўнячы грудзі людзей радасцю, і Анне прыйшла ў галаву самая шчаслівая ідэя.

"Крысціян, – сказала яна (так Звалі адваката), – давай зладзім прыём, вялікі прыём у гонар свежага вясенняга піва… зусім проста, вядома, толькі з халоднай цяляцінай, але з вялікай колькасцю гасцей".

"Натуральна, – адказаў ён. – Але ці нельга было б гэта крышку адкласці?"

На гэта Амра не адказала, а адразу перайшла да дэталей.

"Ведаеш, будзе так шмат людзей, што нашага памяшкання тут не хопіць; нам трэба будзе арандаваць нейкую ўстанову, сад, залу непадалёку, каб мець дастаткова месца і паветра. Ты гэта павінен зразумець. У першую чаргу я думаю пра вялікую залу пана Вэндэліна, каля падножжа Жаваранкавай гары. Гэтая зала – пустая і звязана з самім дваром і браварняй толькі пераходам. Яе можна святочна ўпрыгожыць, там можна паставіць доўгія сталы і піць вясенняе піва; там можна танчыць і выконваць музыку, магчыма зладзіць і невялічкія тэтральныя імпрэзы, бо я ведаю, што там ёсць невялічкая сцэна, а гэтаму я надаю адмысловае значэнне. Карацей кажучы: прыём мусіць быць вельмі арыгінальным, і мы наладзім сабе цудоўную забаву".

Падчас гэтай размовы твар адваката крыху пажаўцеў, а куточкі яго вуснаў пачалі торгацца ў бакі. Ён сказаў:

"Я ўжо загадзя шчыра-шчыра рады, мая шаноўная Анна. Я ведаю, што магу гэта ўсё даверыць твайму спрыту. Прашу цябе: пачынай ужо рыхтавацца…"

IV

І Амра ўзялася за падрыхтоўку. Яна пачала перамовы з рознымі дамамі і панамі, яна асабіста арандавала вялікую залу пана Вэндэліна, яна нават стварыла штосьці накшталт камітэта з людзей, якія былі запрошаны ці прапанавалі сябе да ўдзелу ў вясёлых паказах, што меліся ўпрыгожваць свята… Гэты камітэт складаўся толькі з мужчын, з выняткам спявачкі, жонкі прыдворнага акцёра Гільдэбранта. А яшчэ ў яго ўваходзілі сам пан Гільдэбрант, асэсар Віцнагель, малады мастак, а яшчэ пан Альфрэд Лёйтнэр ды некалькі студэнтаў, якія былі ўключаны асэсарам і меліся выконваць негрыцянскія танцы.