Выбрать главу

"Во як! Ага! Цудоўна!" – сказаў пан Клётэр’ян, прыціскаючы падбароддзе да грудзей, уздымаючы бровы, выцягваючы рукі і выконваючы яшчэ процьму падобных рухаў, каб пасля заканчэння гэтага фармальнага пытання бязлітасна перайсці да сутнасці. Цешачыся дасканаласцю сваёй асобы, ён у гэтых падрыхтоўчых дзеяннях зайшоў крышку далекавата: тое, што ўрэшце атрымалася, не цалкам адпавядала пагражальнай грунтоўнасці мімічнай падрыхтоўкі. Але пан Шпінэль амаль што спалатнеў.

"Вельмі цудоўна! – паўтарыў пан Клётэр’ян. – Тады дазвольце мне даць Вам адказ вусна, даражэнькі, а менавіта ўлічваючы акалічнасці, што я лічу дурасцю пісаць лісты на некалькіх старонках таму, з кім можна гадзінамі размаўляць…"

"Ну… дурасць…", – сказаў пан Шпінэль, усміхаючыся, выбачаючыся, амаль прыніжана…

"Дурасць! – паўтарыў пан Клётэр’ян і рэзка патрос галавою, каб паказаць, як недатыкальна ўпэўнены ён у сваёй справе. – І я гэтую пісаніну палічыў бы нявартай нават аднаго слова: мне, шчыра кажучы, было б усё адно, калі б мяне не прасвяцілі пра пэўныя рэчы, якіх я да таго часу не разумеў, пэўныя змены… Між іншым, гэта Вас ніяк не датычыць і не закранае справы. Я – дзейны чалавек, мне ёсць пра што падумаць, больш важнае за Вашыя невыказныя ўяўленні…"

"Я пісаў "непазбыўнае відовішча", – сказаў пан Шпінэль і выпрастаўся. Гэта быў адзіны момант сцэны, дзе ён выявіў крышку гонару.

"Непазбыўнае… невыказнае… – адказаў пан Клётэр’ян і зазірнуў у рукапіс. – У Вас сам почырк нікуды не варты, даражэнькі; я б Вас не ўзяў працаваць у сваю кантору. На першы позірк здаецца ўсё вельмі чыста, але, калі добра прыгледзецца, адразу відаць, што тут процьма прабелаў, скрыўленняў. Але гэта Ваша праблема, і мяне гэта ніяк не датычыцца. Я прыйшоў, каб сказаць Вам, што Вы, па-першае, – дурань, але гэта Вам, пэўна, і так вядома. Але, акрамя таго, Вы – вялікі баязлівец, і тут, пэўна, у мяне няма патрэбы даводзіць Вам гэта падрабязна. Мая жонка аднойчы пісала мне, што Вы жанчынам, якіх сустракаеце, не глядзіце вочы ў вочы, а толькі падглядаеце скоса, каб толькі панесці з сабою прыгожую здагадку, баючыся рэчаіснасці. На жаль, пазней яна перастала распавядаць у сваіх лістах пра Вас; у іншым выпадку я ведаў бы больш гісторый наконт Вас. Але Вы такі. "Прыгажосць" Вы паўтараеце за кожным другім словам, але ў прынцыпе ў ім нічога няма, акрамя баязлівасці і няшчырасці ды зайздрасці, і з гэтай прычыны, магчыма, і Ваша бессаромная заўвага пра "маўклівыя калідоры", якая павінна была, пэўна, так моцна мяне зачапіць, а папраўдзе адно рассмяшыла мяне! Але ці ведаеце Вы? Я асвятліў Вам крышку Вашы "справы і сутнасць", Вы, небарака? Хоць гэта і не мая "нязменная прафесія", ха-ха!"

"Я напісаў "непазбежная прафесія"", – сказаў пан Шпінэль, але тут жа зноў замоўк. Ён стаяў бездапаможны, выслухаўшы вымову, як вялікі, варты жалю сівагаловы школьнік.

"Непазбежны… непарушны… Вы – подлы баязлівец, скажу я Вам. Вы штодня бачыце мяне за сталом. Вы вітаецеся са мной і ўсміхаецеся, Вы падаеце мне рондалі і ўсміхаецеся, Вы жадаеце мне смачна есці й усміхаецеся. І ўрэшце Вы дасылаеце мне такую пісаніну, напоўненую дурнымі абразамі. Ха, ну так, пісаць у Вас ёсць мужнасць! І каб жа быў толькі адзін гэты смешны ліст. Але ж Вы інтрыгавалі супраць мяне, за маёй спінай інтрыгавалі супраць мяне, цяпер я разумею ўсё вельмі добра… хоць вам не варта ўяўляць сабе, што гэта прынесла Вам карысць! Калі ў Вас з’явілася нейкая надзея, што Вы задурылі галаву маёй жонцы, то Вы ступілі не на той шлях, мой высокашаноўны пане, яна занадта разумная асоба! Ці калі Вы раптам думаеце, што яна сустрэла мяне як-небудзь інакш, чым звычайна, мяне і дзіця, калі мы прыехалі, то гэта верхавіна Вашай безгустоўнасці! Калі яна не пацалавала дзіця, то гэта з асцярожнасці, бо нядаўна з’явілася меркаванне, што ў яе можа быць не трахея, а лёгкія, а ў такім выпадку не ведаеш… хоць, між іншым, яшчэ трэба даказаць пра лёгкія, а Вы з Вашым "яна памірае, шаноўны пане"! Вы – натуральны асёл!"

Тут пан Клётэр’ян паспрабаваў крыху аддыхацца. Ён занадта раз’юшыўся, увесь час тыкаў правым указальным пальцам у паветра, а левай рукою самым непрыстойным чынам камячыў рукапіс. Яго твар у абрамленні светлых англійскіх бакенбардаў жудасна пачырванеў, а яго азмрочаны лоб быў спаласаваны набухлымі жыламі, быццам маланкамі шаленства.

"Вы ненавідзіце мяне, – гаварыў ён далей, – і Вы б пагарджалі мною, калі б я не быў мацнейшым… Напраўду, я такі, д’ябал пабірай, я справядлівы, у той час як Ваша душа цяпер у пятках, і я сцёр бы Вас на парашок разам з Вашым "духам і словам", Вы, падступны ідыёт, калі б гэта не было забаронена. Але гэта зусім не значыць, даражэнькі, што я без адказу пакіну Вашыя абразлівыя выпады, і калі я дома пакажу гэтае з "вульгарным імем" свайму адвакату, то паглядзім, ці будзе Вам прыемна тое, што Вас напаткае. Маё імя добрае, шаноўны пане, – і менавіта дзякуючы маім заслугам. Ці пазычыць Вам з Вашым імем хто хоць адзін грош, адкажыце самі сабе на пытанне! Вы прыблудны валацуга! На Вас трэба падаваць у суд! Вы небяспечны для грамадства! Вы даводзіце людзей да вар’яцтва!.. Хоць Вам не варта ўяўляць сабе, што цяпер гэта Вам удалося, Вы падступны святы-заступнік! Такім тыпусам, як Вы, я не дазволю выбіць сябе з сядла. Я ж справядлівы…"