Выбрать главу

Ёганэс таксама час ад часу атрымліваў запрашэнне ад сваіх равеснікаў, але зносіны з імі не прыносілі яму вялікай радасці. Ён не мог удзельнічаць у іх гульнях, а з прычыны таго, што і яны заўсёды ставіліся да яго з нясмелай стрыманасцю, то ніякая таварыскасць узнікнуць там не магла.

У пэўны час ён часта пачаў чуць на школьным двары, як яны размаўлялі аб пэўных жыццёвых падзеях; уважліва, з вялікай цікавасцю ён прыслухоўваўся, як яны гаварылі пра свае патаемныя захапленні той ці іншай дзяўчынкай, а сам маўчаў. Такія рэчы, гаварыў ён сам сабе, якімі, як відаць, іншыя былі запоўнены без рэшты, належалі да той сферы, да якой ён быў няздатны, гэтаксама як да гімнастыкі і гульні ў мяч. Гэта час ад часу яго крыху засмучала; але, урэшце, ён даўно звыкся жыць сам па сабе і не падзяляць зацікаўленасці іншых.

Аднак здарылася, што ён – тады яму было 16 гадоў – раптам адчуў прыхільнасць да дзяўчынкі-равесніцы. Гэта была сястра аднаго з аднакласнікаў, бялявая, выключна вясёлая істота. Ён пазнаёміўся з ёй у яе брата. Ён адчуў у суседстве з ёй дзіўную разгубленасць, але яе няўпэўненае і ўдавана прыязнае абыходжанне з ім напоўнілі яго глыбокім смуткам.

Калі аднаго разу летнім надвячоркам ён самотна шпацыраваў па гарадскім вале, ён пачуў за язмінавым кустом шэпт і прыслухаўся, асцярожна стаіўшыся паміж голлем. На лаўцы, якая стаяла там, сядзела тая дзяўчынка побач з высокім рыжагаловым юнаком, яму добра знаёмым; той абдымаў яе і цалаваў у вусны, і яна, хіхікаючы, адказвала ўзаемнасцю. Калі Ёганэс Фрыдэман убачыў гэта, ён павярнуўся і ціхенька падаўся прэч.

Яго галава яшчэ глыбей уціснулася ў плечы, яго рукі дрыжалі, і рэзкі пранізлівы боль з грудзей перамясціўся аж у горла. Але ён глытком вярнуў яго назад і рашуча выпрастаўся, наколькі мог. «Добра, – сказаў ён сам сабе, – з гэтым скончана. Я больш ніколі ў жыцці не буду ствараць сабе такога клопату. Іншым такое прыносіць шчасце і радасць, а мне – толькі гора ды пакуты. Паквітаюся з гэтым. Для мяне гэта – завершаны этап. Ніколі больш…»

Рашэнне прынесла яму палёгку. Ён адмовіўся, адмовіўся назаўсёды. Ён прыходзіў дамоў і браў кніжку ці пачынаў іграць на скрыпцы: гэтаму ён навучыўся, нягледзячы на свае скалечаныя грудзі.

IV

Сямнаццацігадовым юнаком ён пакінуў школу, каб заняцца гандлем; у яго колах гэтым займаліся ўсе, і ён уладкаваўся вучнем на вялікае прадпрыемства гандлю драўнінай пана Шліфогта, што мясцілася на беразе ракі. З ім абыходзіліся паблажліва, ён жа са свайго боку быў зычлівым і ветлівым, а час ішоў мірна сваім звычайным парадкам. Але калі яму пайшоў дваццаць першы год, пасля працяглай хваробы памерла маці.

Для Ёганэса Фрыдэмана гэта было вялікім болем, які доўга не пакідаў яго. Ён упіваўся гэтым болем, аддаваўся яму цалкам, як цалкам аддаюцца вялікаму шчасцю; ён песціў яго тысячамі дзіцячых успамінаў і выкарыстоўваў яго як першае моцнае жыццёвае пачуццё.

А само па сабе жыццё ці не ёсць чымсьці добрым, незалежна ад таго, ці складваецца яно для нас так, каб яго можна было назваць «шчаслівым»? Ёганэс Фрыдэман верыў, што так і ёсць: ён любіў жыццё. Ніхто не разумее, з якой душэўнай дбайнасцю ён, які адмовіўся ад самага вялікага шчасця, якое толькі можа выпасці нам, умеў карыстацца радасцямі, даступнымі яму. Прагулка вясною па зялёных прысадах за горадам, пах кветкі, спевы птушкі – ці можна заставацца няўдзячным за ўсё гэта?

А тое, што асвета таксама здольная прыносіць задавальненне, нават сам працэс самаразвіцця прыносіць радасць, ён таксама разумеў – і ён развіваўся. Ён любіў музыку і наведваў усе канцэрты, якія праходзілі ў горадзе. Ён сам паступова пачаў нядрэнна іграць на скрыпцы, хоць выглядаў пры гэтым надта нязвыкла, і радаваўся кожнаму прыгожаму і лагоднаму тону, які ўдаваўся яму. Дзякуючы таму, што ён вельмі шмат чытаў, з часам у яго выпрацаваўся літаратурны густ, які, праўда, ніхто ў горадзе з ім не падзяляў. Ён ведаў навінкі ў сваёй краіне і за мяжою, ён адчуваў асалоду ад рытмічнай зграбнасці верша і быў здольны перажываць інтымны настрой тонка напісанай навелы…

О! Можна было нават сказаць, што ён быў эпікурэйцам.

Ён навучыўся разумець, што ўсё можа прыносіць асалоду і што амаль неразумна праводзіць розніцу паміж шчаслівымі і нешчаслівымі жыццёвымі падзеямі: ён успрымаў усе адчуванні і настроі з вялікай гатоўнасцю і песціў іх, як змрочныя, так і вясёлыя… і нават няспраўджаныя жаданні – жарсць. Ён любіў яе проста дзеля яе і гаварыў сабе, што са спраўджаннем прыходзіць канец самаму лепшаму… Ці не прыносяць салодкія, балючыя, адважныя жаданні і надзеі ў ціхія вясновыя вечары больш асалоды, чым усе спраўджанні, якія можа прынесці лета? – Ну так, ён быў эпікурэйцам, гэты маленькі пан Фрыдэман!