Выбрать главу

Ён не заўважаў позіркаў, скіраваных на яго з цікаўнасцю і насмешлівасцю. На мазаіцы перад вялікай Залай Палкаводцаў ён бачыў крывадушнасці свету, карнавальныя касцюмы мастакоўскіх фестываляў, упрыгожанні, вазы, каштоўнасці і стылёвыя прадметы, голыя статуі і жаночыя бюсты, маляўнічыя адраджэнні паганства, партрэты славутых прыгажунь, створаныя рукою майстра, пышна аформленыя любоўныя вершы і прапагандысцкія матэрыялы па мастацтве, складзеныя ў форме пірамід і пад радасныя крыкі народа, зняволенага праз яго страшэнныя словы, усё гэта ўздымаецца траскучым полымем… Ён глядзеў насустрач жаўтаватай сцяне воблакаў, якую нацягнула ад Тэатынэрштрасэ і ў сярэдзіне якой паціху пагруквала, а таксама было відаць шырокі вогненны меч, які ў серным святле расцягваўся над вясёлым горадам…

"Gladius Dei super terram…[52], – прашапталі яго тоўстыя вусны, і выпростваючыся ўверх у сваім башлыку, прыхавана і сутаргава памахваючы кулаком, які звісаў долу, ён шаптаў калоцячыся: – Cito et velociter!"[53]

Трыстан

I

Вось гэта і ёсць "Айнфрыд", санаторый! Ён, просты і ўвесь прамалінейны, са сваім прадаўгаватым галоўным корпусам і бакавым флігелем месціцца пасярэдзіне прасторнага саду, цудоўна ўпрыгожанага гротамі, аркамі і маленькімі павільёнамі з драўнянай кары, а за ягонымі шыфернымі дахамі ўзвышаюцца горы, зялёныя ад соснаў, масіўныя і лагодна пасечаныя цяснінамі.

Як і раней, установай кіруе доктар Леандэр. З падвойнай барадою, шорсткай і кудлатай, як конскі волас, якім напханая мэбля, з тоўстымі бліскучымі шкельцамі акуляраў; з выглядам чалавека, загартаванага навукаю і напоўненага ціхім далікатным песімізмам, ён трымае ў сваім палоне на кароткім павадку і нябачна хворых, – усіх гэтых індывідаў, якія занадта слабыя, каб усталёўваць законы самім сабе і трымацца іх, аддаюць яму сваю маёмасць, каб мець права карыстацца яго падтрымкаю.

Што да фройляйн фон Остэрла, то яна з нястомнай самаахвярнасцю кіруе гаспадаркай. О Божа мой, як яна энергічна бегае па сходах уверх-уніз, з аднаго канца ўстановы ў другі! Яна – гаспадыня ў кухні і кладоўцы, яна корпаецца ў шафах з бялізнаю, яна аддае загады служкам і замаўляе з улікам ашчаднасці, гігіены, добрага густу і знешняй прывабнасці стол для дома, яна гаспадарыць з нястрымнай клапатлівасцю, і ў яе надзвычайнай стараннасці хаваецца заўсёдны папрок усяму мужчынскаму свету, у якім ніхто яшчэ не паспытаў спакусы забраць яе да сябе. Але на яе шчоках у дзвюх круглых чырвоных, як кармазін, плямах гарыць нязгасна надзея з часам стаць фрау Леандэр, жонкай доктара.

Азон і спакойнае вольнае паветра… Для лёгачных хворых "Айнфрыд", што б ні гаварылі зайздроснікі і супернікі доктара Леандэра, гэта ўстанова, якую можна рэкамендаваць ад шчырай душы. Тут лечацца не толькі хворыя на сухоты, тут пацыенты самыя розныя: мужчыны, дамы, нават дзеці; доктар Леандэр дамогся поспехаў у самых розных галінах. Тут ёсць хворыя на гастрыт, як, напрыклад, жонка радцы магістрата Шпаца, у якой, акрамя таго, яшчэ хворыя вушы; паны з парокам сэрца, паралітыкі, рэўматыкі, а таксама з хворымі нервамі ў розным стане. Генерал-дыябетык пад заўсёднае бурчанне праядае тут сваю пенсію. Некаторыя паны з тварамі настолькі схуднелымі, што засталіся толькі скура ды косці, нагэтулькі кепска рухаюць сваімі нагамі, што гэта не можа абяцаць нічога добрага. Пяцідзесяцігадовая дама, пастарава жонка Гёленраўх, якая нарадзіла дзевятнаццаць дзяцей і больш не здольная спарадзіць аніводнае думкі, аднак не супакойваецца, а ўжо год, узяўшы пад руку сваю прыватную мамку, аслупянела і моўчкі, бязмэтна і жудасна бадзяецца па ўсім будынку, быццам яе гоніць нейкая вар’яцкая неўтаймоўнасць.

Час ад часу нехта з "цяжкіх" памірае; тады яны ляжаць у палатах і не прыходзяць ні харчавацца, ні аглядацца ў доктара, і ніхто, нават сусед з палаты, нічога пра гэта не ведае. Ціхай спакойнай ноччу васковага кліента выносяць прэч, а справы ў "Айнфрыдзе" ідуць сваёй хадою: масажы, электрапрацэдуры, ін’екцыі, душ, купанне, гімнастыка, паценне і інгаляцыя ў працэдурных кабінетах, абсталяваных усімі дасягненнямі сучаснасці.

Так, жыццё працягваецца. Установа перажывае росквіт. Парцье на ўваходзе ў бакавое крыло абвяшчае пра прыбыццё новых кліентаў, б’ючы ў вялікі звон, а тых, хто ад’язджае, доктар Леандэр разам з фройляйн фон Остэрла, як мае быць, суправаджае да экіпажа. Каму толькі ўжо не даваў прытулак "Айнфрыд"! Тут ёсць нават пісьменнік, эксцэнтрычны чалавек, у якога імя нейкага мінералу ці каштоўнага каменя і які тут бяздзейна праводзіць дні…

вернуться

52

"Божы меч над зямлёй" (лац.).

вернуться

53

"Хутка і няўхільна!" (лац.)