Выбрать главу

Доктар Леандэр абследаваў яе, пры гэтым яго твар быў каменна-халодным. Потым ён распарадзіўся зрабіць, як прадпісвае навука: кавалачкі лёду, морфій, безумоўны спакой. Між іншым, наступнага дня з прычыны перагрузкі ён зняў з сябе лячэнне і перадаў яго доктару Мюлеру, які ў адпаведнасці з абавязкамі і кантрактам пакорліва ўзяў яго на сябе; спакойны, бледны, нязначны і тужлівы чалавек, сціплая і няслаўная праца якога заключалася ў лячэнні амаль здаровых і безнадзейных пацыентаў.

Ён выказваў меркаванне, сэнс якога ў першую чаргу палягаў у тым, што разлука сям’і Клётэр’янаў цягнецца ўжо даволі доўга. Было б пільна пажадана, каб пан Клётэр’ян, калі яго бліскучае прадпрыемства дазваляе, прыехаў зноў з візітам у "Айнфрыд". Яму можна напісаць або, магчыма, паслаць кароткую тэлеграму… І, вядома, для маладой маці было б шчасцем і ўмацаваннем яе стану, калі б ён прывёз з сабою маленькага Антона, не кажучы ўжо пра тое, што лекарам было б таксама цікава пазнаёміцца з гэтым здаровым маленькім Антонам.

І – вось цуд! – пан Клётэр’ян з’явіўся. Ён атрымаў кароценькую тэлеграму доктара Мюлера і прыехаў з убярэжжа Балтыйскага мора. Ён выйшаў з машыны, папрасіў кавы з булачкамі і выглядаў вельмі разгубленым.

"Пане, – спытаўся ён, – што здарылася? Чаму мяне клічуць да яе?"

"Таму што пажадана, – адказаў доктар Мюлер, – каб Вы цяпер пабылі каля Вашай пані жонкі".

"Пажадана… Пажадана… Але ці неабходна? Я думаю пра свае грошы, шаноўны пане, часы – цяжкія, і чыгуначныя білеты дарагія. Ці няможна было б абысціся без гэтай аднадзённай паездкі? Я б нічога не казаў, калі б гэта датычыла лёгкіх; але калі, дзякаваць Богу, гэта трахея…"

"Пане Клётэр’ян, – лагодна сказаў доктар Мюлер, – па-першае, трахея – важны орган…" Ён няправільна выкарыстаў слова "па-першае", бо "па-другое" ў яго адсутнічала.

Але адначасова з панам Клётэр’янам у "Айнфрыдзе" з’явілася мажная асоба, захутаная ў шатландскае, чырвонае і залатое, і яна несла на руках Клётэр’яна-малодшага, малога здаровага Антона. Ён і праўда быў тут, і ніхто не мог не пагадзіцца, што хлопчык у сапраўднасці быў надзвычай здаровым. Апрануты ў ружовае і белае, чыстае і свежае, тоўсценькі і пахучы, ён ляжаў на голай чырвонай руцэ апранутай у нацыянальны строй служанкі, заглынаў агромністыя колькасці малака і сечанага мяса, крычаў і, што ні кажы, аддаваў перавагу сваім інстынктам.

З акна свайго пакоя пісьменнік Шпінэль назіраў за прыбыццём малога Клётэр’яна. Нейкім дзіўным, затуманеным, і ўсё ж вострым, зрокам ён заўважыў яго, пакуль таго неслі з машыны ў дом, а потым ён яшчэ працяглы час з тым самым выразам твару нерухома стаяў на сваім месцы.

З таго часу Шпінэль пазбягаў сустрэчы з Антонам Клётэр’янам-малодшым, наколькі гэта было магчыма.

X

Пан Шпінэль сядзеў у сваім пакоі і "працаваў".

Гэта быў пакой, як і ўсе астатнія ў "Айнфрыдзе": старамодны, просты і адмысловы. Масіўная камода была абабітая металічнымі львінымі галовамі, высокае насценнае люстэрка не ўяўляла сабою гладкай паверхні, складаючыся з мноства маленькіх квадратных пласцінак у свінцовай аправе; на суцэльнай бліскучай падлозе, пафарбаванай сіняватым лакам, ніякага дывана не было, а вертыкальныя ножкі мэблі як бы мелі выразны працяг, адбіваючыся на ёй. Прасторны пісьмовы стол стаяў насупраць сярэдзіны акна, на якое раманіст навесіў жоўтую штору, магчыма, каб у душы адчуваць сябе больш утульна.

У жаўтаватым змроку ён сядзеў, схіліўшы галаву над сакрэтнікам, і пісаў – пісаў адзін з тых шматлікіх лістоў, якія ён штотыдзень перадаваў на пошту, на якія ён, як ні смешна, найчасцей не атрымліваў адказу. Перад ім ляжаў вялікі тоўсты аркуш, у левым верхнім кутку якога пад незразумела заблытаным намаляваным пейзажам можна было прачытаць напісанае самымі навамоднымі літарамі яго імя і прозвішча: Дэтлеф Шпінэль, якія ён цяпер выпісваў маленькімі літарамі, выводзячы іх старанна і вельмі чыста.

"Шаноўны пане! – напісаў ён. – Я шлю Вам наступныя радкі, бо інакш не магу, бо тое, што я хачу Вам сказаць, перапаўняе мяне, прыносіць пакуты і вымушае дрыжаць, бо словы імкнуцца да мяне такою магутнай плынню, што я захлынуўся б імі, калі б не зняў іхняга наплыву ў гэтым допісе…"

Праўду кажучы, гэтай "плыні" папросту не было, і Бог ведае, з якіх славалюбных прычын пан Шпінэль сцвярджаў такое. Словы, здаецца, ніколькі не наплывалі на яго; чалавеку, грамадзянскай прафесіяй якога ёсць пісанне, яны даваліся жудасна марудна, і хто бачыў яго, напэўна, меркаваў, што пісьменнік – гэта чалавек, якому пісанне даецца куды цяжэй, чым усім астатнім людзям.