Выбрать главу

"Звярніце ўвагу, а гнілы груднічок таксама не едзе".

І ён меў рацыю, бо пан Шпінэль паведаміў, што ён сёння папаўдні хоча папрацаваць – ён вельмі любіў ужываць у дачыненні да сваёй сумнеўнай дзейнасці слова "працаваць". Між іншым, аніводная душа не шкадавала, што ён заставаўся, і гэтак жа лёгка паставіліся і да таго, што жонка радцы Шпаца вырашыла далучыцца да сваёй малодшай сяброўкі, бо паездка, маўляў, выклікае ў яе "марскую хваробу".

Адразу па абедзе, які сёння адбыўся ўжо каля дванаццатай гадзіны, перад "Айнфрыдам" спыніліся сані, і ажыўленымі групамі, цёпла захутаўшыся, пацыенты, зацікаўленыя і расхваляваныя, падаліся цераз сад. Жонка пана Клётэр’яна стаяла з пані Шпац каля шкляных дзвярэй, якія вялі на тэрасу, а пан Шпінэль – каля акна свайго пакоя, каб паназіраць за ад’ездам. Яны бачылі, як з жартамі і са смехам праходзілі маленькія бойкі за лепшыя месцы, як фройляйн фон Остэрла, з футравым баа вакол шыі, бегала ад адной запрэжкі да другой, каб падсунуць пад сядзенні кошыкі з ежаю; як доктар Леандэр, насунуўшы футравую шапку на лоб, праз бліскучыя шкельцы акуляраў яшчэ раз сачыў за ўсім, што рабілася; потым сам заняў месца і даў знак рушыць… Коні напяліся, нейкія дамы завішчалі і паваліліся назад, шаргункі зазвінелі, пугі на кароткіх ручках шчоўкнулі і доўгімі шнурамі ўдарылі па снезе каля палазоў; фройляйн фон Остэрла стаяла каля садовых варотаў і махала насоўкай, пакуль вазкі, слізгаючы, не зніклі за паваротам гасцінца і не змоўк вясёлы гармідар. Потым яна вярнулася цераз сад назад да выканання сваіх абавязкаў, дзве дамы адышлі ад шкляных дзвярэй, і амаль адначасова свой назіральны пункт пакінуў і пан Шпінэль.

У "Айнфрыдзе" ўсталявалася цішыня. Экспедыцыю да вечара чакаць не было чаго. "Цяжкія" ляжалі ў сваіх пакоях і пакутавалі. Жонка пана Клётэр’яна і яе старэйшая сяброўка зрабілі невялічкі шпацыр, пасля чаго вярнуліся ў свае палаты. Пан Шпінэль таксама знаходзіўся ў сваім пакоі і займаўся справаю. Каля чацвёртай гадзіны дамам прынеслі па паўлітра малака, а пан Шпінэль атрымаў нямоцную гарбату. Праз нейкі час пасля гэтага жонка пана Клётэр’яна пастукала ў сцяну, якая аддзяляла яе пакой ад пакоя жонкі радцы магістрата Шпаца, і сказала:

"Ці не спусціцца нам у пакой для адпачынку, пані Шпац? Я ўжо не ведаю, чым мне тут заняцца".

"Зараз жа, мая мілая! – адказала тая. – Я толькі надзену боты, калі Вы дазволіце. Я ж ляжала на ложку, каб Вы ведалі".

Як і варта было чакаць, у пакоі для адпачынку не было нікога. Дамы падселі да каміна. Жонка радцы Шпаца вышывала на кавалку страміна кветкі, і жонка пана Клётэр’яна зрабіла пару аперацый іголкаю, пасля чаго яна апусціла ручную работу на падол і задумалася, нахіліўшыся над падлакотнікам крэсла, гледзячы ў пустату. Нарэшце яна зрабіла заўвагу, дзеля якой не варта было і размыкаць зубы; але раз жонка радцы Шпаца спытала: "Што?", то яна павінна была зняважыць сябе, каб ізноў паўтарыць увесь сказ. Пані Шпац спытала яшчэ раз: "Што?" Але ў гэты момант у фае пачуліся крокі, дзверы адчыніліся, і ўвайшоў пан Шпінэль.

"Я не перашкаджаю?" – спытаўся ён яшчэ на парозе сваім лагодным голасам, гледзячы толькі й выключна на жонку пана Клётэр’яна і нахіляючыся сваім целам наперад, пяшчотна, нібы ў лунанні.

"Ай, якім гэта чынам? Па-першае, гэты пакой задуманы як вольная гавань, пане Шпінэль, а потым: у чым Вы можаце перашкодзіць нам? У мяне пэўнае адчуванне, што я наводжу сум на пані Шпац…"

На гэта ён не знайшоў адказу, а толькі з усмешкай паказаў свае пабітыя карыесам зубы і пад позіркамі дам даволі змушанымі крокамі прайшоў да шкляных дзвярэй, дзе запыніўся і выглянуў праз іх на двор, павярнуўшыся не надта прыстойна спінаю да жанчын. Потым ён зрабіў паўпавароту назад, працягваючы пазіраць у сад і гаворачы:

"Сонца схавалася. Незаўважна неба зацягнулася. Ужо бярэцца на сутонне".

"І праўда, усё ляжыць у цяні", – адказала жонка пана Клётэр’яна. – Нашы экскурсанты, як здаецца, яшчэ патрапяць пад снег. Учора гэткай парою яшчэ быў светлы дзень; а цяпер ужо цямнее".

"Ах, – прамовіў ён, – пасля ўсіх гэтых звышсветлых тыдняў змрок добра ўплывае на вочы. Я якраз удзячны гэтаму сонцу, якое асвятляе прыгожае і пошлае з аднолькавай пранізлівай выразнасцю, за тое, што яно нарэшце крышку схаваецца".