Выбрать главу

Ван дэр Квален зачыніў шафу, узяў капялюш, зноў падняў каўнер паліто, патушыў свечку і выйшаў. Калі ён ішоў цераз пярэдні пакой, яму здалося, што акрамя сваіх крокаў ён чуе побач, у тых іншых памяшканнях, нейкі звон, ціхі, высокі металёвы звон… але не быў упэўненым, ці не самападман гэта. "Быццам залаты пярсцёнак падае ў срэбную пасудзіну", – падумаў ён, замыкаючы жыллё, потым пайшоў па сходах уніз, выйшаў з дома і знайшоў дарогу ў горад.

У ажыўленым горадзе ён знайшоў асветлены рэстаран і сеў за адзін з пярэдніх сталоў, павярнуўшыся спінаю да ўсяго вонкавага свету. Ён з’еў суп з гародніны з падсмажаным хлебам, біфштэкс з яйкам, выпіў кампот, пакаштаваў віна, потым заеў яшчэ ўсё кавалачкам зялёнага сыру гарганцола і паловай ігрушы. Калі ён заплаціў і апранаўся, зрабіў некалькі зацяжак рускай папяросы, потым запаліў цыгару і пайшоў. Крыху паблукаўшы яшчэ па вуліцах, ён зноў адшукаў шлях дадому ў прыгарад і, не спяшаючыся, накіраваўся туды.

Дом з люстэркавымі вокнамі ляжаў у поўным змроку і цішыні; ван дэр Квален адамкнуў дзверы і пайшоў наверх па цёмных прыступках. Ён асвятляў свой шлях запаленай сярнічкай і на чацвёртым паверсе адчыніў злева карычневыя дзверы, якія вялі ў ягоныя пакоі. Паклаўшы паліто і капялюш на канапу, ён запаліў лямпу на вялікім пісьмовым стале і тамсама знайшоў сваю дарожную сумку, як і скручаны плед ды парасон. Разгарнуў плед і выцягнуў адтуль бутэльку каньяку, пасля чаго са скураной сумкі дастаў чарку і, пакуль дапальваў сваю цыгару да канца, час ад часу, седзячы ў крэсле, раз-пораз рабіў глыток. "Прыемна, – думаў ён, – што на гэтым свеце ўсё яшчэ ёсць каньяк…" Потым ён накіраваўся ў спальню, запаліў там свечку на начным століку, патушыў у іншым пакоі лямпу і пачаў распранацца. Ён складваў прадметы свайго непрыкметнага і паношанага гарнітура адзін за адным на чырвонае крэсла каля ложка; аднак потым, адшпільваючы падцяжкі, ён звярнуў увагу на капялюш і паліто, якія ляжалі яшчэ на канапе; ён забраў іх і адчыніў адзежную шафу… Ён адступіўся на крок і схапіўся рукою ззаду за адзін з вялікіх цёмна-чырвоных драўляных шароў, што ўпрыгожвалі чатыры вуглы ложка.

Пакой са сваімі голымі белымі сценамі, на фоне якіх вылучаліся тры плеценыя крэслы, лакіраваныя светла-чырвоным колерам, як трускалкі ў смятане, быў ахутаны трывожным святлом свечкі. А там – адзежная шафа, дзверцы якой былі шырока расчыненыя: яна была не пустая, у ёй хтосьці стаяў, нейкая постаць, істота, такая прывабная, што сэрца ван дэр Квалена на імгненне перастала біцца, а потым зноў запрацавала дакладнымі, павольнымі, лагоднымі ўдарамі… Яна была зусім голая і стаяла з узнятай тонкай пяшчотнаю рукою, абшчапіўшы ўказальным пальцам кручок на столі шафы. Хвалі яе доўгіх каштанавых валасоў спадалі на дзіцячыя плечы, ад якіх зыходзіла такая прыцягальнасць, на якую можна рэагаваць толькі незаўважным плачам. У яе прадаўгаватых чорных вачах адлюстроўвалася святло свечкі… Яе рот быў крышку завялікі, але меў такі выраз салодкасці, як вусны сну, калі яны пасля пакутных дзён датыкаюцца да нашага чала… Яна стаяла, шчыльна стуліўшы пяткі, а яе зграбныя ногі былі прыціснуты адна да адной…

Альбрэхт ван дэр Квален правёў адной рукою па вачах і ўбачыў… ён убачыў таксама, што там унізе ў правым кутку дзяруга была аддзелена ад шафы… "Як? – спытаў ён. – Вы не хочаце ўвайсці?.. ці як тут сказаць… выйсці? Ці не вып’еце чарачку каньяку?.. Паўчарачкі?"

Але на сваё пытанне ён не чакаў адказу і не атрымаў яго. Яе вузкія, бліскучыя і такія чорныя вочы, што здаваліся безвыразнымі, бяздоннымі і нямымі, – яны былі накіраваны на яго, але без увагі і мэты, расплывіста, як быццам яны яго і не бачаць.

"Хочаш, каб я табе распавяла?" – раптам прамовіла яна спакойным прыглушаным голасам.

"Хачу…" – адказаў ён. Ён прысеў на край ложка, паліто ляжала ў яго на каленях, а на ім месціліся сплеценыя рукі. Яго рот быў крышку разяўлены, а вочы былі крыху прыплюшчаныя. Але кроў бегла, пульсуючы цёпла і лагодна, па ўсім яго целе, а ў вушах быў лёгкі пошум.

Яна прысела ў шафе і пяшчотнымі рукамі абхапіла адно калена, якое падцягнула ўверх, у той час як другая нага звісала з шафы. Яе маленькія грудкі цясніліся паміж верхнімі часткамі рук, а нацягнутая скура на калене блішчэла. Яна пачала апавядаць… Апавядала ціхім голасам, а святло ад свечкі выконвала ў гэты час бязгучныя танцы…

Парачка брыла па пустынным полі, і яе галава ляжала ў яго на плячы. Моцна пахлі травы, але з даліны ўжо ўздымаліся воблакі вячэрняга туману – такі быў пачатак. У аповед не адзін раз упляталіся вершы, якія ўтрымлівалі непараўнальна лёгкія і салодкія рыфмы, як гэта часта здараецца з намі ў паўсне падчас ліхаманкавых начэй. Але скончылася ўсё нядобра. Канец быў жалобным: парачка так моцна і неразрыўна сплялася ў абдымках, а калі вусны зліліся ў пацалунку, яны адно аднаму ўдарылі нажом паўзверх пояса, і менавіта з добрымі намерамі. Вось такі быў канец. І потым яна ўстала з бясконца ціхім і сціплым выразам на твары, вызваліла там унізе правы матуз з шэрай дзяругі, якая ўтварала заднюю сценку шафы, і знікла.