Выбрать главу

Азірніся, паглядзі ў вокны кнігарняў. На твае вочы трапяцца такія загалоўкі, як "Мастацтва жытла ад часу Рэнесансу", "Выхаванне пачуцця колеру", "Рэнесанс у сучасным мастацкім рамесніцтве", "Кніга як мастацкі твор", "Дэкаратыўнае мастацтва", "Прага мастацтва", – і ты павінен ведаць, што гэтыя рэкламныя творы купляюцца і чытаюцца тысячамі і што ўвечары на гэтыя ж самыя тэмы будзе весціся гаворка ў напоўненых залах.

Калі пашанцуе, то табе сваёй уласнай персонай сустрэнецца адна са славутых дам, якіх усе прывыклі бачыць у мастакоўскім асяроддзі, адна з тых багатых і прыгожых дам, штучна створаных тыцыянаўскіх бландзінак у брыльянтавых упрыгожаннях, п’янкім рысам якіх, дзякуючы руцэ геніяльнага партрэтыста, наканавана вечнасць, і пра чыё інтымнае жыццё гаворыць увесь горад – каралеў мастацкіх фестываляў падчас карнавалу, крышку загрыміраваных, крышку падфарбаваных, поўных шляхетнай пікантнасці, какетлівых і вартых пакланення. І толькі зірні: вунь у экіпажы па Людвігштрасэ едзе вялікі мастак са сваёй каханай. Людзі звяртаюць увагу на сродак перамяшчэння, спыняюцца і пазіраюць пары ўслед. Шмат хто вітаецца. Неўзабаве ўжо з’явяцца і ахоўнікі.

Мастацтва працвітае, мастацтва пануе, мастацтва з усмешкаю распасцірае сваю ўладу на горад. Усебаковы рэспектабельны ўдзел у яго працвітанні, усебаковыя, старанныя і самаадданыя практыка і прапаганда служаць на яго карысць, тут уладарыць безумоўны культ лініі, густу, формы, зместу, прыгажосці…

…Мюнхен зіхцеў.

II

Па Шэлінгштрасэ ішоў юнак; ён крочыў сярод званкоў веласіпедыстаў пасярэдзіне драўлянай маставой у бок шырокага фасада царквы Святога Людвіга. Калі паглядзець на яго, то стваралася ўражанне, быццам па сонцы ідзе цень, паводле настрою – згадка пра цяжкія часы. Няўжо ён не любіў сонца, у святочным ззянні якога патанаў горад? Чаму ён ішоў, заглыбіўшыся ў сябе, адвярнуўшыся ад усяго і ўнурыўшы позірк долу?

На ім не было капелюша, што пры вольным знешнім выглядзе вясёлага горада нікога не здзіўляла, але на галаву ў яго быў накінуты башлык прасторнага чорнага паліто, які кідаў цень на яго кантаваты лоб, захінаў вушы і быццам абрамляў яго запалыя шчокі. Якія згрызоты сумлення, якія непаладкі і якія здзекі з самога сябе змаглі так выпусташыць гэтыя шчокі? Ці не жахліва бачыць, што ў такі сонечны дзень ва ўпадзінах шчок чалавека знайшло сабе прытулак гора? Яго цёмныя бровы густа сышліся на вузкім пераноссі, а сам нос з гарбінкай выбіваўся на твары сваёй велічынёю; вусны былі моцныя і тоўстыя. Калі ён уздымаў піўныя вочы, што месціліся даволі блізка адно ад аднаго, на яго кантаватым ілбе ўтвараліся косыя зморшчыны. Ён пазіраў з выразам дасведчанасці, абмежаванасці і пакут. З профілю гэты твар быў вельмі падобны да адной старой карціны, створанай манахам, якая захоўваецца ў Фларэнцыі ў цеснай, жорсткай кляштарнай келлі, з якой аднойчы пачаўся жудасны і бязлітасны пратэст супраць жыцця і яго трыумфу…[49]

Іеранімус крочыў па Шэлінгштрасэ, ішоў павольнымі і цвёрдымі крокамі, сцягваючы з сярэдзіны дзвюма рукамі абедзве паловы свайго прасторнага паліто. Дзве маленькія дзяўчынкі, дзве з ліку гэтых сімпатычных, прысадзістых істот са стужачкай en bandeaux, занадта вялікімі ступнямі ног і вольнымі норавамі, праходзілі бестурботна, рука пад руку, паўз яго, гатовыя да прыгод; яны падштурхнулі локцем адна адну і засмяяліся, нахіліліся наперад і кінуліся бегчы, смеючыся з яго башлыка і яго твару. Але ён не звярнуў на гэта ўвагі. З нахіленай галавою і не пазіраючы ні налева, ні направа, ён перасек Людвігштрасэ і падняўся па прыступках у царкву.

Вялікія палавінкі цэнтральных дзвярэй былі шырока расчыненыя. У свяшчэнным паўзмроку, халаднаватым, душным і напоўненым фіміямам, недзе ўдалечыні мільгала слабае чырванаватае полымя. Старая кабета з набрынялымі крывёю вачыма ўзнялася з лаўкі і на мыліцах пацягнулася паміж калонамі. А больш у царкве нікога не было.

Іеранімус спаласнуў лоб і грудзі ля крапільніцы, прыпаў на калена перад галоўным алтаром і застаўся стаяць у цэнтральным нэфе. Ці не было такога ўражання, што яго постаць тут, у царкве, выцягнулася ўгору? Ён стаяў, выпрастаўшыся і нерухома, з вольна ўзнятай галавою, яго вялікі з гарбінкай нос, здавалася, тырчаў над моцнымі вуснамі з выразам уладнасці, а вочы ўжо не былі скіраваныя долу, а пазіралі адважна перад сабою ўдалячынь, у бок распяцця на галоўным алтары. Такім чынам ён прабыў нерухома нейкі час; потым, адступіўшыся назад, зноў прыпаў на калена і выйшаў з царквы.

вернуться

49

Маецца на ўвазе партрэт Джыралама Саванаролы, напісаны Фра Барталамеа, які захоўваецца ў кляштары Св. Марка.