Выбрать главу

Ён атрымаў замоўленае, а таксама пакой для сябе і сваёй жонкі, і яны ўладкаваліся, як належыць.

Між іншым, доктар Леандэр узяўся за лячэнне сам, не звяртаючыся ў гэтым канкрэтным выпадку да паслуг доктара Мюлера.

III

Асоба новай пацыенткі выклікала незвычайную цікавасць у "Айнфрыдзе" – пан Клётэр’ян, звыклы да такой увагі, успрымаў усё шанаванне, якое ім выказвалася, з задавальненнем. Генерал-дыябетык на нейкі момант перастаў бурчэць, калі ўпершыню ўбачыў яе, паны са схуднелымі тварамі заўсміхаліся і напружана стараліся ўтаймаваць свае ногі, падыходзячы блізка да яе, а жонка радцы магістрата Шпаца адразу ж далучылася да яе як старэйшая сяброўка. Сапраўды, яна зрабіла ўражанне, гэтая жанчына, якая насіла прозвішча пана Клётэр’яна! Пісьменнік, які ўжо некалькі тыдняў бавіўся ў "Айнфрыдзе", дзівак, што выклікаў неўразуменне, а прозвішча якога гучала, як назва каштоўнага каменя, адразу ж мяняўся на твар, калі яна праходзіла ў калідоры паўз яго, спыняўся і працягваў стаяць як аслупянелы, нават калі яе ўжо даўно не было відаць.

Не прамінула і двух дзён, як уся кампанія хворых ужо была знаёмая з яе гісторыяй. Яна была родам з Брэмена, што, між іншым, лёгка пазнавалася паводле пэўных мілых скажэнняў гукаў, калі яна размаўляла; і там два гады таму яна аддала сваю руку і сэрца буйному купцу Клётэр’яну. Яна паехала за ім у ягоны родны горад на ўзбярэжжы Балтыйскага мора і, ужо каля дзесяці месяцаў таму, у надзвычай цяжкіх і небяспечных умовах падаравала яму надзіва жвавенькага і здаровенькага сына-нашчадка. Але пасля тых жудасных дзён яна ніяк не можа прыйсці ў сябе і сабрацца з сіламі – гэта калі меркаваць, што ў яе тыя сілы былі ўвогуле. Як толькі яна ўстала з ложка парадзіхі, дашчэнту зняможаная, страціўшы шмат жыццёвых сіл, у яе пры кашлі з’явілася кроў – не, не шмат, нязначная малая колькасць крыві; але ж было б куды лепш, каб яна ўвогуле не з’яўлялася; а трывогу выклікала тое, што такі нязначны непрыемны выпадак неўзабаве паўтарыўся зноў. Што ж, на гэта меліся адпаведныя сродкі, і доктар Хінцпэтэр, хатні доктар, скарыстаўся імі. Ёй быў рэкамендаваны поўны спакой, трэба было глытаць кавалачкі лёду, быў прапісаны морфій супраць кашлю і наказаная неабходнасць не хваляваць сэрца. Але папраўка ніяк не надыходзіла, і ў той час як дзіця, Антон Клётэр’ян-малодшы, заваёўвала і зацвярджала сваё месца пад сонцам, выявіўшы сябе шыкоўным хлопчыкам з незвычайнай энергіяй і рашучасцю, маладая маці, здавалася, згасала, дагараючы лагодным і ціхім агнём. Гэта, як ужо гаварылася, была трахея – слова, якое на вуснах доктара Хінцпэтэра нечакана суцяшальна, заспакаяльна ўздзейнічала на ўсе пачуцці, гучала амаль бадзёра. Але, хоць гэта былі і не лёгкія, доктар нарэшце палічыў, што для паскарэння лячэння пільна пажаданы ўплыў больш мяккага клімату і знаходжання ў санаторнай установе, а рэпутацыя санаторыя "Айнфрыд" і яго кіраўніка дарабіла астатняе.

Вось такія былі варункі, і пан Клётэр’ян распавядаў гэта кожнаму, хто выяўляў цікавасць. Ён размаўляў з выстаўленымі наперад вуснамі гучна, нязмушана і ў добрым гуморы, як чалавек, са страваваннем у якога ўсё ў парадку, як і з яго кашальком; так размаўлюць жыхары ўзбярэжжа на поўначы – шырока і ўсё-такі хутка. Некаторымі словамі ён як бы разладоўваў сябе, так што кожны гук быў падобны да маленькага выбуху, і ён смяяўся з гэтага, як з удалага жарту.

Ён быў сярэдняга росту, шыракаплечы, дужы і каратканогі, і ў яго быў поўны чырвоны твар з блакітнымі, як вада, вачыма пад зусім белымі вейкамі, унушальнымі ноздрамі і вільготнымі вуснамі. У яго былі англійскія бакенбарды; апранаўся ён таксама, як англічанін, і аднойчы выказаў сваё захапленне, калі сустрэў у "Айнфрыдзе" англійскую сям’ю – бацьку, маці і траіх сімпатычных дзяцей з іх nurse[56], якая знаходзілася тут толькі таму, што не ведала, дзе яна магла б быць яшчэ, і з якой ён раніцай снедаў па-англійску. Між іншым, ён любіў есці ды піць шмат і добра, пазіцыянаваў сябе як сапраўдны знаўца кухні і склепа і забаўляў грамадства ў санаторыі самым захапляльным чынам сваімі расповедамі пра абеды, што даваліся дома ў яго коле знаёмых, а таксама апісаннем адмыслова вытанчаных, тут невядомых страў. Пры гэтым яго вочы з зычлівым выразам звужаліся, а яго мова набывала штосьці паднябеннае і насавое, і гэтыя гукі суправаджаліся шумам лёгкага чвякання ў горле. Тое, што ён прынцыпова не выракаўся і іншых зямных радасцей, ён давёў у той вечар, калі адзін госць "Айнфрыда", паводле прафесіі пісьменнік, убачыў, як ён у калідоры даволі непрыстойным чынам жартаваў з пакаёўкаю – маленькі, гумарыстычны эпізод, наконт якога той пісьменнік зрабіў смешна гідлівую міну.

вернуться

56

nurse (англ.) – нянька.