Выбрать главу

Яно кінула на яго злосны позірк і павольна праехала міма, пасля чаго Піпзам таксама павольна рушыў наперад. Але калі яно было побач з ім, ён прамовіў павольна і з моцным націскам:

"Нумар дзевяць тысяч семсот сем". Потым ён сціснуў вусны і зноў пачаў абыякава пазіраць уніз перад сабою, адчуваючы, што позірк Жыцця разгублена затрымаўся на ім.

Яно павярнулася, ухапілася адной рукою ззаду за сядло і вельмі павольна паехала.

"Што?" – спытала яно.

"Нумар дзевяць тысяч семсот сем, – паўтарыў Піпзам. – Ды нічога. Я напішу на Вас заяву ў паліцыю".

"Вы заявіце на мяне?" – спытала Жыццё, павярнулася яшчэ больш у сядле і паехала яшчэ павольней, так што давялося балансаваць рулём сюды-туды…

"Заяўлю", – адказаў Піпзам ужо на адлегласці пяці-шасці крокаў.

"Наконт чаго?" – спытала Жыццё і злезла з ровара. Яно спынілася і запытальна пазірала на яго.

"Гэта Вы выдатна ведаеце самі".

"Не, мне гэта невядома".

"Вы мусіце гэта ведаць".

"Але я не ведаю, – сказала Жыццё, – і гэта цікавіць мяне надзвычай мала!" Прамовіўшы гэта, яно ўзялося за ровар, каб зноў сесці на яго. Яно па слова ў кішэнь не лезла.

"Я заяўлю на Вас, што Вы ездзіце тут, а не там па шашы, а тут па дарозе да могілак", – сказаў Піпзам.

"Ах, мой шаноўны! – са злосным і нецярплівым смехам сказала Жыццё, павярнулася яшчэ раз і спынілася. – Вы бачыце тут па ўсёй дарозе адбіткі ад роварных колаў… Тут усе ездзяць…"

"Мне ўсё адно, – запярэчыў Піпзам, – я на Вас заяўлю".

"Ай, рабіце Вы ўсё, што Вам даспадобы!" – крыкнула Жыццё і села на ровар. Яно сапраўды ўселася, яно не зняславілася няўдалай пасадкай; яно адштурхнулася нагою толькі адзін раз, упэўнена ўладкавалася на сядзенні, старанна націснула на педалі, каб зноў набраць тэмп, адпаведны свайму тэмпераменту.

"Калі Вы і надалей тут будзеце ездзіць, тут, па дарозе да могілкаў, то я на Вас абавязкова заяўлю", – крыкнуў Піпзам дрыготкім голасам. Але Жыццё праз гэта не вельмі хвалявалася; яно працягвала ехаць хутчэй і хутчэй.

Калі б вы ў гэты момант убачылі твар Лёбгота Піпзама, вы б вельмі спужаліся. Ён сціснуў вусны так моцна, што яго твар і нават палымяны нос непазнавальна скрывіліся, а пад ненатуральна ўзнятымі бровамі вочы з выразам вар’ята ўтаропіліся на ровар, які ад’язджаў. Раптам ён рынуўся наперад. Кароткую адлегласць, якая аддзяляла яго ад ровара, ён пераадолеў подбегам і ўхапіўся за багажнік; ён учапіўся за яго абедзвюма рукамі, і не расціскаючы звышчалавечна моцна сцятых вуснаў, моўчкі, з дзікімі вачыма, цягнуў з усіх сіл за ровар, які хістка рухаўся наперад. Убачыўшы гэта, цяжка было зразумець: ці ён са злосці намерыўся перашкодзіць маладому чалавеку ехаць, ці, апантаны жаданнем быць узятым на буксір, ускочыць ззаду на ровар і ехаць разам, таксама апынуцца на волі, на ўлонні Богам дадзенай прыроды, гэх!.. Ровар не мог далей вытрываць гэтай адчайнай нагрузкі; ён спыніўся, ён нахіліўся, ён упаў…

Цяпер Жыццё перайшло на грубы тон. Яму ўдалося стаць на адну нагу, яно размахнулася правай рукою і так штурхнула Піпзама ў грудзі, што той, хістаючыся, адступіў на некалькі крокаў. Потым яно сказала голасам, які пагрозліва набіраў сілу:

"Вы, відаць, п’яны, мужчына! Калі Вы, зацяты барацьбіт, яшчэ раз уздумаеце затрымаць мяне, то я Вас саб’ю на горкі яблык, Вы разумееце? Я Вам косці пераламаю! Так і ведайце!" І з гэтымі словамі яно павярнулася да пана Піпзама спінай, гнеўным рухам мацней нацягнула на галаву сваю шапачку і зноў скочыла на ровар. Не, яно сапраўды ў кішэню па слова не лезла. І асядлаць ровар яму ўдалося таксама без цяжкасці, як і мінулым разам. Яно з першага разу ёмка ўселася на сядзенні і адразу ж падпарадкавала сабе агрэгат. Піпзам назіраў, як тая спіна аддалялася ўсё хутчэй ды хутчэй.

Ён стаяў, сапучы, і глядзеў услед Жыццю… Яно не падала, з ім не здарылася няшчаснага выпадку, шына не лопалася і ніводзін камень не трапляў яму пад кола; пружынячы, яно ад’язджала ўсё далей. Тут Піпзам пачаў крычаць і лаяцца… Гэта можна было назваць рыкам, гэта ўжо быў не чалавечы голас.

"Вы не паедзеце далей! – лямантаваў ён. – Вы павінны ехаць там, на тым баку, а не па дарозе да могілкаў, ці чуеце, што я кажу?! Злазьце з ровара, зараз жа злазьце! О, о! Я заяўлю на Вас! Я паскарджуся на Вас! Ах, Госпадзе Божа, каб жа ты ўпаў, каб табе зваліцца, ты боўдзіла, я б цябе растаптаў, таптаў бы ботам твой твар, ты, кляты вырадак!.."