Выбрать главу

Двума пальчыкамі ён трымаў адну з дзіўных пушынак-валасінак на шчацэ і на працягу чвэрці гадзіны круціў яе, гледзячы ў пустату, не нараджаючы ніводнага радка, потым пісаў некалькі вытанчаных словаў і зноў затарможваў. З іншага боку, трэба прызнаць, што тое, што нарэшце атрымлівалася, стварала ўражанне гладкасці і жывасці, хоць, што да зместу, напісанае падавалася дзіўным, сумнеўным і нават незразумелым.

"У мяне, – працягваў ліст, – існуе бясспрэчная патрэба ўсё тое, што бачыцца мне, што на працягу тыдняў стаіць перад маімі вачыма выразным відовішчам, паказаць і Вам, каб Вы ўбачылі маімі вачыма, у тым моўным асвятленні, як яно стаіць перад маім унутраным зрокам. Я звыкся саступаць гэтаму ціску, які вымушае мяне зрабіць мае перажыванні, пададзеныя незабыўнымі, полымна правільнымі і размешчанымі належным чынам словамі, здабыткам усяго свету.

Я нічога не хачу, як толькі сказаць, што было і што ёсць; я распавядаю толькі пра здарэнне, зусім кароткае, невымоўна абуральнае здарэнне, я распавядаю пра яго без каментарыяў, без абвінавачвання і асуджэння – толькі сваімі словамі. Гэта гісторыя Габрыэле Экгаф, шаноўны пане, жанчыны, якую Вы называеце Вашай… і, заўважце! Вы ўсю пазналі яе; аднак толькі мае словы ўпершыню ўздымуць яе ў Вашых вачах, каб надаць ёй значэнне Вашай сапраўднай жыццёвай падзеі.

Вы памятаеце, шаноўны пане, сад, той стары, зарослы сад за шэрым старасвецкім домам? Зялёны мох выбіваўся са шчылін абветраных муроў, якія атачалі яго летуценную запушчанасць? Вы памятаеце таксама фантан у яго цэнтры? Ліловыя ліліі схіляліся над яго прагнілым колам, а ягоны белы струмень таемна шаптаўся з раздрабнёным каменнем. Летні дзень хіліўся долу.

Сямёра цнатлівых дзяўчат сядзелі вакол фантана; у валасах жа сёмай – першай, адзінай – здавалася, што сонца, гатовае схавацца, таемна сплятае зіхоткі знак вяршэнства. Яе вочы, здаецца, хавалі ў сабе баязлівыя таемныя мары, і ўсё-такі яе светлыя вусны ўсміхаліся…

Яны спявалі. Яны ўздымалі ўгору свае вузкія тварыкі, звяртаючы іх на верх фантана – туды, дзе ён, зморана і вытанчана закругляючыся, пачынаў імкнуцца ўніз, і іх ціхія, звонкія галасы луналі вакол яго шляхетнага танца. Магчыма, у час спеваў яны трымалі свае зграбныя ручкі, сашчапіўшы на каленях.

Вы памятаеце тую карцінку, шаноўны пане? Вы бачылі яе? Не, Вы яе не бачылі. Вашы вочы не былі створаныя дзеля таго, а Вашыя вушы таксама не былі прыдатныя, каб пачуць нявінную слодыч яе мелодыі. Калі Вы гэта бачылі – Вы павінны былі затрымаць дыханне, Вы павінны былі забараніць біцца Вашаму сэрцу. Вам трэба было вярнуцца ў быццё, Ваша быццё, і на ўсю рэштку свайго зямнога быцця зберагаць у сваёй душы ўбачанае, як недатыкальную і непарушную святыню. А Вы што зрабілі?

Гэтая карцінка была канцом, шаноўны пане; трэба было Вам з’явіцца і парушыць яе, ператварыць усё ў подласць і агідныя пакуты? Гэта быў кранальны і мірны апафеоз, захутаны ў вячэрняе прасвятленне распаду, растварэння ўпадку. Старажытны род, ужо занадта змораны і занадта шляхетны для дзеяння і для жыцця, стаіць пры канцы сваіх дзён, і яго апошнія выказванні – гэта гукі мастацтва, некалькі гукаў скрыпкі, напоўненых усёведным смуткам памірання, якое надыходзіць… Ці Вы бачылі вочы, на якіх ад гэтых гукаў праступалі слёзы? Магчыма, што душам шасці таварышак па гульні было наканавана жыць; але той іхняй сястры-валадарцы былі наканаваныя прыгажосць і смерць.

Вы бачылі яе, гэтую смяртэльную прыгажосць: вы глядзелі на яе дзеля пажадлівасці. Ні кроплі пашаны, ні кроплі страху не закранулі Ваша сэрца на тле яе кранальнай святасці. Вам мала было глядзець; Вам трэба было авалодаць, скарыстаць, спаганіць… Як вытанчана Вы зрабілі свой выбар! Вы ж гурман, шаноўны пане, гурман-плебей, селянін з пэўным густам.

Я прашу Вас заўважыць, што я ў ніякім разе не маю жадання пакрыўдзіць Вас. Тое, што я кажу, – не лаянка, а формула, звычайная псіхалагічная формула для Вашай простай, у літаратурным сэнсе зусім нецікавай, асобы, і я яе вымаўляю, бо мне карціць крышку выявіць Вам Вашыя дзеянні і сутнасць, таму што мая зямная неадступная прафесія палягае ў тым, каб называць рэчы сваімі імёнамі, вымушаць іх гаварыць і выяўляць несвядомае. Свет напоўнены тымі, каго я называю "несвядомымі тыпамі", я іх трываць не магу, усіх гэтых несвядомых тыпаў! Я не магу трываць гэтыя тупыя, недасведчаныя і неадукаваныя жыцці і ўчынкі, гэты свет раздражняльнай наіўнасці вакол мяне! Мне карціць з пакутнай нястрыманасцю – наколькі хопіць маіх сіл – растлумачыць усё існае навокал, выказаць, давесці да свядомасці без клопату аб тым, што я атрымаю ў выніку – рух наперад ці тармажэнне, суцяшэнне ды палёгку ці боль.