Выбрать главу

І дзіўныя дрыжыкі разам са здушаным, сутаргавым смяшком прабеглі па целах абаіх…

V

Усім, хто жадае наладзіць свята, забаву высокага кшталту на свежым паветры, у першую чаргу варта рэкамендаваць маёнтак пана Вэндэліна ў ваколіцах Жаваранкавай гары. З прывабнай Прыгараднай вуліцы цераз высокую кратаваную браму трапляеш у сад-парк, які належыць да маёнтка і пасярэдзіне якога месціцца вялікая зала для ўрачыстасцей. Гэтая зала, злучаная толькі адным вузкім калідорам з рэстаранам, кухняй і піваварняй, пабудаваная са страката размаляванага дрэва ў пацешнай мешаніне кітайскага стылю з рэнесансам, мае вялікія двухстворкавыя дзверы, якія ў пагодныя дні можна трымаць адчыненымі, каб дыхаць водарам дрэў. Зала разлічана на вялікую колькасць людзей.

Сёння карэты, якія пад’язджалі, ужо здалёку заўважалі, што іх віталі каляровым мігценнем, бо ўсе кра́ты, садовыя дрэвы і сама зала былі густа ўпрыгожаны стракатымі лямпачкамі, а што да залы ўсярэдзіне, то яна сапраўды ажно свяцілася радасным выглядам. Пад столлю цягнуліся яркія гірлянды, на якіх, у сваю чаргу, былі замацаваны шматлікія папяровыя ліхтарыкі, хоць сярод аздобы сцен, якая складалася са сцяжкоў, зялёных галінак і штучных кветак, ззялі шматлікія электрычныя лямпачкі, асвятляючы залу самым яскравым бляскам. У яе канцы месцілася сцэна, па баках якой стаялі лісцевыя расліны, а на яе чырвонай заслоне лунаў намаляваны мастакоўскай рукою Геній[41]. А з другога канца залы амаль да самай сцэны цягнуліся ўпрыгожаныя кветкамі сталы, за якімі ўтульна пачувалі сябе, спажываючы вясенняе піва і цяляціну, госці адваката Якобі: юрысты, афіцэры, купцы, мастакі, высокія чыноўнікі ды іх жонкі і дочкі – больш за сто двадцаць асоб шаноўнага панства сама меней. Яны былі апранутыя зусім проста – мелі чорныя пінжакі або амаль што светлыя вясновыя ўборы, бо сёння панаваў закон – вясёлая нязмушанасць. Мужчыны самі бегалі з куфлямі да вялікіх бочак, выстаўленых каля адной з бакавых сцен, і ў прасторным, стракатым і светлым памяшканні, напоўненым саладкаватым і задушлівым святочным пахам елак, кветак, людзей, піва і страў, гудзела і шумела брыньканне, гучныя і простыя размовы, звонкі, ветлівы, ажыўлены і бестурботны смех усіх гэтых людзей… Адвакат сядзеў, няўклюдны і бездапаможны, у канцы стала, недалёка ад сцэны, піў няшмат і час ад часу звяртаўся, з цяжкасцю выціскаючы з сябе словы, да сваёй суседкі, жонкі ўрадавага радцы Гавэрмана. Ён незадаволена дыхаў ротам з адвіслымі куткамі вуснаў, а яго прыпухлыя смутна-вадзяністыя вочы глядзелі нерухома і з сумнай адчужанасцю ў сярэдзіну ўсяго гэтага гармідару, нібы ў гэтым святочным смуродзе, у гэтай шумнай весялосці ёсць нешта невыказна жалобнае і незразумелае.

Прынеслі вялізныя торты, пад якія пачалі піць салодкія віны і казаць прамовы. Пан Гільдэбрант, прыдворны акцёр, ухваляў вясенняе піва ў прамове, якая цалкам складалася з класічных цытат, нават з грэчаскіх, а асэсар Віцнагель прамаўляў тост з ласкавымі жэстамі, у вытанчанай манеры звяртаючыся да прысутных дам, беручы з бліжэйшай ва́зы і проста з сурвэты на стале жменю кветак, і кожную з іх параўноваў з якою-небудзь дамай. А Амра Якобі, якая сядзела насупраць яго ў строі з тонкага жоўтага шоўку, была названая "прыгажэйшай сястрой чайнай ружы".

Адразу пасля гэтага яна правяла рукою па сваіх мяккіх валасах, узняла бровы і сур’ёзна кіўнула свайму мужу, пасля чаго таўстун устаў і ледзьве не сапсаваў увесь настрой, калі па-свойму няўклюдна з агіднай усмешкай прамармытаў колькі нікчэмных слоў… Пачулася толькі некалькі фальшывых воклічаў "брава", і на нейкі момант усталявалася гнятлівае маўчанне. Аднак адразу ж пасля гэтага зноў запанавала весялосць, пачалі ўжо на падпітку курыць і ўставаць, і з вялікім шумам уласнаручна выносіць сталы з залы, бо прыйшла пара́ танцаў.

Ужо было пасля адзінаццаці гадзін, публіка адчула сябе зусім разняволенаю. Адна частка гасцей падалася ў асветлены рознакаляровымі агнямі сад, каб падыхаць свежым паветрам, тады як другая засталася ў зале, разбілася на групкі, курыла, размаўляла, налівала піва, піла стоячы… Тут са сцэны рэзка зазвінеў гук трубы, заклікаючы ўсіх у залу. Музыкі – смычковыя і духавыя – сабраліся і расселіся за заслонаю; шэрагі крэслаў, на якіх ляжалі чырвоныя праграмкі, зноў былі расстаўлены, і дамы прыселі, мужчыны пасталі за імі ці абапал іх. Запанавала цішыня напружанага чакання.

Потым аркестрык зайграў шумную ўверцюру, заслона паднялася – і, бач! – ужо навідавоку стаяла нейкая колькасць агідных неграў, у крыклівых касцюмах і з чырвонымі, як кроў, вуснамі; яны шчэрылі зубы, а потым пачалі варварскі лямант… Гэтыя паказы і ўтваралі ў сапраўднасці кульмінацыю свята Амры. Пачуліся радасныя воплескі, і нумар за нумарам удала скампанаваная праграма развівалася далей: фрау Гільдэбрант выйшла ў напудраным парыку, грукнула доўгім кіем аб падлогу і немым голасам заспявала: "That’s Maria!" З’явіўся штукар у фраку, аблепленым ордэнамі, каб прадэманстраваць самае дзіўнае; пан Гільдэбрант паказаў да жаху падобнымі Гётэ, Бісмарка і Напалеона, а рэдактар доктар Візэншпрунг у апошні момант выступіў з гумарыстычным дакладам на тэму "Сацыяльнае значэнне веснавога піва". Аднак пры канцы паказу напружанне дасягнула сваёй вяршыні, бо наперадзе быў апошні нумар, гэты таямнічы нумар, які ў праграме быў абрамлены лаўровым вянком і меў загаловак: "Луізхен. Песні і танцы. Музыка Альфрэда Лёйтнэра".

вернуться

41

Геній (адно са значэнняў) – у рымскай міфалогіі: асабісты дух-ахоўнік.