Выбрать главу

Дзверы на паверсе таксама былі вельмі сціплыя, зашклёныя малочна-матавымі шыбамі, перад якімі былі размешчаны драцяныя сеткі, і сям-там можна было ўбачыць прозвішчы. Лесвічныя пляцоўкі былі асветлены керасінавымі лямпамі. А на чацвёртым паверсе (гэта быў апошні, а над ім – кладоўка) налева і направа ад лесвіцы вялі дзверы: звычайныя, рудаватыя дзверы ў пакоі; тут прозвішчаў відаць не было. Ван дэр Квален дайшоў да сярэдзіны і пацягнуў за масянжовую ручку званка… Званок зазваніў, але з сярэдзіны не пачулася ніякага руху. Ён пастукаў злева. Ніякага адказу. Ён пастукаў справа… Пачуліся павольныя, лёгкія крокі, і дзверы адчыніліся.

Гэта была жанчына, вялікая, хударлявая дама, старая і даўгалыгая. Яна была ў каптуры з вялікім бантам матава-ліловага колеру і ў старасвецкай закрытай чорнай сукенцы. У яе аказаўся запалы птушыны твар, а на лбе можна было ўбачыць нешта чужароднае накшталт мохападобнай расліннасці. Гэта выглядала даволі брыдка.

"Добры вечар, – сказаў ван дэр Квален. – Пакоі…"

Старая дама кіўнула галавою: яна ківала і ўсміхалася павольна, моўчкі і з поўным разуменнем, потым прыгожаю белай доўгай рукою паказала, скрывіўшы няспешную, стомленую і высакародную грымасу, на супрацьлеглыя дзверы злева. Потым яна вярнулася назад і зноў з’явілася з ключом. "Ну паглядзі ты, – падумаў ён, стоячы за яе спінай, пакуль яна адчыняла. – Вы ж падобная да прывіду, як гераіня з казкі Гофмана, шаноўная спадарыня…" Яна зняла лямпу-газоўку з крука і дазволіла яму ўвайсці.

Гэта было невялікае, нізкае памяшканне з карычневай падлогаю, сцены былі абабітыя да самага верху матамі колеру саломы. Акно ў тыльнай сцяне справа было захінутае доўгімі, роўнымі фальбонкамі белай муслінавай гардзіны. Белыя дзверы ў суседні пакой былі праваруч.

Старая дама адчыніла і ўзняла лямпу ўгору. Гэты пакой быў зусім пусты, з голымі белымі сценамі, на фоне якіх вылучаліся тры плеценыя крэслы, лакіраваныя светла-чырвоным колерам, як трускалкі ў смятане. Адзежная шафа, камода-рукамыйнік і люстэрка… Ложак, надзвычай магутны прадмет мэблі з чырвонага дрэва, вольна стаяў пасярэдзіне пакоя.

"Вы маеце што-небудзь супраць?" – спыталася старая дама і сваёй прыгожаю доўгай белай рукою лёгка правяла па мохавай расліннасці на лбе… Было ўражанне, што яна гаворыць гэта ненаўмысна, як быццам не можа згадаць больш звыклай фразы для гэтага моманту. Яна адразу ж дадала: "Так бы мовіць…"

"Не, я нічога не маю супраць, – сказаў ван дэр Квален, – "пакоі абстаўлены даволі арыгінальна. Я здыму іх… Я хацеў бы, каб нехта забраў з вакзала мае рэчы, вось квіток. Будзьце ласкавы, дайце распараджэнні, каб прывялі ў парадак пасцель, начны столік… каб далі мне зараз жа ключы ад дома і ад паверха… ды яшчэ… забяспечце мяне парай ручнікоў… Я хацеў бы крышку прывесці сябе ў парадак, а потым накіравацца ў горад пад’есці і зноў вярнуцца".

Ён дастаў з сумкі нікеірваны карабок, забраў з яго мыла і пачаў асвяжаць каля рукамыйніка твар і рукі. Пры гэтым час ад часу ён пазіраў праз моцна скляпеністыя шыбы глыбока ўніз, на забруджаныя прыгарадныя вуліцы ў газавым святле, на дугавыя лямпы і вілы… Выціраючы рукі, ён падышоў да адзежнай шафы. Гэта была чатырохкантовая, карычневага колеру, крышку хісткая рэч з прастадушна ўпрыгожаным верхам, і яна стаяла пасярэдзіне правай бакавой сцяны якраз у нішы другіх, белых, дзвярэй, што павінны былі весці ў памяшканні, да якіх са знешняй лесвіцы доступ утваралі галоўная і сярэдняя дзверы. "Сёе-тое на свеце наладжана добра, – падумаў ван дэр Квален. – Гэтая шафа добра пасуе да нішы дзвярэй, быццам яна для гэтага і зроблена…" Ён адчыніў… Шафа была абсалютна пустая, з шэрагамі кручкоў на столі; але выявілася, што гэты салідны прадмет мэблі не меў задняй сценкі, а быў завешаны шэрай тканінай, звычайнай грубай дзяругай, замацаванай за чатыры рагі цвікамі ці іголкамі…