Выбрать главу

"Варта думаць пра тое, што гэта святая Маці Боская", – сказаў Іеранімус, і яго галава задрыжала.

"Так і ёсць… А што далей? Ці мадоннаў наогул нельга выстаўляць? Ці іх і маляваць нельга?"

"Не такім чынам! Не так! – сказаў Іеранімус амаль шэптам, выпрастаўшыся і моцна пахітаўшы некалькі разоў галавою. Яго кантаваты лоб пад башлыком быў увесь спаласаваны доўгімі і глыбокімі папярэчнымі зморшчынамі. – Вы ж добра ведаеце, што гэта само па сабе распуста, тое, што там намаляваў той чалавек… аголеная пажадлівасць! Ад двух сціплых і несвядомых людзей, якія разглядалі гэтую выяву Мадонны, я на свае вушы пачуў, што яна збівае з панталыку, калі разважаць наконт догмы бязгрэшнага зачацця…"

"О, дазвольце, тут іншая справа", – сказаў малады прадавец, сарамліва ўсміхаючыся. Ён у свае вольныя гадзіны напісаў брашуру пра сучаснае развіццё мастацтва і быў, напэўна ж, здольны весці інтэлігентную размову. "Карціна – гэта мастацкі твор, – працягваў ён, – і яго трэба мераць належнай мераю. Яна займела агульнае ўхваленне. Яе купіла дзяржава…"

"Я ведаю, што дзяржава купіла яе, – адказаў Іеранімус. – Я таксама ведаю, што мастак два разы абедаў у рэгента. Народ пра гэта гаворыць, і Бог ведае, як ён ставіцца да таго факта, што нехта за такі твор ператвараецца ў высокашаноўную асобу. Пра што сведчыць гэты факт? Пра слепату свету, слепату, якая выглядае неспасціжнаю, калі яна не грунтуецца на бессаромнай крывадушнасці. Гэтае тварэнне спароджана юрам, і ім захапляюцца ў стане юру… Так гэта ці не? Адкажыце, адкажыце і Вы, пан Блютэнцвайг!"

Настала паўза. Іеранімус, здавалася, вельмі сур’ёзна чакаў адказу і пазіраў сваімі пакутнымі і пранізлівымі вачыма то на двух прадаўцоў, якія ўтаропіліся на яго зацікаўлена і разгублена, то на круглую спіну пана Блютэнцвайга. Панавала цішыня. Толькі жоўты пан з чорнай казлінай бародкаю, схіліўшыся над французскімі малюнкамі, засмяяўся сваім гыгыканнем.

"Так і ёсць! – працягваў Іеранімус, і ў яго хрыплым голасе дрыготка прабіўся глыбокі адчай. – Вы не наважыцеся адмаўляць гэта! Але як тады магчыма сур’ёзна ўхваляць аўтара гэтага тварэння, быццам ён да духоўных даброт чалавецтва дадае яшчэ адну? Як магчыма стаяць перад ёю, без роздуму аддавацца нізкай асалодзе, выкліканай ёй, і прымушаць маўчаць сваё сумленне, ужываючы слова "прыгажосць", нават сур’ёзна запэўніваць сябе, што такім чынам напаўняеш сябе шляхетным, вытанчаным і надзвычай вартым чалавека пачуццём? Што гэта – грубае няведанне ці подлая крывадушнасць? Мой розум у гэтым месцы адмаўляецца штосьці цяміць… ён замаўкае перад абсурдным фактам, што нейкі чалавек праз неразумнае і надзейнае разняволенне сваіх жывёльных інстынктаў можа дасягнуць на зямлі найвышэйшай славы!.. Прыгажосць!.. Што такое прыгажосць? Якім чынам выяўляецца прыгажосць і на што яна ўздзейнічае? Немагчыма, каб Вы гэтага не ведалі, пан Блютэнцвайг! Але як гэта магчыма… не заўважаць такой рэчы, а ўбачыўшы яе, не напоўніцца агідай і злосцю? Гэта злачынства – падцвярджаць і замацоўваць няведанне бессаромных дзяцей і дзёрзкіх прасцякоў праз узвышэнне і блюзнерскае ўсхваленне прыгажосці, і дапамагаць ёй узяць уладу, бо яны яшчэ далёкія ад пакут і яшчэ далей ад збавення!.. Ты бачыш усё вельмі змрочна, ты, незнаёмец, адказваеце Вы мне. Веды, кажу я Вам, – гэта найглыбейшая крыніца святла; але ёсць чысцілішча, без ачышчальнай мукі ў якім не выратуецца ніводная людская душа. Ні дзёрзкі дзіцячы розум, ні грубая непасрэднасць не здымаюць грахі, пан Блютэнцвайг, а толькі тое пазнанне, у якім гінуць і знікаюць юрлівыя пажадлівасці нашай агіднай плоці".

Глыбокая цішыня. Жоўты пан з чорнай казлінай бародкай коратка гыгыкнуў.

"Вам, пэўна, трэба ісці", – лагодна сказаў чалавек з малымі прыбыткамі.

Але Іеранімус не прадэманстраваў аніякіх намераў пайсці. Выпрастаўшыся ва ўвесь рост у сваім паліто з башлыком, з вачыма, якія загарэліся, ён стаяў пасярэдзіне крамы па продажы мастацкіх вырабаў, і яго тоўстыя вусны цвёрдым і быццам праржавелым голасам прамаўлялі нястрымна асуджальныя словы…

"Мастацтва, крычаць яны! Асалода! Прыгажосць! Ахінайце свет прыгажосцю і надавайце кожнай рэчы высакароднасць стылю!.. Не хачу і слухаць вас, гнюсныя вы людзі! Вы хочаце шыкоўнымі фарбамі замазаць нікчэмнасць свету? Спадзеяцеся заглушыць святочным шумам пышнага выдатнага густу стогны зямлі, з якой вы здзекуецеся? Вы памыляецеся, бессаромныя! Бог не дазволіць кпіць з яго, і ў яго вачах ваша нахабнае пакланенне ідалам бліскучай павярхоўнасці – гэта жах!.. Ты ганьбіш мастацтва, ты, незнаёмец, адказваеце Вы мне. Вы маніце, кажу я Вам, я ганьбую не мастацтва. Мастацтва – гэта не бессаромны падман, які спакушае да ўмацавання і пацвярджэння жыцця ў плоці! Мастацтва – гэта святая паходня, якая добрасардэчна нясе святло ва ўсе жудасныя глыбіні, ва ўсе сорамныя і ганебныя прадонні існасці; мастацтва – гэта боскі агонь, які даецца свету, каб ён успыхваў і разыходзіўся разам з усёй ягонай ганьбаю і здзекамі ў выратавальнай спагадзе!.. Забярыце, пан Блютэнцвайг, забярыце твор славутага мастака з той вітрыны… Нават, было б слушна, калі б Вы спалілі яго на пякельным агні і развеялі попел на ўсіх вятрах, на ўсе чатыры бакі!.."