Выбрать главу

"Крысціян, я прапаную, каб ты на заканчэнне выступіў як спявачка ў чырвонай шоўкавай дзіцячай сукенцы і станчыў нам што-небудзь…"

Уздзеянне гэтых некалькіх слоў было незвычайным. Малады мастак паспрабаваў дабрадушна засмяяцца, у той час як пан Гільдэбрант з застылым, як камень, тварам пачаў здымаць пушынкі з рукава, студэнты закашлялі і пачалі непрыстойна гучна высморквацца ў свае насоўкі, фрау Гільдэбрант моцна зачырванелася, што здаралася нячаста, а асэсар Віцнагель проста падаўся прэч, каб узяць сабе бутэрброд. Адвакат застыў у пакутлівай позе на сваім нізкім крэсле і з пажаўцелым тварам ды палахлівай усмешкаю азіраўся ляпечучы:

"О Божа… я… мусіць няздольны… быццам я… не…прабачце мне…"

Твар Альфрэда Лёйтнэра страціў сваю бестурботнасць. Ён як быццам крышку пачырванеў, і, выцягнуўшы галаву наперад, глядзеў у вочы Амры разгублена, не разумеючы, запытальна…

А яна, Амра, не змяняючы сваёй упартай позы, з той жа настойлівай інтанацыяй працягвала гаварыць:

"А канкрэтна ты, Крысціян, павінен выканаць песню, якую напіша пан Лёйтнэр, і пры гэтым ён будзе табе акампанаваць на фартэпіяна; і гэта будзе найлепшай і самай дзейснай кульмінацыяй нашага свята".

Утварылася паўза, гнятлівая паўза. Аднак потым, зусім нечакана, здарылася дзіўнае: пан Лёйтнэр, быццам заражаны, захоплены ідэяй і ўсхваляваны, зрабіў крок наперад і, адчуваючы дрыжыкі ад своеасаблівага зачаравання, пачаў хутка гаварыць:

"Далібог, пан адвакат, я гатовы, я заяўляю, што я гатовы напісаць Вам што-небудзь… Вы павінны праспяваць гэта, Вы павінны станчыць… Гэта, толькі гэта – магчымая кульмінацыя свята… Вы пабачыце, Вы пабачыце… Гэта будзе самым лепшым з таго, што я калі-небудзь рабіў і што яшчэ зраблю… У чырвонай шоўкавай дзіцячай сукенцы! Ах, Ваша фрау жонка – мастачка, мастачка, кажу я Вам! Інакш яна не змагла б дадумацца да такога! Дайце згоду, я малю Вас, пагаджайцеся! Я нешта сатвару, я нешта зраблю… Пабачыце…"

Тут усе разняволіліся, пачаўся агульны рух. Ці то са злосці, ці то з ветлівасці – усе рынуліся да адваката з просьбамі, а фрау Гільдэбрант нават не ўтрымалася, каб сваім голасам Брунгільды[40] вельмі гучна не прамовіць: "Пан адвакат, Вы ж увогуле вясёлы і цікавы чалавек!" Але і ён сам, адвакат, яшчэ крыху пажаўцелы ў твары, знайшоў словы, каб даволі рашуча вымавіць:

"Паслухайце мяне, шаноўныя… Што мне Вам сказаць? Я не здольны, паверце мне. У мяне не хапае камічнага таленту і, акрамя таго… адным словам, не, гэта, на жаль, немагчыма…"

Ён упарта стаяў на сваёй нязгодзе, а з той прычыны, што Амра больш у размову не ўмешвалася, а сядзела, адкінуўшыся назад, з даволі абыякавым выразам твару, ды і пан Лёйтнэр не вымавіў больш ні слова, а нерухомым позіркам утаропіўся ў разглядванне арабескі на дыване, то пану Гільдэбранту ўдалося надаць размове іншы напрамак, і неўзабаве пасля гэтага ўсе разышліся без прынятага рашэння ў гэтай справе…

Аднак вечарам таго самага дня, калі Амра пайшла спаць і ляжала з расплюшчанымі вачыма, увайшоў, цяжка ступаючы, муж, падцягнуў да яе ложка крэсла, апусціўся на яго і прамовіў ціха і нерашуча:

"Слухай, Амра, калі быць шчырым, то мяне прыгнятае сумненне. Калі я сёння шаноўнаму панству адказаў занадта рэзка адмоўна, калі я пакрыўдзіў іх… бачыць Бог, што гэтага не было ў маіх намерах! Ці ты сур’ёзна мяркуеш… Я прашу цябе…"

Амра нейкую хвілю маўчала, а яе бровы ў гэты час паволі ўздымаліся на лоб. Потым яна паціснула плячыма і сказала:

"Я не ведаю, што табе адказаць, мой сябра. Ты паводзіў сябе так, як я ніколі не чакала ад цябе. Ты адмовіўся, ужываючы няветлівыя словы, падтрымаць выступы сваім удзелам, які, што павінна было б толькі цешыць цябе, усе палічылі неабходным. Ты расчараваў увесь свет, мякка кажучы, самым непрыстойным чынам, і сваёй грубай непамяркоўнасцю ты расстроіў усё свята, у той час калі яно было тваім святым абавязкам як гаспадара…"

Адвакат звесіў галаву і, цяжка дыхаючы, сказаў:

"Не, Амра, я не хацеў быць непамяркоўным, павер мне. Я не хачу нікога пакрыўдзіць і ні ў кога выклікаць незадавальненне, і калі я паводзіў сябе брыдка, то я гатовы выправіць гэта. Гаворка ж ідзе пра жарт, маскарад, бяскрыўдны гумар… чаму не? Я не хачу псаваць свята, я пагаджаюся…"

Назаўтра пад вечар Арма зноў зрабіла выезд, каб зрабіць "пакупкі". Яна спынілася на Гольцштрасэ № 78 і паднялася на трэці паверх, дзе яе ўжо нават чакалі. І калі, лежачы і растварыўшыся ў каханні, яна прыціскала яго галаву да сваіх грудзей і з жарсцю шаптала:

"Зрабі гэта для чатырох рук, ці чуеш! Мы з табою будзем акампанаваць яму ў час яго спеваў і танцаў. Я, я паклапачуся пра ўбор".

вернуться

40

Брунгільда – дзейная асоба з оперы Рыхарда Вагнера "Пярсцёнак Нібелунгаў".