Выбрать главу

Ніколі нічога падобнага не здаралася! Мужчына, які лаецца па дарозе на могілкі, мужчына, які раве набычыўшыся, мужчына, які сварыцца, падскокваючы ад злосці, выдурняецца, размахвае ў розныя бакі рукамі ды нагамі й не можа супакоіцца! Ровара ўжо даўно не было відаць, а Піпзам усё яшчэ шалеў на тым жа самым месцы.

"Трымайце яго! Трымайце яго! Ён ездзіць па дарозе на могілкі! Здыміце яго з ровара, праклятага ёлупня! Ах… ах… вось каб ты трапіў у мае рукі, я б ужо расправіўся з табою, ты, дурны сабака, ты, шалёны ветрагон, ты, Ванька-дурылка, ты – недавучка!.. Злазь! Злазь з ровара! Ці не знойдзецца нікога, хто скіне яго ў пыл, гэтага нягодніка?!. Ездзіць дзеля забавы, а як жа? Па дарозе да могілкаў, ці чулі?! Ты, сабачы сын! Ты, нахабнік! Ты, праклятая малпа! Блакітныя вочы, а як жа? А яшчэ што, акрамя?.. Няхай д’ябал павыдзірае іх табе, ты, невук, невук, невук!.."

Цяпер Піпзам перайшоў на словазлучэнні, якія паўтараць нельга, ён закіпеў і выкрыкваў трэснутым голасам самыя ганебныя непрыстойныя словы, прычым шалёныя рухі ягонага цела ўсё больш узмацняліся. Некалькі дзяцей з кошыкам і сабакам-пінчарам ішлі ад шашы ў яго бок; яны пералезлі цераз роў, акружылі мужчыну, які няспынна лямантаваў, і з цікаўнасцю пазіралі на яго скрыўлены твар. Людзі, якія працавалі ў аддаленні на будоўлях ці якраз спынілі сваю працу, каб папалуднаваць, звярнулі ўвагу на яго таксама, а падарожнікі, мужчыны і жанчыны-тынкоўшчыцы, далучыліся да групы. Але Піпзам усё яшчэ буяніў, ён раз’юшыўся яшчэ больш. Ён слепа размахваў кулакамі да неба і ва ўсіх кірунках, дрыгаў нагамі, круціўся вакол сябе, згінаў калені і зноў спружынай выпростваўся ад незвычайнай напружанасці, каб закрычаць як мага гучней. Ён ні на хвілю не спыняўся ў сваёй лаянцы, ён не прадыхаў, і рабілася дзіўна, адкуль у яго браліся ўсе тыя словы. Яго твар жудасна наліўся крывёю, капялюш збіўся на патыліцу, а незаціснутая верхняя кашуля вылезла з-пад камізэлькі. Пры гэтым ён даўно дапяў да агульнасцей і выдаваў рэчы, якія ўжо ніколькі не тычыліся справы. Гэта былі намёкі на яго поўнае заган жыццё ды рэлігійныя тлумачэнні, вымаўленыя такім неналежным тонам і неахайна перамешаныя з непрыстойнымі словамі.

"Падыдзіце толькі сюды, падыдзіце ўсе сюды! – лямантаваў ён. – Не вы, не толькі вы, іншыя таксама, у шапачках і з блакітнымі вачыма! Я хачу ўвесці вам праўду ў вушы, каб навекі зрабілася жахліва вам, пасвісцёлам! Смеяцеся, каб вас парвала! Я, ну так, я нават бываю ў запоі, калі вам так хочацца гэта пачуць! Што гэта значыць?! Яшчэ не вечар! Яшчэ прыйдзе дзень, вы, нікчэмныя адкіды, калі Бог узважыць усіх нас… Ах… ах… Сын чалавечы прыйдзе ў аблоках, вы, нявінныя нягоднікі, а ягоная справядлівасць не тутэйшага паходжання! Ён нізрыне вас у надзвычайную цемень, ваш просты род, вось там будзе лямант і скрыгат…"

Цяпер ён быў акружаны даволі вялікім гуртам людзей. Адны ўсміхаліся, іншыя пазіралі на яго з-пад нахмураных броваў. Яшчэ больш прыйшло рабочых ды жанчын-тынкоўшчыц з будоўляў. Адзін фурман злез са сваёй падводы, спыніўшыся на прасёлку, і з пугай у руцэ пералез цераз роў. Яшчэ адзін затрос Піпзама за рукаў, але гэта не дапамагло. Узвод салдат, які маршыраваў побач, са смехам выцягнуў шыі, каб убачыць яго. Сабака-пінчар не вытрываў болей, упёрся пярэднімі лапамі ў дол і, падціснуўшы хвост, заскавытаў яму проста ў твар.

Раптам Лёбгот Піпзам яшчэ раз закрычаў колькі меў сілы: "Ты мусіш злезці, ты зараз жа злезеш, ты, невук недапечаны!" Ён накрэсліў рукою шырокае паўкола і рынуўся долу. Ён ляжаў, раптам анямелы, як чорны камяк пасярод цікаўных. Яго пакамечаны цыліндр адляцеў ад яго, некалькі разоў падскочыў на зямлі, а потым проста застаўся ляжаць.

Два муляры схіліліся над нерухомым Піпзамам і спакойным ды разумным тонам працоўных людзей пачалі абмяркоўваць гэты выпадак. Потым адзін з іх устаў на ногі і хуценька знік. Тыя, хто заставаліся, зрабілі яшчэ некалькі спроб прывесці яго ў прытомнасць. Адзін абпырскаў яго вадою з цэбра, другі наліў са сваёй бутэлькі брантвейну ў жменю і пацёр яму скроні. Але гэтыя спробы не мелі аніякага поспеху.

Так прайшлі якія паўгадзіны. Потым на шашы ўсё гучней пачуўся стук колаў. Гэта была санітарная карэта, і яна тут жа спынілася, у яе былі запрэжаныя два ладныя невялічкія канякі, а на ёй самой на кожным баку быў намаляваны адмысловы чырвоны крыж. Два мужчыны ў зграбнай уніформе спусціліся з козлаў, і ў той час як адзін падаўся да задняй часткі карэты, каб адчыніць яе і выцягнуць насілкі, другі выскачыў на дарогу да могілкаў, расштурхаў цікаўных па баках і пры дапамозе аднаго мужчыны з натоўпу панёс пана Піпзама да карэты. Ён быў укладзены на насілкі і ўсунуты, як хлеб у печ, у карэту, пасля чаго дзверы зноў зачыніліся і абодва чалавекі ва ўніформе зноў ускараскаліся на козлы. Усё гэта адбывалася вельмі дакладна, некалькімі спрактыкаванымі рухамі, ціп-топ, як у балагане.