Выбрать главу

"Ну, а Экгаф? Хіба Экгаф гучыць прыгажэй? У майго бацькі прозвішча Экгаф".

"О, вось бачыце! Экгаф штосьці зусім іншае. Нават адзін вялікі акцёр меў прозвішча Экгаф. Экгаф – гэта прымальна. Вы згадалі толькі Вашага бацьку. А Ваша пані маці…"

"Ну так, мая маці памерла, калі я была яшчэ маленькая".

"Ах… Але распавядзіце мне крышку больш пра сябе, калі можна? Калі гэта Вас натамляе, тады не трэба. Тады адпачывайце, а я буду далей распавядаць Вам пра Парыж, як і надоечы. Але Вы б маглі гаварыць зусім ціха, нават шаптаць, ад гэтага ўсё будзе гучаць яшчэ прыгажэй… Вы ж нарадзіліся ў Брэмене?"

І гэтае пытанне ён прамовіў амаль бязгучна, пачцівым і шматзначным тонам, як быццам Брэмен – непараўнальны горад, горад невыказных прыгод і няведамых вабнот, нарадзіцца ў якім – таямнічая веліч.

"Але, уявіце сабе! – сказала яна міжволі. – Я паходжу з Брэмена".

"Я там быў аднойчы", – заўважыў ён задуменна.

"О Божа, Вы таксама былі там? Не, паслухайце, пане Шпінэль, мне здаецца, што Вы бачылі ўсё ад Туніса да Шпіцбергена!"

"І праўда, я аднойчы быў там, – паўтарыў ён. – Колькі кароткіх вячэрніх гадзін. Я згадваю старую вузкую вуліцу, над франтонамі якой коса і незвычайна стаяў месяц. Потым я быў у склепе, у якім стаяў пах віна і гнілізны. Гэта такі пранізлівы ўспамін…"

"Праўда? Дзе ж гэта магло быць?.. Так і ёсць, я нарадзілася ў гэткім самым шэрым будынку з высокім дахам, у старым купецкім доме з гулкім калідорам і лакіраванай белаю галерэяй".

"Значыць, Ваш бацька – купец?" – спытаўся ён з пэўнай нерашучасцю.

"Купец. Але акрамя таго і, мусіць, у першую чаргу ён – мастак".

"А! А! І ў якой сферы?"

"Ён іграе на скрыпцы… Але гэта не галоўнае. Як ён іграе, пане Шпінэль, у гэтым справа! Некаторыя пасажы я ніколі не магла слухаць без надзвычай гарачых слёз у вачах, нішто так не ўздзейнічала на мяне. Вы не паверыце…"

"Я веру! Ах, як я гэтаму веру!.. Скажыце мне, шаноўная пані: Ваш род, пэўна, вельмі старадаўні? Мусіць, ужо шмат пакаленняў жыло, працавала і благаслаўляла ўсё, што мінае, у гэтым шэрым доме з высокім франтонам?"

"Тое праўда… А чаму Вы пытаецеся?"

"Бо нярэдка здараецца, што нейкі род з практычнымі, буржуазнымі і сухімі традыцыямі пры канцы сваіх дзён асвятляецца промнямі мастацтва".

"Няўжо так бывае?.. Так, што да майго бацькі, то ён, напэўна, большы мастак, чым той, хто называе сябе мастаком і жыве ў славе. Я толькі трошкі граю на піяніна. Цяпер мне гэта забаранілі, але тады, дома, я яшчэ грала. Мы з бацькам ігралі разам… Так, усе гэтыя гады́ жывуць у мілых успамінах… Асабліва сад, наш сад за домам. Ён быў жудасна здзічэлы і зарослы, абнесены разваленым мурам, парослым мохам; але якраз гэта і надавала яму прыцягальнасць. У сярэдзіне быў фантан з цяжкім вянком касачоў. Летам я там бавіла доўгія гадзіны з маімі сяброўкамі. Мы ўсе сядзелі на маленькіх складных крэселках вакол фантана…"

"Які цуд! – прамовіў пан Шпінэль і расправіў плечы. – Вы сядзелі і спявалі?"

"Не, найчасцей вязалі".

"І ўсё-такі… усё-такі…"

"Так, мы вязалі і нязмушана размаўлялі, мае шэсць сябровак і я…"

"Як цудоўна! Божа, паслухайце, як цудоўна!" – усклікнуў пан Шпінэль, а яго твар увесь перакрывіўся.

"Што Вы знаходзіце ў гэтым такое цудоўнае, пане Шпінэль!"

"О, тое, што, акрамя Вас, было яшчэ шэсць, што Вы не ўваходзілі ў гэты лік, а што Вы вылучаліся, як каралева… Вы адрозніваліся ад сваіх шасці сябровак… Маленькая залатая карона, зусім непрыкметная, але вельмі значная, была схаваная ў Вашых валасах і зіхцела…"

"Не, глупства, ніякай кароны…"

"Была, была… Яна зіхцела таемна. Я ўбачыў бы яе, выразна ўбачыў бы яе ў Вашых валасах, калі б я ў гэты час незаўважна стаяў, схаваўшыся ў кустах…"

"Бог ведае, што б Вы ўбачылі. Але Вас там не было, затое аднойчы там быў мой цяперашні муж, які разам з маім бацькам выйшаў з кустоў. Баюся нават, што яны падслухалі нашу балбатню…"

"Значыць, там Вы пазнаёміліся з Вашым шаноўным мужам, шаноўная пані?"

"Так, я там пазнаёмілася з ім! – прамовіла яна гучна і радасна, і калі яна ўсміхнулася, пяшчотна-сіняя жылка напружана і дзіўна праступіла над яе брывом. – Ён зрабіў візіт майму бацьку на прыдпрыемстве, ведаеце. Назаўтра ён быў запрошаны на абед, а яшчэ праз тры дні ён папрасіў маёй рукі".

"Сапраўды! Так незвычайна хутка ўсё здарылася?"

"Так… Што праўда, потым усё пайшло крыху павольней… Таму што бацька не надта прыхільна ставіўся да справы, каб Вы ведалі, і патрабаваў для роздуму больш працяглага часу. Па-першае, яму хацелася як даўжэй утрымаць мяне пры сабе, акрамя таго ў яго меліся і іншыя сумненні. Але…"