Выбрать главу

Ужо праз восем дзён пасля таго, як Амра прыняла рашэнне, гэты камітэт сабраўся на сваю нараду на Кайзэрштрасэ, у салоне Анны – маленькім, цёплым і запоўненым памяшканні, абсталяваным тоўстым дываном, атаманкай з мноствам падушак, пальмай-пальмірай, англійскімі абабітымі скурай крэсламі, сталом чырвонага дрэва з выгнутымі ножкамі, на якім ляжалі плюшавая сурвэта і шмат шыкоўных мастацкіх рэчаў. Камін тут таксама быў – яшчэ зусім цёплы; на чорнай каменнай пліце стаялі некалькі талерак з бутэрбродамі, шклянкі і два графіны з херэсам… Анна ляжала, лёгка закінуўшы ногі адна на адну, у падушках атаманкі, што стаяла ў цені пальмы і была цудоўнай, як цёплая ноч. Блузка са светлага і лёгкага шоўку ахінала яе грудзі; а яе спадніца была з цяжкай, цёмнай, вышытай вялікімі кветкамі тканіны; час ад часу яна рукою адкідала з вузкага лба каштанавую хвалю валасоў… Фрау Гільдэбрант, спявачка, таксама сядзела побач з ёй на атаманцы; яна была рудавалосая і апранутая ва ўбор вершніцы. Насупраць жа гэтых дзвюх цесным паўколам паселі мужчыны, а ў самым цэнтры сярод іх – адвакат, для якога знайшлося толькі вельмі нізкае скураное крэсла, і ён, у адрозненне ад іншых, выглядаў жахліва няшчасным; час ад часу ён глыбока ўздыхаў і каўтаў, як быццам змагаўся з ванітаваннем, якое падступае… Пан Альфрэд Лёйтнэр, апрануты ў касцюм для лаўн-тэніса[39], адмовіўся ад крэсла і стаяў, прыхіліўшыся – прыгожы і вясёлы – да каміна; ён запэўніваў, што не можа доўга спакойна сядзець на адным месцы.

Пан Гільдэбрант мілагучным голасам разважаў пра англійскія песні. Гэта быў вельмі салідны, ладна апрануты ў чорнае мужчына з галавою Цэзара і ўпэўненымі паводзінамі – адукаваны прыдворны акцёр, з выдатнымі ведамі і тонкім густам. Ён любіў ганіць у сур’ёзных размовах Ібсэна, Заля і Талстога, у якіх, маўляў, былі аднолькавыя непрыстойныя мэты; але сёння ён з зычлівай паблажлівасцю займаўся малазначнаю справай.

"Магчыма, шаноўныя ведаюць выдатную песню "That’s Maria"?! – прамовіў ён. – Яна крышку пікантная, але незвычайнай сілы ўздзеяння. Ды, магчыма, яшчэ адна – знакамітая…" І ён прапанаваў яшчэ некалькі песень, наконт якіх усе ўрэшце прыйшлі да агульнай думкі, а фрау Гільдэбрант выказала згоду выканаць іх… Малады мастак, чалавек з абвіслымі плячыма і бялявай вострай бародкаю, павінен быў спарадзіраваць фокусніка, а пан Гільдэбрант меў намер паказваць славутасцей… Адным словам, усё ішло найлепшым чынам, і калі праграма, здавалася, была ўжо гатовая, пан асэсар Віцнагель, які валодаў элегантнымі рухамі і меў шмат дуэльных шрамаў, раптам узяў слова:

"Цудоўна, шаноўныя, усё абяцае сапраўды выдатныя забавы. Толькі я не магу не сказаць штосьці яшчэ. Мне здаецца, што нам яшчэ чагосьці не хапае, а менавіта – галоўнага нумара, бліскучага нумара, цвіка, кульмінацыі… чагосьці неверагоднага, сапраўды ашаламляльнага, жарта, які ўздыме вясёлы настрой на самую вяршыню… карацей кажучы, не бяру на сябе, у мяне няма нейкай асаблівай ідэі, але паводле маіх адчуванняў…"

"У прынцыпе так яно і ёсць! – адгукнуўся ад каміна сваім тэнарам пан Лёйтнэр. – Віцнагель кажа слушна. Вельмі хацелася б мець галоўны і заключны нумар… Давайце падумаем…" І некалькімі шпаркімі рухамі папраўляючы свой чырвоны пояс, ён запытальна паглядзеў вакол сябе. Выраз яго твару быў сапраўды зычлівым.

"Што ж, – прамовіў пан Гільдэбрант, – калі з’яўленне славутых асоб не лічаць кульмінацыяй…"

Усе падтрымалі асэсара. Палічылі, што добры жартоўны нумар заўсёды жаданы. Нават адвакат згодна кіўнуў і ціха сказаў: "Сапраўды… штосьці надзвычай вясёлае…" Усе заглыбіліся ў роздум.

І ў канцы гэтай паўзы ў размове, якая доўжылася амаль хвіліну і перапынялася толькі кароткімі воклічамі-развагамі, адбылося дзіўнае. Амра сядзела, абапіраючыся на падушкі атаманкі, і шпарка, як мышка, грызла востры пазногаць свайго мезенца, а яе твар у гэты час вызначаўся адмысловым выразам. Яе вусны былі складзены ў лёгкую ўсмешку, амаль адсутную і ненармальную ўсмешку, якая сведчыла пра балючую і адначасова жорсткую пажадлівасць, а яе вочы, шырока адкрытыя і з нездаровым бляскам, паволі павярнуліся да каміна, дзе яны на імгненне сустрэліся з позіркам маладога музыкі. Але потым рэзкім рухам яна падалася ўсім тулавам у бок да свайго мужа, да адваката, і, сплёўшы далоні на каленях і ўтаропіўшыся неадрыўным і пранізлівым позіркам яму ў твар, сама заўважна спалатнеўшы, загаварыла гучным і павольным голасам:

вернуться

39

Лаўн-тэніс – гульня ў тэніс дзвюма партыямі.