Выбрать главу

Яго непрыгожы голас абарваўся. Ён зрабіў рашучы крок назад, рыўком скінуў з адной рукі чорнае паліто, жарсным рухам выцягнуў яе моцна наперад і далонню, што ўздрыгвала, рухаючыся то ўверх, то ўніз, паказаў на эксапанат, на вітрыну, туды, дзе месцілася выява Мадонны, якая выклікала такі ажыятаж. Ён застаўся стаяць у гэтай уладнай паставе. Яго вялікі нос з гарбінкай, здавалася, тырчаў з загадным выразам, яго цёмныя бровы, якія гусцелі на пераноссі, былі так высока ўзнятыя, што кантаваты, захінуты башлыком лоб быў увесь спаласаваны шырокімі папярэчнымі зморшчынамі, а над яго ўпадзінамі на шчоках запалымнеў ліхаманкавы жар.

Але тут пан Блютэнцвайг павярнуўся. Ці то нахабнае патрабаванне спаліць гэтую сямідзесяцімаркавую рэпрадукцыю так вывела яго з сябе, ці ўвогуле прамовы Іеранімуса нарэшце канчаткова паклалі канец яго цярпенню, але на твары яго намаляваўся справядлівы і моцны гнеў. Ён паказаў насадкаю пяра на дзверы крамы, некалькі разоў коратка і ўзбуджана падзьмуў з носа ў вусы, павалтузіўся з моваю і потым з вялікай настойлівасцю вымавіў:

"Калі Вы, святы-заступнік, імгненна не знікнеце з поля зроку, то я Вам палегчу адыход з дапамогай вунь таго бамбізы, разумееце мяне?"

"О, Вы мяне не запужаеце, Вы не прагоніце мяне, Вы не прымусіце мой голас маўчаць! – усклікнуў Іеранімус, сцягнуўшы свой башлык кулаком над грудзямі, і бясстрашна заматляў галавою. – Я ведаю, што я адзінокі і бяссільны, тым не менш я не замоўкну, аж пакуль Вы мяне не пачуеце, пан Блютэнцвайг! Забярыце карціну з вітрыны і спаліце яе сёння ж! А, спаліце не толькі яе адну! Спаліце разам гэтыя статуэткі і бюсты, выгляд якіх зводзіць у грэх, спаліце гэтыя вазы і ўпрыгожанні, гэтых бессаромных вырадкаў паганства, гэтыя пышна выкананыя любоўныя вершы! Спаліце ўсё, што ўтрымлівае Ваша крама, пан Блютэнцвайг, бо гэта – смецце ў вачах Бога. Спаліце, спаліце, спаліце гэта!" – крычаў ён сам не свой, шырокімі шалёнымі рухамі паказваючы на ўсё вакол сябе. "Гэты ўраджай ужо саспеў для жняца… Нахабнасць сучаснасці зносіць усе запруды… Але я кажу Вам…"

"Краўтгубэр! – з напругай падаў свой голас пан Блюмэнцвайг, павярнуўшыся да дзвярэй на заднім плане. – Зараз жа падыдзіце сюды!"

Тое, што ў выніку гэтага загаду з’явілася на арэне, было масіўным, агромністым Нечым, жудаснай і магутнейшай чалавечай істотаю, таўшчэзнасць якой выклікала жах; наплывістыя, выпіраючыя, абцягнутыя скурай часткі цела, якія паўсюды бясформенна пераходзілі адна ў адну… Бязмерная, агромністая фігура, якая павольна і грузна перамяшчалася па падлозе і цяжка сапла, кормленая соладам, сын племені жудаснае дужасці! На яго твары ўверсе можна было ўбачыць раскудлачаныя маржовыя вусы, агромністы, запэцканы клеем, скураны фартух ахінаў яго тулава, а жоўтыя рукавы кашулі былі закасаныя на руках з жахлівай казкі.

"Ці не адчыніце Вы дзверы гэтаму пану, Краўтгубэр, – сказаў пан Блютэнцвайг. – І калі ён у іх усё-такі не патрапіць, дапамажыце яму знайсці вуліцу".

"Га?" – рыкнуў чалавек, паглядаючы сваімі маленькімі слановымі вочкамі то на Іеранімуса, то на свайго карміцеля… Пачуўся глухі гук з цяжкасцю стрыманай сілы. Потым ён пайшоў, скаланаючы ўсё вакол сябе сваім тупаннем, да дзвярэй і адчыніў іх.

Іеранімус увесь спалатнеў. "Спаліце…", – хацеў ён сказаць, але ўжо адчуў, як нейкая страшэнная звышсіла, фізічная сіла, супраць якой немагчымы быў аніякі супраціў, павярнула яго і павольна, але нястрымна пацясніла да дзвярэй.

"Я слабы… – прамовіў ён. – Мая плоць не вытрымлівае гвалту… яна не вытрывае, не… Што гэта даказвае? Спаліце…"

Ён замоўк. Ён апынуўся па-за крамаю. Агромністы служка пана Блютэнцвайга нарэшце выпхнуў яго даволі лёгкім ударам і штуршком, так што ён, абапёршыся на адну руку, апусціўся бокам на каменную прыступку. А за яго спінаю з бразгатам зачыніліся зашклёныя дзверы.

Падняўшыся, ён стаяў, выпрастаўшыся і цяжка дыхаючы, трымаў адным кулаком свой башлык, сцягнуты паўзверх грудзей, апусціўшы другі кулак пад паліто. Упадзіны шчок былі афарбаваныя ў шэрую бледнасць; ноздры яго вялікага, гарбатага носа надзімаліся і сціскаліся ўздрыгваючы; яго агідныя вусны былі скрыўлены з выразам адчайнай нянавісці, а вочы, напоўненыя палам, блукалі разгублена і ўсхвалявана па прыгожай плошчы.