Выбрать главу

Ён быў чыста паголены і бледны. Паміж запалымі шчокамі выступаў нос, які быў спераду тоўсты і падобны да бульбіны, ззяючы надзвычайнай, ненатуральнай чырванню і вылучаючыся процьмаю невялічкіх наростаў, нездаровых пухлін, якія надавалі яму непрапарцыянальны і фантастычны выгляд. Гэты нос, які сваёй яркасцю рэзка адрозніваўся ад матавай бледнасці ўсяго твару, меў штосьці неверагоднае і маляўнічае, ён здаваўся насаджаным, як маскарадны нос, як меланхалічны жарт… Свой рот, вялікі рот з апушчанымі куточкамі вуснаў чалавек моцна сціснуў, а калі ён уздымаў вочы, то яго бровы, у якіх прабіваліся белыя валасінкі, узносіліся ўверх да капелюша, так што можна было разгледзець, якія моцна запаленыя і жалобна абведзеныя чорным яго вочы. Карацей кажучы, гэта быў твар, якому ніяк нельга было зусім адмовіць у сімпатыі.

Выгляд Лёбгота Піпзама не выклікаў пачуцця радасці, ён кепска адпавядаў гэтай мілай раніцы і нават для таго, хто вырашыў наведаць могілкі сваіх блізкіх, ён быў занадта змрочным. Але калі зазірнуць у яго душу, то трэба было прызнаць, што для такога настрою было дастаткова важкіх прычын. Ён быў крышку прыгнечаны, як?.. Цяжка такім вясёлым людзям, як вы, растлумачыць… Крышку няшчасны… ці?.. крышку дрэнна дагледжаны. Ах, папраўдзе кажучы, ён быў такім не крышку, а ў высокай ступені, яго лёс, без перабольшання, абышоўся з ім жорстка.

Па-першае, ён піў. Ды пра гэта яшчэ будзе гаворка. Акрамя таго, ён аўдавеў, асірацеў і быў пакінуты ўсім светам; ва ўсім свеце ён не меў ніводнай душы, якая б яго любіла. Жонка, з дому Лебцэльт, памерла, нарадзіўшы яму паўгода таму дзіця; гэта было трэцяе дзіця, і яно было мёртвае. Іншыя двое таксама памерлі: адно ад дыфтэрыі, другое ні з таго ні з сяго – магчыма, ад агульнай неспрыяльнай атмасферы. Мала таго, неўзабаве ён яшчэ страціў сваё працоўнае месца, быў груба прагнаны са службы, і гэта было звязана з цягаю, мацнейшай за Піпзама.

Раней ён яшчэ мог так-сяк процістаяць гэтай цязе, хоць перыядычна паддаваўся ёй звыш меры. Але калі ён страціў жонку і дзяцей, калі ён пазбавіўся, не маючы апірышча і падтрымкі, усіх прыхільнікаў, застаўся адзін на ўсім белым свеце, заганныя звычкі авалодалі ім, усё больш ламаючы яго душэўнае супраціўленне. Ён быў дзяржаўным службоўцам у страхавым таварыстве, чымсьці накшталт сакратара з месячным акладам у 90 рэйхсмарак чыстымі. У неадэкватным стане ён дапускаў ненаўмысныя грубыя памылкі і пасля некалькіх папярэджанняў быў нарэшце звольнены як супрацоўнік, які не заслугоўвае даверу.

Зразумела, што гэта зусім не спрыяла маральнаму аздараўленню Піпзама, ён, наадварот, усё больш апускаўся. Вам, напэўна, варта ведаць, што няшчасце знішчае гонар у чалавеку – ва ўсякім разе, добра, калі людзі разумеюць гэта. У гэтым хаваецца дзіўная і жахлівая акалічнасць. Няма ніякай карысці з таго, што чалавек усяляк даводзіць сам сабе сваю нявіннасць: у большасці выпадкаў ён, напэўна, за сваё няшчасце пагарджае сабою. Але заганнасць і самапагарда самым жахлівым чынам узаемазвязаныя, яны сілкуюць адна адну, яны дзейнічаюць на карысць адна адной, ператвараючы ўсё ў пекла. Так здарылася і з Піпзамам. Ён піў, бо ўжо не паважаў сябе, а паважаў ён сябе ўсё менш і менш, таму што ганебнае знішчэнне ўсялякіх добрых намераў, якое ўвесь час узнаўлялася, раз’ядала яго самадавер. Дома ў шафе для адзення ён меў звычку трымаць бутэльку з атрутна-жоўтай вадкасцю, назву якой на ўсякі выпадак мы называць не будзем. Перад гэтай шафаю Лёбгот Піпзам, здаралася, стаяў на каленях і кусаў вусны да крыві, і ўсё-такі ўрэшце ён падаў… Мы неахвотна расказваем вам такія рэчы: але ж яны ўсё-такі павучальныя… Вось ён ішоў па дарозе да могілкаў і пастукваў перад сабою чорнаю кульбай. Лагодны ветрык абвяваў і яго нос, але ён таго не адчуваў. З высока ўзнятымі бровамі ён пустымі і сумнымі вачыма глядзеў у вольны свет, нікчэмны, страчаны чалавек… Раптам ён пачуў за сваёй спінай нейкі шум і прыслухаўся: лёгкае шабуршанне на вялікай хуткасці набліжалася здалёку. Ён павярнуўся і спыніўся. Гэта быў ровар, шыны якога лёгка шаргаталі па зямлі, пасыпанай жвірам, і які набліжаўся поўным ходам, але потым яго тэмп запаволіўся, бо Піпзам стаяў пасярэдзіне дарогі.

На ровары сядзеў малады чалавек, юнак, бесклапотны турыст. О Божа, ён нават не прэтэндаваў быць залічаным да высокага і шаноўнага свету! Ён ехаў куды вочы глядзяць на рухомай прыладзе сярэдняй якасці, невядома чыёй вытворчасці, на ровары, магчыма, за дзвесце марак. Ён такім чынам апынуўся ўжо на волі, па-за горадам, налягаючы на бліскучыя педалі, трапіў на Богам дадзеную прыроду, гэх! На ім была стракатая кашуля, а зверху шэрая куртачка, спартыўны абутак і самая зухаватая ў свеце шапачка – смех, а не шапачка: у рудаватую клетку, з гузічкам на макаўцы. А з-пад яе вытыркаўся неўпарадкаваны бялявы чуб, які захінаў лоб. Вочы былі ярка-сінія. Ён з’явіўся, як само Жыццё, і дзынкнуў званком; але Піпзам ні на адзін крок не саступіў з дарогі. Ён стаяў і з нерухомым выразам твару пазіраў на Жыццё.