Выбрать главу

Яго крыху прыплюшчаны нос месціўся над верхняю губой, так што ён увесь час з лёгкім фырканнем унюхваўся ў свае вусы. Часам ён пры гэтым, прыгорбіўшыся, набліжаўся да пакупніка, як быццам абнюхваючы яго. Калі ўвайшоў Іеранімус, пан Блютэнцвайг агледзеў яго бегла такім самым чынам, але зноў аддаў сваю ўвагу англічаніну.

Шляхетная дама зрабіла свой выбар і пакінула краму. Увайшоў новы пан. Пан Блютэнцвайг хуценька абнюхаў яго, быццам хацеў такім чынам даведацца пра ступень яго пакупніцкай здольнасці, і аддаў у распараджэнне юнай бухгалтаркі дзеля далейшага абслугоўвання. Пан набыў толькі фаянсавы бюст П’еро, сына шыкоўнага Медычы, і пайшоў. Англічанін таксама пачаў рыхтавацца да адыходу. Ён набыў сабе маленькую дзяўчыну і пайшоў пад развітальныя паклоны пана Блютэнцвайга. Потым гандляр мастацкімі вырабамі павярнуўся да Іеранімуса і стаў перад ім.

"Чаго жадаеце?" – запытаў ён не надта каб ветліва.

Іеранімус трымаў сваё паліто знутры абедзвюма рукамі і глядзеў пану Блютэнцвайгу ў твар амаль без ніводнага ўзмаху веек. Ён паволі расціснуў свае тоўстыя вусны і сказаў:

"Я прыйшоў да Вас наконт карціны у той вітрыне, вялікай фатаграфіі Мадонны". Яго голас быў хрыплы і манатонны.

"Выдатна, я да Вашых паслуг, – сказаў Блютэнцвайг жвава і пачаў паціраць рук. – Семдзясят марак у раме, шаноўны пане. Гэта, безумоўна… першакласная рэпрадукцыя. Надзвычай прывабная, якая папросту інтрыгуе".

Іеранімус маўчаў. Ён нахіліў сваю галаву ў башлыку і крышку сцяўся, а гандляр мастацкімі вырабамі гаварыў; потым ён выпрастаўся зноў і сказаў:

"Папярэджваю Вас загадзя, што я не ў змозе, ды й не хачу ўвогуле, купляць у Вас што-небудзь. Мне вельмі шкада, што я расчароўваю Вас у Вашых чаканнях. Я спачуваю, калі гэта прыносіць Вам боль. Але, па-першае, я бедны, а па-другое, я не люблю рэчаў, якімі Вы гандлюеце. Не, купіць я нічога не магу".

"Не… дык не, – адказаў пан Блютэнцвайг і моцна засоп носам. – Тады дазвольце мне спытацца…"

"Наколькі, здаецца, я Вас ведаю, – працягваў Іеранімус, – Вы пагарджаеце мною за тое, што я не здольны купіць у Вас што-небудзь…"

"Гм… – сказаў пан Блютэнцвайг. – Зусім не! Толькі…"

"Аднак я прашу Вас выслухаць мяне і надаць значэнне маім словам".

"Надаць значэнне. Гм. Дазвольце запытацца…"

"Можаце пытацца, – сказаў Іеранімус, – і я Вам адкажу. Я прыйшоў папрасіць Вас, каб Вы зараз жа забралі з вітрыны тую фатаграфію, Мадонну, і больш ніколі не выстаўлялі яе напаказ".

Пан Блютэнцвайг нейкі час глядзеў моўчкі ў твар Іеранімусу з такім выразам, быццам авантурныя словы наведвальніка павінны бянтэжыць самога прамоўцу. Але гэтага не адбылося, і ён, моцна засопшы носам, прамовіў:

"Будзьце ласкавы паведаміць мне: ці Вы тут знаходзіцеся ў нейкім афіцыйным статусе, які ўпаўнаважвае Вас даваць мне распараджэнні, ці справа закранае толькі Вас асабіста…"

"О не, – адказаў Іеранімус, – у мяне няма ані пасады, ані ганаровых даручэнняў ад дзяржавы. Улада не на маім баку, пане. А прывяло мяне сюды выключна маё сумленне".

Пан Блютэнцвайг, шукаючы словы, круціў галавою сюды-туды, моцна дзьмуў носам у вусы і змагаўся з моваю. Нарэшце ён прамовіў:

"Ваша сумленне… Тады, зрабіце ласку… заўважце сабе… што Ваша сумленне для нас – гэта… гэта абсалютна нязначная рэч!.."

З гэтымі словамі ён павярнуўся, пайшоў да канторкі ў глыбіні крамы і пачаў пісаць. Абодва супрацоўнікі крамы засмяяліся ад усяго сэрца. І сімпатычная фройляйн захіхікала над сваёй бухгалтарскай кнігай. Што да жоўтага пана з чорнай казлінай бародкаю, то выявілася, што ён быў іншаземцам, бо, відавочна, не зразумеў з размовы анічога і працягваў займацца французскімі малюнкамі, час ад часу гыгыкаючы.

"Абслужыце пана", – сказаў пан Блютэнцвайг цераз плячо сваім памагатым. І працягваў пісаць. Малады чалавек, які, відавочна, меў малыя прыбыткі і харчаваўся расліннай ежай, падступіўся да Іеранімуса, намагаючыся ўстрымацца ад смеху, але тут наблізіўся яшчэ адзін прадавец.

"Ці можам нейкім чынам яшчэ служыць Вам?" – лагодна спытаўся чалавек з малымі прыбыткамі. Іеранімус спакойна вытрымаў скіраваны на яго пакутны, тупы і, аднак, пранізлівы позірк.

"Не, – сказаў ён, – больш ніяк не можаце. Я прашу Вас зараз жа забраць з вітрыны выяву Мадонны і – назаўсёды".

"Во! А чаму?"

"Гэта святая Маці Боская…" – прыглушана сказаў Іеранімус.

"Тое праўда… Але ж Вы чуеце, што пан Блютэнцвайг не схільны выконваць Вашае жаданне".