Выбрать главу

У гэткім стане ён прастаяў каля чвэрці гадзіны. Людзі вакол яго паразыходзіліся, а ён не скрануўся з месца. Нарэшце ён паволі-паволі павярнуўся на пятках і пайшоў прэч.

III

Але вобраз Мадонны застаўся з ім. Заўсёды, дзе б ён ні быў – ці бавіўся ў сваёй вузкай і простай каморцы, ці кленчыў у халаднаватых цэрквах, – перад яго разгневанай душою стаяла яна з жарснымі, прыцененымі вачыма, з загадкава ўсмешлівымі вуснамі, аголеная і прыгожая. І ніякая малітва не ў стане была адагнаць яе.

На трэцюю ноч здарылася, што на Іеранімуса з вышынь зышлі загад і заклік умяшацца і ўзняць свой голас супраць легкадумнай гнюснасці і нахабнай прыгожай фанабэрыстасці. Дарэмна ён, як калісьці Майсей[51], аднекваўся няздольнасцю добра гаварыць; Боская воля заставалася непарушнаю і настойліва патрабавала ад яго, нерашучага, зрабіць гэты ахвярны ўчынак у атачэнні ворагаў, якія смяюцца.

І ён перад абедам сабраўся і пайшоў, таму што Бог таго хацеў, дарогаю да крамы па продажы мастацкіх вырабаў, да гандлёвага прадпрыемства прыгажосці М. Блютэнцвайга. На галаву ў яго быў накінуты башлык, ён трымаў сваё паліто з сярэдзіны дзвюма рукамі за абедзве паловы і ішоў.

IV

Зрабілася халаднавата; неба было бляклае, пагражала навальніца. Зноў шмат народу абступіла вітрыны крамы па продажы мастацкіх вырабаў, асабліва тую вітрыну, у якой знаходзілася карціна Мадонны. Іеранімус адным толькі кароткім позіркам глянуў туды; потым ён націснуў на клямку шкляных дзвярэй, абвешаных плакатамі і мастацкімі часопісамі.

"Гэта Боская воля!" – сказаў ён і зайшоў у краму.

Маладзенькая дзяўчына, якая недзе за канторкай штосьці пісала ў вялікім сшытку, сімпатычная брунетка са стужачкай у валасах і занадта вялікімі ступнямі ног, падышла і прыязна спытала, чым можа служыць.

"Дзякую Вам, – сказаў Іеранімус ціха – пры гэтым на лбе ў яго з’явіліся папярэчныя зморшчыны – і сур’ёзна зазірнуў ёй у вочы. – Я не з Вамі хачу размаўляць, а з гаспадаром крамы, панам Блютэнцвайгам".

Крыху павагаўшыся, яна пайшла ад яго і зноў занялася сваімі справамі. Ён стаяў пасярэдзіне крамы.

З усяго таго, што было выстаўлена напаказ у вітрынах у асобных экземплярах, тут, у памяшканні, было звалена і багата раскладзена ў колькасці ў дваццаць разоў большай: процьма колераў, ліній і форм, стыляў, густаў і прыгажосцей. Іеранімус няспешна агледзеўся па ўсіх баках і потым мацней абцягнуў вакол сябе паловы свайго чорнага паліто.

У краме было шмат людзей. За адным з шырокіх прылаўкаў, якія пераразалі ўсё памяшканне, сядзеў пан у жоўтым гарнітуры і з чорнай казлінай барадою, разглядаючы папку з французскімі малюнкамі, над якімі ён час ад часу непрыстойна гыгыкаў. Яго абслугоўваў, прыносячы новыя папкі для прагляду, малады чалавек, відаць, з малой аплатай і раслінным харчам. Насупраць пана, што гыгыкаў, шляхетная старая дама праглядала сучасныя мастацкія вышыўкі, вялікія казачныя кветкі бледных таноў, якія шэрагам стаялі на доўгіх нягнуткіх сцёблах. І ёй дапамагаў супрацоўнік крамы. За іншым сталом сядзеў у кепцы і з драўлянай люлькай у зубах, з абыякавым выглядам, англічанін. Добра апрануты, гладка выгалены, з халодным паглядам і няпэўнага ўзросту, ён корпаўся сярод бронзавых вырабаў, якія пан Блютэнцвайг падносіў яму асабіста. Прыгожую фігурку голай маленькай дзяўчыны, яшчэ няспелай і з пяшчотнымі формамі, якая ў какетлівай цнатлівасці скрыжавала ручкі на грудзях, ён трымаў за галаву і дэталёва разглядаў, павольна круцячы яе вакол самой сябе.

Пан Блютэнцвайг, чалавек з кароткай рудой барадою і бліскучымі вачыма такога самага колеру, паціраючы рукі, круціўся вакол яго, усялякім чынам расхвальваючы малую дзяўчыну, якую той мог набыць.

"Сто пяцьдзясят марак, сэр, – сказаў ён па-англійску. – Мюнхенскае мастацтва, сэр. Вельмі сімпатычная, сапраўды. Поўная прывабнасці, ці ведаеце. Гэта – сама грацыя, сэр. Сапраўды, надзвычай мілая, элегантная і вартая захаплення". Потым яму прыйшло ў галаву яшчэ нешта, і ён сказаў: "Надзвычай прываблівая і спакуслівая". І зноў пачаў усё спачатку.

вернуться

51

Намёк на паданне з Бібліі, паводле якога з фараонам размаўляў, просячы таго вызваліць з рабства яўрэяў, замест коснаязыкага Майсея ягоны брат Аарон.