Выбрать главу

Што да жонкі пана Клётэр’яна, то можна было дакладна і выразна бачыць, што яна была адданая яму ўсім сэрцам. Яна з усмешкай прымала яго словы і рухі; не з фанабэрыстай паблажлівасцю, з якой некаторыя хворыя ставяцца да здаровых, а з зычлівай радасцю і спагадаю прыстойных хворых у дачыненні да ўпэўненых праяў жыццёвага імпэту людзей, якія ўтульна адчуваюць сябе ў сваёй скуры.

Пан Клётэр’ян не доўга прабыў у "Айнфрыдзе". Ён прывёз сюды жонку, а праз тыдзень, калі ўпэўніўся, што яна тут адчувала сябе ўтульна і ў добрых руках, надалей не заставаўся. Абавязкі пільнай важнасці – яго квітнеючае дзіця, такое ж квітнеючае прадпрыемства – паклікалі яго назад на радзіму; яны змусілі яго паехаць і пакінуць сваю жонку карыстацца асалодаю самага лепшага догляду.

IV

Шпінэль было прозвішча пісьменніка, які ўжо на працягу некалькіх тыдняў жыў у "Айнфрыдзе"; яго звалі Дэтлеф Шпінэль, а яго знешнасць была дзіўнаватаю.

Уявіце сабе брунета на пачатку трыццаці і са зграбнай фігураю, у якога валасы на скронях ужо заўважна пачынаюць сівець, чый круглы белы твар, аднак, яшчэ не выяўляў і следу расліннасці. Ён яшчэ не галіўся – гэта было б заўважна; мяккі, расплывісты і хлапечы, ён быў толькі месцамі пакрыты асобнымі пушыстымі валасінкамі. І гэта выглядала вельмі дзіўна. Позірк яго піўных, як у казулі, чыстых вачэй меў лагодны выраз, нос быў прыпухлы і крышку занадта мясісты. Акрамя таго, у пана Шпінэля была несіметрычная порыстая верхняя губа рымскага тыпу, вялікія, пабітыя карыесам, зубы і ногі рэдкага памеру. Адзін з паноў з неўтаймоўнымі нагамі, цынік і жартаўнік, ахрысціў яго за вочы "гнілым груднічком"; але гэта было груба і не зусім удала… Ён хадзіў добра і модна апранутым: у доўгім чорным сурдуце і ў камізэльцы ў стракатую крапінку.

Ён быў некампанейскі і не быў ні з кім у прыязных стасунках. Толькі час ад часу яго апаноўваў таварыскі, пяшчотны і бурны настрой, і гэта здаралася кожны раз, калі пан Шпінэль апынаўся ў стане эстэтычнай узнёсласці, калі сустрэча з нечым прыгожым – гармонія двух колераў, ваза высакароднай формы, горы ў промнях сонца на захадзе – выклікала ў яго надзвычайнае захапленне. "Як цудоўна! – прамаўляў ён тады, схіляючы галаву набок, падцягваў уверх плечы, скрыжоўваў рукі і крывіў нос і губы. – О Божа, зірніце, якая прыгажосць!" І ён, расчулены такім краявідам, быў здольны слепа абняць за шыю самых далікатных людзей – не разбіраючы, мужчына гэта ці жанчына.

Увесь час на яго стале ляжала кніга, напісаная ім, якую бачыў кожны, хто заходзіў у ягоны пакой. Гэта быў раман ладнага памеру з цалкам заблытана-няўцямным малюнкам на вокладцы і надрукаваным на адмысловай паперы-фільтры для кавы з літарамі, кожная з якіх выглядала, як гатычны храм. Фройляйн фон Остэрла прачытала яго ў вольны час і знайшла "рафінаваным", што, адпаведна яе манеры даваць ацэнку, азначала "бесчалавечна-сумна". Дзея адбывалася ў свецкіх салонах, у пышных жаночых пакоях, поўных шыкоўных прадметаў, процьмай габеленаў, старажытнай мэблі, выдатнай парцэляны, неацэнных матэрый і мастацкіх каштоўнасцей рознага кшталту. Апісанню гэтых рэчаў надавалася самае душэўнае значэнне, і ўвесь час можна было назіраць, як пан Шпінэль моршчыў нос і казаў: "Якая прыгажосць! Божа, зірніце, якая прыгажосць!.."

Між іншым, павінна было выклікаць здзіўленне, што ён не напісаў больш кніг, акрамя гэтай адной, а стваралася ўражанне, што ён цяпер пісаў з асаблівым запалам. Ён праводзіў большую частку дня ў сваім пакоі за пісаннем і насіў адпраўляць на пошту надзвычай шмат лістоў, амаль кожны дзень – адзін або два, прычым дзіўна і камічна кідалася ў вочы, што сам ён надзвычай рэдка атрымліваў іх…

V

Пан Шпінэль сядзеў за сталом насупраць жонкі пана Клётэр’яна. На першае снеданне, у якім брала ўдзел грамада, ён з’явіўся ў вялікай сталоўцы на першым паверсе бакавога крыла крыху запозна, вымавіў лагодным голасам агульнае для ўсіх прывітанне і накіраваўся на сваё месца, пасля чаго доктар Леандэр без асаблівых цырымоній прадставіў яго новым гасцям. Шпінэль пакланіўся і потым пачаў, відавочна крыху разгублены, есці, даволі манерна маніпулюючы нажом і відэльцам у сваіх вялікіх белых прыгожых руках, што высоўваліся з вельмі вузкіх рукавоў. Пазней ён разняволіўся і спакойна разглядаў па чарзе то пана Клётэр’яна, то ягоную жонку. Пан Клётэр’ян на працягу снедання таксама задаў яму некалькі пытанняў і выказаў меркаванні наконт установы і клімату "Айнфрыда", у якія ў сваёй прыязнай манеры некалькімі словамі ўмяшалася і яго жонка і на якія пан Шпінэль ветліва адказаў. Яго голас быў лагодны і даволі прыемны; але ў яго была крышку затарможаная і чвякальная манера вымаўлення, як быццам языку ў роце перашкаджалі зубы.