Выбрать главу

У зале заварушыліся, і ўсе позіркі сышліся ў адной кропцы, калі музыкі адставілі ўбок свае інструменты і пан Лёйтнэр, які дагэтуль моўчкі стаяў, прыхіліўшыся да вушака з абыякава заціснутай у роце цыгарэтай, разам з Амрай Якобі сеў за фартэпіяна, якое стаяла пасярэдзіне перад заслонаю. Яго твар пачырванеў, ён нервова гартаў напісаныя ноты, а Амра, наадварот, крыху збляднелая, у гэты час, паклаўшы руку на спінку крэсла, глядзела насцярожаным позіркам на публіку. Потым рэзка зазвінеў званок, і ўсе шыі напружана выцягнуліся. Пан Лёйтнэр і Амра прайгралі некалькі тактаў нявіннага ўступу, заслона паднялася, з’явілася Луізхен.

Хваля разгубленасці і анямення пракацілася па натоўпе гледачоў, калі гэтая вартая жалю і агідна прыбраная аграмадзіна цяжкімі мядзведжымі крокамі выйшла на сцэну. Гэта быў адвакат. Шырокая, гладкая сукенка з блакітна-чырвонага шоўку, якая спадала аж да падлогі, ахоплівала яго бясформенную фігуру, і гэтая сукенка мела дэкальтэ, якое агідна адкрывала позіркам яго груба напудраную шыю. Рукавы на плячах таксама былі упрыгожаныя кароткімі буфамі, а доўгія светла-жоўтыя пальчаткі былі нацягнуты на тоўстыя і мускулістыя перадплеччы, а на галаве сядзеў высокі белы завіты парык з зялёным пяром, якое матлялася сюды-туды. А з-пад гэтага парыка выглядваў жоўты, асізлы, няшчасны і адчайна бадзёры твар, шчокі якога ўвесь час вартым жалю чынам падрыгвалі ўверх-уніз, а маленькія, абведзеныя чырвоным вочкі, нічога не бачачы, былі напружана ўтаропленыя на падлогу; сам таўстун цяжка пераступаў з нагі на нагу, прычым ён ці дзвюма рукамі трымаў сваю сукенку, ці слабымі рухамі ўздымаў угару абодва ўказальныя пальцы – іншых жэстаў ён не ведаў; прыглушаным голасам, які перабіваўся кашлем, ён пад гукі піяніна выконваў нейкую пашлаватую песеньку…

Ці не выклікала гэтая вартая жалю постаць больш, чым калі-небудзь, халоднае адчуванне няшчасця, якое забівала любую нязмушаную весялосць і ціснула, як неадольны цяжар балючай тугі, на ўсю гэтую кампанію?.. Сапраўдны жах месціўся глыбока на дне ўсіх шматлікіх вачэй, якія, як загіпнатызаваныя, былі накіраваны на гэтую сцэну, на гэтую па́ру за піяніна, і на гэтага мужа там наверсе… Маўклівы, нечуваны скандал цягнуўся, мусіць, пяць доўгіх хвілін…

Але потым настаў момант, які ніводзін тут прысутны не забудзе праз усё сваё жыццё. Давайце ўявім сабе, што ж адбылося у гэты кароткі, жудасны і складаны адрэзак часу.

Усе ведаюць смешную прыпеўку пад назвай "Луізхен", і вы, напэўна, памятаеце радкі:

"І танец вальс, і танец полькуНіхто, як я, не танчыў, не.Так, я Луізхен. Колькі ж, колькіБыло вас, хто кахаў мяне?…" —

гэтыя непрыгожыя і легкадумныя рыфмаваныя словы, рэфрэн трох даволі доўгіх строф. І вось пры пераапрацоўцы гэтых слоў Альфрэд Лёйтнэр паказаў сваё майстэрства, уключыўшы на свой манер у тканіну вульгарнага і смешнага вырабу нечаканы ўрывак высокай музыкі. Мелодыя, якая рухалася ў до-дыез, гучала ў першых строфах даволі сімпатычна і абсалютна банальна. У пачатку цытаванага рэфрэна такт зрабіўся больш ажыўленым і з’явіліся дысанансы, якія пастаянным падкрэсліваннем "сі" выклікалі чаканне пераходу на фа-дыез мажор. Гэтыя дысгармоніі ўскладняліся да слова "танчыў", а пасля "я Луізхен", што давяршала развіццё і напружанне, у пераходзе на "фа" павінна было прыйсці разняволенне. Замест гэтага здарылася самае нечаканае. Бо з прычыны рэзкага павароту, дзякуючы амаль геніяльнай ідэі, танальнасць тут раптам перайшла на "фа", і гэтая ўстаўка, якая загучала пасля задзейнічання абедзвюх педалей асабліва працягла на другім складзе слова "Лу-і-і-зхен", мела неапісальны, абсалютна нечуваны эфект! Гэта быў абсалютна ашаламляльны выпад, жорсткае казытанне нерваў, ад якога мурашкі забегалі па спіне, гэта быў цуд, агаленне, у сваёй нечаканасці амаль жорстае зняцце ўсякага покрыва, заслона, якая рвецца…