Выбрать главу

"І праўда, гэта дзіўна, – прамовіла яна. – Між іншым, я гэта разумею, калі вельмі напружуся".

Ён адказаў, што дзеля гэтага не варта напружвацца, і потым яны разам засмяяліся. Жонка радцы Шпаца таксама засмяялася і палічыла гэта дзіўным; але яна не сказала, што зразумела гэта.

Пакой для адпачынку быў прасторны і прыгожы. Высокія белыя двухстворкавыя дзверы ў суседняе памяшканне для гульні ў більярд, дзе забаўляліся паны з неўтаймоўнымі нагамі ды яшчэ сёй-той былі шырока расчыненыя. З другога боку шкляныя дзверы адкрывалі від на шырокую тэрасу і сад. Збоку ад дзвярэй стаяла піяніна. Меўся стол для гульні, абабіты зялёным сукном, а за ім генерал-дыябетык ды яшчэ некалькі паноў гулялі ў віст. Дамы чыталі або нешта рабілі рукамі. Жалезная печка забяспечвала цяплом, а перад стыльным камінам, у якім ляжалі падробныя вуглі, заклееныя полымна-чырвонымі палоскамі паперы, былі ўтульныя месцы для нязмушаных размоў.

"Ці Вы належыце да тых, хто рана ўстае, пане Шпінэль?, – спытала жонка пана Клётэр’яна. – Я выпадкова ўжо два або й тры разы бачыла, як Вы выходзіце з дому а палове восьмай раніцы".

"Рана ўстаю? Ах, вельмі па-рознаму, шаноўная пані. Я ўстаю рана таму, што люблю позна паспаць".

"Гэта Вам давядзецца растлумачыць, пане Шпінэль!"

Жонка радцы Шпаца таксама пажадала пачуць тлумачэнне.

"Ну, калі ты любіш рана ўставаць, то, мне здаецца, няма неабходнасці ўставаць аж так рана. Сумленне, шаноўная пані… гэта дрэнная справа… наконт сумлення! Я і падобныя да мяне, мы на працягу ўсяго нашага жыцця б’ёмся з ім і занятыя ўвесь час па горла, каб то там, то тут падмануць і каб хоць крышку хітра задаволіць яго. Мы бескарысныя істоты, я і да мяне падобныя, і, з выняткам некалькіх добрых гадзін, мы цягнемся, абдзіраючыся ў кроў аб усведамленне нашай бескарыснасці. Мы ненавідзім карыснае, мы ведаем, што яно подлае і непрыгожае, і мы баронім гэтую праўду так, як толькі і бароняць ісціны, якія нам абавязкова неабходныя. І ўсё ж такі мы здратаваныя нячыстым сумленнем цалкам, да такой ступені, што на нас не засталося ніводнай святой плямы. Сюды дадаецца яшчэ і тое, што ўся сутнасць нашага ўнутранага існавання, наш светапогляд, наш працоўны стыль… робіць жудасна нездаровае, падрыўное, трывожнае ўздзеянне, і гэта таксама пагаршае справу. Тут маецца маленькі заспакаяльны сродак, без якога проста немагчыма было б вытрываць. Пэўная прыстойнасць і гігіенічная строгасць жыццёвага ладу, напрыклад, для некаторых з нас – патрэба. Рана ўставаць, жорстка рана, халодная ванна і шпацыр – на вуліцу ў снег… Гэта тое, што, магчыма, робіць нас на гадзінку задаволенымі самімі сабою. Калі б я дазваляў сабе быць такім, як ёсць, то я да паўдня ляжаў бы ў пасцелі, паверце мне. Калі я рана ўстаю, гэта, шчыра кажучы, крывадушнасць".

"Не, чаму, пане Шпінэль! Я называю гэта самапераадоленнем… Ці не праўда, пані Шпац?"

Жонка радцы назвала гэта таксама самапераадоленнем.

"Крывадушнасць ці самапераадоленне, шаноўныя пані! Якому слову аддаць перавагу? Я настолькі тужліва сумленны ад нараджэння, што я…"

"У тым і рэч. Напэўна, Вы тужыце зашмат".

"Сапраўды, шаноўная пані, я тужу шмат".

…Стаяла пагода. Белая, трывалая і чыстая, бязветраная, ярка марозная… У асляпляльным святле і сіняватых ценях ляжала мясцовасць, ляжалі горы, дом і сад; пяшчотна-блакітнае неба, у якім, здавалася, танчылі мірыяды бліскучых светлячкоў, мігатлівых крышталяў, бездакорным скляпеннем апускалася над усім гэтым. Становішча жонкі пана Клётэр’яна ў гэты час было здавальняючым; тэмпературы не было, яна амаль не кашляла і ела без вялікай агіды. Яна часцяком сядзела на тэрасе, як было прадпісана, цягам гадзін на сонечным марозе. Сядзела пад снегам, захутаная з галавою ў коўдры і футры, і ўдыхала, поўная надзеі, чыстае ледзяное паветра, каб саслужыць добрую службу сваёй трахеі. Яна часам заўважала пана Шпінэля – як ён, таксама цёпла апрануты і ў футравым абутку, які надаваў яго нагам фантастычны памер, прагульваўся ў садзе. Ён ішоў як бы навобмацак па снезе, і ў становішчы ягоных рук існавала нейкая насцярожанасць, нейкая застыглая грацыёзнасць; падыходзячы да тэрасы, ён з пашанай вітаўся з ёю і ўздымаўся па ніжніх прыступках, каб распачаць невялічкую размову.