Выбрать главу

Між іншым, тут, акрамя пана доктара Леандэра, ёсць яшчэ адзін доктар – для лёгкіх і… безнадзейных выпадкаў. Яго завуць Мюлер, і ўвогуле пра яго гаварыць няма чаго.

II

У пачатку студзеня буйны купец Клётэр’ян з фірмы "А. С. Клётэр’ян і кампанія" прывёз у "Айнфрыд" сваю жонку; парцье стукнуў у звон, і фройляйн фон Остэрла павітала панства, якое прыехала здалёку, у прыёмным пакоі на першым паверсе, які, як амаль увесь арыстакратычны стары будынак, быў пабудаваны ў цудоўна чысым стылі ампір. Адразу ж з’явіўся і доктар Леандэр; ён пакланіўся, і тут пачалася першая размова, якая ўводзіла ў курс справы абодва бакі.

За акном ляжаў зімовы сад з матамі на градах, заснежанымі гротамі і адзінокімі альтанкамі, і два хатнія слугі прыцягнулі валізы новых кліентаў з машыны, якая спынілася на шашы перад кратаванай брамаю, бо да будынка пад’езду не было.

"Памалу, Габрыэле, take care[54], мой анёл, і не адкрывай рота", – сказаў пан Клётэр’ян, праводзячы жонку цераз сад; і гэтае "take care" кожны шчыра падтрымаў бы, маючы пяшчотнае і чуллівае сэрца, калі б убачыў яе, – хоць нельга было б і не прызнаць, што гэта самае пан Клётэр’ян мог бы лёгка сказаць і па-нямецку.

Кучар, які прывёз панства ад станцыі ў санаторый, грубы несвядомы мужчына без далікатнасці ў пачуццях, якраз шчыльна стуліў рот ад бяссільнай трывогі, калі купец дапамагаў сваёй жонцы выйсці з экіпажа; нават здавалася, што абодва гнядыя, ад якіх ішла ў спакойным марозным паветры пара, напружана, вытарашчанымі вачыма назіралі за гэтым асцярожным працэсам, перажываючы за такую слабую грацыю і пяшчотную прывабнасць.

Маладая дама пакутавала на хворую трахею, як выразна было напісана ў рэкамендацыйным лісце, загадзя накіраваным панам Клётэр’янам з узбярэжжа Балтыйскага мора галоўнаму ўрачу "Айнфрыда", і дзякаваць Богу, што гэта былі не лёгкія! Але калі б напраўду выявілася, што гэта ўсё-такі былі лёгкія, – новая пацыентка не магла б мець больш лагоднага і шляхетнага, больш разгубленага і нематэрыяльнага выгляду, чым цяпер, калі побач са сваім каржакаватым мужам лагодна і зморана сачыла за размоваю седзячы, нават напалову лежачы ў светла лакіраваным вертыкальным фатэлі.

Яе прыгожыя бледныя рукі без упрыгожанняў, калі не браць пад увагу сціплага вясельнага пярсцёнка, спакойна ляжалі ў складках падола цяжкай і цёмнай суконнай спадніцы, а яшчэ на ёй быў шчыльны срэбна-шэры ліф з цвёрдым вертыкальным каўнерыкам; ліф быў аздоблены накладнымі аксамітнымі арабескамі. Але гэтыя цяжкія і цёплыя матэрыялы надавалі невыказную пяшчоту, асалоду і млоснасць галоўцы, яна здавалася яшчэ больш кранальнай, незямною і пяшчотнаю. Яе светла-каштанавыя валасы, сабраныя на патыліцы ў вузел, былі гладка зачасаныя назад, і толькі побач з правай скроняй маленькі кучаравы локан вольна спадаў на лоб блізка ад месца, дзе над прыгожа абрысаваным брывом на чысціні і бездакорнасці гэтага празрыстага лба сінявата і хваравіта адгаліноўвалася маленькая жылка. Гэтая сіняя жылка над вокам трывожным чынам панавала на ўсім зграбным авале твару. Яна асабліва выразна праступала, як толькі жанчына пачынала размаўляць, нават калі яна толькі ўсміхалася, і тады яна надавала выразу твару штосьці напружанае, нават прыгнятальнае, што выклікала няпэўную боязь. Аднак яна размаўляла і ўсміхалася. Размаўляла нязмушана і зычліва прыцішаным голасам ды ўсміхалася вачыма, якія пазіралі крышку зморана, нават час ад часу выяўлялі невялікую схільнасць мяняць колер, і куточкі якіх з абодвух бакоў ад вузкага пераносся ляжалі ў глыбокім цені; яна ўсміхалася сваім прыгожым шырокім ротам, які быў бледнаваты, але ўсё роўна здавалася, што ён свеціцца – магчыма таму, што яго вусны былі акрэсленыя надзвычай рэзка і выразна. Часам яна пачынала керхаць. Пры гэтым яна падносіла да рота насоўку і разглядала яе.

"Не кашляй, Габрыэле, – казаў пан Клётэр’ян. – Ты ж ведаеш, што доктар Хінцпэтэр дома строга забараніў табе, darling[55], і гэта дзеля таго, каб узяць сябе ў рукі, мой анёлак. Гэта ж, як ты ведаеш, трахея, – паўтарыў ён. – Я сапраўды напачатку думаў, што гэта лёгкае, і я, бачыць Бог, вельмі спужаўся. Але гэта не лёгкае, не, д’ябал пабірай, на гэта мы не пойдзем, ці не праўда, Габрыэле? Ха-ха!"

"Ну, вядома", – сказаў доктар Леандэр і бліснуў у яе бок шкельцамі акуляраў.

Пасля гэтага пан Клётэр’ян папрасіў кавы – кавы з булачкамі з маслам; яго вымаўленне мела асаблівасць: гук "к" ён прагаворваў глыбока ў роце ззаду, у самым зеве; а яшчэ ён так вымаўляў "булачкі", што ў любога абуджаўся апетыт.

вернуться

55

darling (англ.) – дарагая.