Выбрать главу

Ён пайшоў назад угару па Людвігштрасэ, павольна і цвёрда, схіліўшы галаву, пасярэдзіне шырокай нямошчанай праезнай маставой у бок агромністай Залы Палкаводцаў з яе статуямі. Але трапіўшы на Адэонспляц, ён узняў вочы ўгору, так што на яго кантаватым твары ўтварыліся папярэчныя зморшчыны, і запаволіў свае крокі: яго ўвагу прыцягнуў натоўп людзей перад выстаўленымі экспанатамі вялікай крамы мастацкіх вырабаў, гандлёвага прадпрыемства прыгажосці М. Блютэнцвайга.

Людзі пераходзілі ад вітрыны да вітрыны, разглядалі выстаўленыя шэдэўры і абменьваліся думкамі, зазіраючы адно аднаму цераз плячо. Іеранімус змяшаўся з натоўпам і таксама пачаў разглядаць усе гэтыя рэчы, засяроджваючыся на ўсім, экспанат за экспанатам.

Ён бачыў копіі шэдэўраў з усіх галерэй Зямлі, каштоўныя рамы ў іх простай незвычайнасці, скульптуры Рэнесансу, бронзавыя целы і дэкаратыўныя чаркі, зіхоткія вазы, аздабленне кніг і партрэты мастакоў, музыкаў, філосафаў, акцёраў, паэтаў; на ўсё гэта ён глядзеў і кожнаму экспанату прысвячаў нейкі момант. Сцягваючы дзвюма рукамі з сярэдзіны абедзве паловы свайго паліто, ён круціў галавою пад башлыком, маленькімі, кароткімі паваротамі з боку ў бок, і з-пад яго цёмных, на пераноссі моцна зведзеных густых броваў, якія ён уздымаў уверх, яго вочы пазіралі нейкі час на кожную рэч з адчужаным, тупым і холадна-здзіўленым выразам. Так ён дайшоў да першай вітрыны, да той, у якой знаходзілася карціна, што выклікала цікавасць, нейкі час глядзеў з-за плячэй людзей, якія тоўпіліся тут, і нарэшце прабіўся наперад, да самага экспаната.

Вялікая, чырванавата-карычневая фатаграфія, з надзвычайным густам заключаная ў раму са старога золата, стаяла на мальберце пасярэдзіне вітрыны. Гэта была Мадонна, праца, якая ўспрымалася абсалютна па-сучаснаму, вольная ад усялякіх умоўнасцей. Фігура Святой Парадзіхі была адзначана спакуслівай жаноцкасцю, яна была аголеная і прыгожая. Вакол яе вялікіх жарсных вачэй залеглі цёмныя цені, а рот, які далікатна і дзіўна ўсміхаўся, быў крыху растулены. Яе тонкія пальцы, сціснутыя крышку нервова і сутаргава, абхапілі сцягно дзіцяці, голенькага хлопчыка вытанчанай і амаль першароднай зграбнасці, які гуляў з яе грудзьмі і пры гэтым скіроўваў свой разумны бакавы погляд на гледача.

Яшчэ два юнакі стаялі побач з Іеранімусам і вялі размову пра карціну, два маладыя чалавекі з кніжкамі пад пахай, якія яны ўзялі ў гарадской бібліятэцы ці неслі туды, гуманітарыі, падкаваныя ў мастацтве і навуцы.

"Малы нядрэнна ўладкаваўся, д’ябал мяне вазьмі", – прамовіў адзін.

"І, відавочна, у яго ёсць намер выклікаць зайздрасць у сяго-таго, – адказаў другі. – Сумнеўная кабета!"

"Кабета – проста звар’яцець! Збіваешся крышку з панталыку наконт догмы пра бязгрэшнае зачацце…"

"Праўда-праўда, яе выгляд выклікае хваляванне… Ты бачыў арыгінал?"

"Вядома. Быў вельмі ўражаны. У колерах яна яшчэ больш узбуджае… асабліва вочы".

"А падабенства – выключнае".

"Не зразумеў".

"Ты не ведаеш мадэлі? Ён жа выкарыстаў сваю маленькую прыбіральшчыцу. Гэта амаль што партрэт, толькі моцна стылізаваны ў сэнсе разбэшчанасці… Дзяўчына – куды больш нявінная".

"Спадзяюся, Жыццё было б занадта напружаным, калі б было шмат такіх, як гэта mater amata[50]…"

"Карцінная галерэя купіла яе".

"Сапраўды? Глядзі ты! Мусіць, між іншым, ведала, што рабіла. Як выпісана цела, і плаўнасць ліній убору напраўду выдатная…"

"І праўда, неверагодна таленавіты тып".

"Ты ведаеш яго?"

"Зусім крышку. Ён зробіць сабе кар’еру, гэта дакладна. Яго ўжо два разы запрашалі да стала ў рэгента…"

Апошняе было прамоўлена ўжо пры развітанні.

"Ці з’явішся ты сёння вечарам у тэатры? – спытаўся адзін. – Таварыства драмы ставіць сёння "Мандрагору" Макіявелі".

"О, брава. Ад гэтага можна чакаць задавальнення. Я збіраўся пайсці ў вар’етэ мастакоў, але, хутчэй за ўсё, я ўрэшце аддам перавагу больш прыстойнаму Нікаля. Да пабачэння…"

Яны развіталіся, адступілі назад і разышліся – адзін налева, другі направа. Іншыя людзі заступілі іх месца і пачалі разглядваць паспяховую карціну. А Іеранімус заставаўся нерухома стаяць на сваім месцы; ён стаяў, выцягнуўшы галаву, і было відаць, як сутаргава сціскаліся ў кулакі яго рукі, якімі ён на грудзях утрымліваў з сярэдзіны сваё паліто. Яго бровы больш не былі, як раней, з прахалодай і крышку ненавісна-здзіўленым выразам узняты, яны моцна апусціліся і зрабіліся спахмурнелымі, шчокі, напалову прыкрытыя башлыком, здавалася, яшчэ больш запалі, а тоўстыя вусны зрабіліся зусім бледнымі. Павольна яго галава нахілялася ўсё ніжэй і ніжэй, так што яго вочы ўрэшце з самага нізу ўтаропіліся ўверх на твор мастацтва. Ноздры яго вялікага носа дрыжалі.

вернуться

50

Любая маці (лац.).