Выбрать главу

І пры гэтым "фа"-акордзе адвакат Якобі спыніў свой танец. Ён стаяў моўчкі, ён стаяў пасярэдзіне сцэны як укапаны, усё яшчэ ўзняўшы ўгару ўказальныя пальцы – адзін крыху ніжэй, чым другі; гук "і" з "Луізхен" адняў у яго мову, ён знямеў, калі амаль адначасова рэзка абарвалася і музыка акампанементу, гэтая фантастычная і агідна смешная істота там наверсе глядзела, утаропіўшыся, па-звярынаму набычыўшы галаву, запаленымі вачыма проста перад сабою. Якобі ўзіраўся ў гэтую прыбраную, светлую і поўную людзей святочную залу, у якой, як выпарэнні ўсіх гэтых людзей, вісеў скандал, амаль што згусціўшыся ў атмасферу… Ён узіраўся ва ўсе гэтыя ўзнятыя, скрыўленыя і рэзка асветленыя твары, у гэтыя сотні вачэй, якія яны з увагаю звярнулі з аднолькавым выразам разумення на тую пару ўнізе перад ім і на яго самога… У той час калі на ўсіх насунулася цішыня, ён перавёў свае ўсё яшчэ пашыраныя вочы з публікі на гэтую пару… Здаецца, на яго твары раптам прамільгнула іскрынка разумення, кроў хваляй накацілася ў гэты твар, і ён, набухлы, зрабіўся чырвоным, як ягоная шоўкавая сукенка, а потым зноў зрабіўся васкова-жоўтым… І гэты тоўсты чалавек абрынуўся вобзем, так што пад ім затрашчалі дошкі.

…На працягу нейкай хвіліны захоўвалася цішыня; потым пачуліся гучныя крыкі, пачалася мітусня, некалькі смелых мужчын, у тым ліку малады лекар, паўскоквалі з аркестра на сцэну, заслона апусцілася…

Амра Якобі і Альфрэд Лёйтнэр сядзелі, адвярнуўшыся адно ад аднаго, не адыходзячы ад піяніна. Ён, схіліўшы галаву, здавалася, яшчэ прыслухоўваўся да адгалоскаў свайго "фа"; яна, яшчэ няздольная сваім вераб’іным розумам зразумець, што адбылося, азіралася з абсалютна пустым выразам твару…

Неўзабаве пасля гэтага ў зале зноў з’явіўся малады лекар, невысокага росту яўрэй з сур’ёзным тварам і востраю бародкай. Тым прысутным, што атачылі яго каля дзвярэй, ён адказаў, паціснуўшы плячыма:

"Усё".

Адзежная шафа

Было пахмурна, змрочна і холадна, калі хуткі цягнік Берлін—Рым заехаў пад дах невялікага перона. У адным з купэ першага класа з карункавымі накідкамі на шырокіх плюшавых крэслах, прачнуўшыся, падняўся на ногі самотны пасажыр – Альбрэхт ван дэр Квален. Ён адчуў у роце нядобры прысмак, і наогул ва ўсім ягоным целе панавала не вельмі прыемнае адчуванне, якое было выклікана прыпынкам пасля працяглага руху цягніка, заціханнем рытмічнага пастуквання колаў, цішынёю, сярод якой шумы знадворку, воклічы і сігналы неяк дзіўна рэзалі вуха… Гэтае адчуванне падобнае да працверажэння з ап’янеласці, ачуньвання пасля непрытомнасці. Нашы нервы знянацку пазбаўляюцца звыклай ужо апоры, рытму, і раптам яны адчуваюць сябе зусім разладжанымі і занядбанымі. І гэта даецца ў знакі яшчэ мацней, калі мы адначасова прачынаемся з тупога сну ў час язды ў вагоне.

Альбрэхт ван дэр Квален лёгка пацягнуўся, падышоў да акна і апусціў шыбу. Ён пачаў разглядаць, што робіцца абапал цягніка. Каля паштовага вагона мужчыны займаліся пагрузкай і разгрузкай пасылак. Лакаматыў свіснуў некалькі разоў, лёгка чыхнуў ды прашыпеў, потым супакоіўся і далей паводзіў сябе ціха; але ён быў падобны да каня, які стаіць, б’ючы яшчэ дрыготкімі капытамі, стрыжэ вушамі і нецярпліва чакае знаку, каб зноў таргануцца з месца. Рослая і тоўстая дама ў доўгім дажджавіку з надзвычай заклапочаным тварам увесь час з цяжкасцю перамяшчала ўздоўж вагонаў шматкілаграмовую дарожную сумку, штурхаючы яе каленам перад сабою; моўчкі, загнана, з вачыма, напоўненымі страхам. Яе верхняя губа, якую яна моцна выстаўляла наперад і на якой праступілі маленечкія кроплі поту, кранала неяк адмыслова.

"Ах ты, мілая, бедалажка! – падумаў сабе ван дэр Квален. – Каб жа я мог табе дапамагчы, даць прытулак, супакоіць, хоць бы толькі дзеля тваёй верхняй губы! Але кожны сам па сабе, так усё ўпарадкавана, і я, каму ў гэты момант зусім няма чаго баяцца, стаю тут і гляджу на цябе, як на таго жучка, які бездапаможна ляжыць на спіне".

Знадворку, на сціплым крытым пероне, панаваў змрок. Што цяпер было – вечар ці раніца? Яму гэта было невядома. Ён праспаў, і нельга было вызначыць, колькі ён спаў – дзве, пяць ці дванаццаць гадзін. Ці ж не здарылася так, што ён спаў суткі і даўжэй, не прачынаючыся, глыбокім сном, надзвычай глыбокім?.. Ван дэр Квален быў у цёмна-карычневым зімовым паўпаліто з аксамітным каўняром. Паводле яго рыс твару вельмі цяжка было вызначыць ягоны ўзрост: можна было толькі вагацца паміж 25 і 30 з гакам. У яго была жаўтаватая скура, а вочы былі палымяна-чорныя, як вуглі, і глыбока зацененыя. Гэтыя вочы не абяцалі нічога добрага. Розныя дактары падчас сур’ёзных і па-мужчынску адкрытых размоў прадказвалі яму не больш за некалькі месяцаў… Між іншым, яго цёмныя валасы былі ўкладзены на бакі ў косы прабор.