Выбрать главу

"Вы не любіце сонца, пане Шпінэль?"

"Бо я не мастак… Без сонца робішся больш душэўным… З’явіўся тоўсты, светла-шэры слой воблакаў. Магчыма, гэта прадказвае на заўтра адлігу. Між іншым, я б не раіў Вам зноў паглядаць на ручную работу, тую, што там за вамі, шаноўная пані".

"Ах, не турбуйцеся, я і так не раблю гэтага. Але што я маю рабіць?"

Ён сеў на крэсла-круцёлку перад піяніна, абапёршыся адной рукою на века інструмента.

"Музыка, – сказаў ён. – Хто сёння хоць крышку ўмее слухаць музыку! Часам англійскія дзеці спяваюць негрыцянскія песенькі, вось і ўсё".

"А ўчора папаўдні фройляйн фон Остэрла хуценька сыграла "Кляштарныя званы"[57], – заўважыла жонка пана Клётэр’яна.

"Але ж і Вы граеце, шаноўная пані, – сказаў ён з просьбай у голасе і ўстаў. – Вы ж некалі кожны дзень ігралі з Вашым панам бацькам".

"Грала, пане Шпінэль, гэта было яшчэ тады! У часы фантана, ведаеце…"

"Зрабіце тое ж самае сёння! – папрасіў ён. – Дазвольце гэтым разам пачуць некалькі тактаў! Каб Вы ведалі, як я прагну…"

"Наш хатні лекар, гэтаксама як і доктар Леандэр, мне настойліва забаранілі рабіць гэта, пане Шпінэль".

"Іх жа няма – ні таго, ні другога! Мы – вольныя… Вы вольная, шаноўная пані! Некалькі няшчасных акордаў…"

"Не, пане Шпінэль, нічога з гэтага не атрымаецца. Бог ведае, якіх шэдэўраў Вы чакаеце ад мяне! А я ўжо ўсё забыла, паверце мне. На памяць я ўжо амаль нічога не магу".

"О, тады сыграйце гэтае амаль нічога! А, ды тут і процьма нот, вось яны ляжаць на піяніна. Не, гэта не падыходзіць. Але тут ёсць Шапэн…"

"Шапэн?"

"Вось, накцюрны. Цяпер жа мне толькі засталося запаліць свечкі…"

"І не думайце, што я буду граць, пане Шпінэль! Мне нельга. Калі мне гэта толькі шкодзіць?!"

Ён прымоўк. Ён стаяў на сваіх вялікіх нагах, у сваім доўгім чорным сурдуце і са сваёй сівою расплывістай безбародаю галавою ў святле дзвюх свечак каля піяніна, звесіўшы рукі.

"Ну добра, я больш не буду прасіць", – нарэшце ціха сказаў ён. "Калі Вы баіцеся нашкодзіць сабе, то няхай прыгажосць, якая пад Вашымі пальцамі хацела б гучна выявіць сябе, застанецца мёртваю і нямою. Вы не заўсёды былі такой занадта разважліваю; ва ўсякім разе не тады, калі, наадварот, трэба было ахвяраваць прыгажосцю. Вы не задумаліся пра сваё цела і выявілі больш адчайную і моцную волю, калі пакінулі фантан і скінулі з сябе маленькую залатую карону… Паслухайце, – сказаў ён пасля паўзы, і яго голас пацішэў яшчэ больш, – калі Вы цяпер, седзячы тут, сыграеце, як калісьці, калі побач з Вамі яшчэ стаяў Ваш бацька і ствараў пры дапамозе скрыпкі тыя спеўныя гукі, якія вымушалі Вас заплакаць… то тады можа здарыцца, што яна зноў таемна заблішчыць у Вашых валасах, маленькая, залатая карона…"

"Праўда?" – спытала яна і ўсміхнулася… Выпадкова ў яе пры гэтым слове заняло мову, так што прамоўленае атрымалася напалову хрыплым, напалову бязгучным. Яна кашлянула і потым сказала: "Вы сапраўды хочаце паслухаць накцюрны Шапэна, якія Вы там паказвалі?"

"Вядома. Яны ўжо разгорнутыя, і ўсё гатова".

"Ну добра, тады з благаславення Бога я адзін сыграю", – сказала яна. – Але толькі адзін, Вы чуеце? Тады Вам, напэўна, хопіць раз і назаўсёды".

З гэтымі словамі яна ўстала, адклала ўбок сваю ручную работу і пайшла да піяніна. Яна села на крэсла-круцёлку, на якім ляжала некалькі перавязаных нотных сшыткаў, паправіла свяцільнікі і пачала гартаць ноты. Пан Шпінэль падсунуў да яе зэдлік і сеў побач з ёй, акурат як настаўнік музыкі.

Яна пачала іграць накцюрн мі-бемоль мажор, опус 9, нумар 2. Калі яна і сапраўды крыху развучылася, то яе выкананне, тым не менш, з мастацкага боку было дасканалым. Піяніна было сярэдняй якасці, але ўжо пасля першых удараў яна валодала ім упэўнена, з густам. Яна выявіла нервовы сэнс для розных гукавых адценняў і радасць рытмічнай рухавасці, якая даходзіла аж да фантастычнасці. Яе ўдары былі адначасова цвёрдымі і лагоднымі. Пад яе рукамі мелодыя да канца выдавала сваю салодкую спеўнасць, і з замаруджанай грацыёзнасцю ўпрыгожанні гарнуліся да яе цела.

Яна была ў той самай сукенцы, што і ў дзень прыезду: цёмны цяжкі ліф з пластычнымі аксамітнымі арабескамі, які так па-незямному пяшчотна вылучаў яе галаву і рукі. Яе выраз твару падчас выкананя не змяніўся, але здавалася, быццам абрысы яе вуснаў зрабіліся яшчэ больш акрэсленымі, цені ў куточках вачэй паглыбіліся. Калі яна закончыла, то паклала рукі на падол і працягвала глядзець у ноты. Пан Шпінэль застаўся сядзець нема і нерухома.

вернуться

57

Відавочна, маецца на ўвазе аднайменны твор французскага кампазітара і арганіста Луі Джэймса Альфрэда Лефэбюра-Вэлі (1817–1869).