Выбрать главу

Аркестр перастаў іграць. Усе спыніліся і са смехам пазіралі на сцэну, на якой адбывалася штосьці новае: адтуль чулася кваканне і сапенне. Чатыры-пяць чалавек у сялянскім адзенні на кларнетах і смычковых, гундосячы, парадзіравалі храматычныя высілкі музыкі з "Трыстана"… Дэтлеф на нейкі момант заплюшчыў вочы, бо яго павекі гарэлі. Яго адчуванні так абвастрыліся, што ён перажываў пакутлівую жарсць яднання, якая прамаўляла з гэтых гукаў нават у сваёй наўмыснай скажонасці, і раптам зноў у ім узнялася задушлівая туга самотнага чалавека, які губляўся ў зайздрасці ды любові да светлага і звычайнага дзіцяці жыцця…

Лілі… Для яго душы гэта імя складвалася з маленняў і пяшчоты; а цяпер ён не мог больш утрымліваць свой позірк ад спакусы таемна скіравацца на тую далёкую кропку… Сапраўды, яна была там, яна стаяла ззаду, на тым самым месцы, дзе ён пакінуў яе нядаўна; і часам, калі натоўп раздвойваўся, ён бачыў яе ўсю – як яна, у сваёй малочна-белай сукенцы, абшытай срэбрам, схіліўшы сваю бялявую галаву крыху набок, з рукамі за спінаю, стаяла, прыхіліўшыся да сцяны і ў размове з маленькім мастаком, хітравата і пранізліва глядзела яму ў вочы, якія, як і ў яе, былі сінімі, неглыбока пасаджанымі і незасмучанымі…

Пра што яны размаўлялі, пра што ж яны ўвесь час размаўлялі? Ах, гэтая балбатня, якая так лёгка і без намаганняў струменілася з невычарпальнай крыніцы бяскрыўднасці, непрэтэнцыёзнасці, нявіннасці ды весялосці і ў якой ён удзельнічаць не ўмеў, бо яго жыццё, спаралізаванае пакутамі творчасці, праходзіла ў летуценнях і спазнанні існага, у памяркоўнасці, і гэткім чынам зрабіла яго сур’ёзным і запаволеным! Ён знік, у прыпадку ўпартасці, адчаю і велікадушнасці незаўважна ўцёк і пакінуў тых дваіх сам-насам, каб потым здалёку, адчуваючы задушлівую рэўнасць у горле, бачыць усмешку палёгкі, з якой яны ў поўным узаемаразуменні глядзелі адно на аднаго, радуючыся, што пазбавіліся ад яго прыгнятальнай прысутнасці.

Навошта ён прыйшоў, навошта ён толькі зноў сёння прыйшоў? Што гнала яго на ўласныя пакуты змешвацца з абыякавым натоўпам, які аточваў і раздражняў яго, нізвання не прымаючы яго ў сваю рэчаіснасць? Ён гэта добра ведаў, гэтыя варункі! "Мы самотнікі! – так ён недзе напісаў у часіну шчырай адкрытасці, – мы адасобленыя летуценнікі ды няўдачнікі жыцця; тыя, хто праводзіць свае задуменныя дні на штучнай ды ледзяной узбочыне, па-за ўсім існым… тыя, хто распаўсюджвае вакол сябе халоднае дыханне непераможнай адчужанасці, як толькі мы паспяваем паказаць сярод жывых істот свае лбы, адзначаныя радзімым знакам пазнання і прыгнечанасці… мы бедныя прывіды існавання, паўз якіх праходзяць з баязлівай насцярожанасцю і якіх як мага хутчэй зноў пакідаюць на волю лёсу для таго, каб наш пусты зрок, які ўсё ведае, больш не перашкаджаў панаванню радасці… усе мы песцім у сабе патаемную і разбуральную пажадлівасць да бяскрыўднасці, прастадушнасці ды жыццёвасці, да кропелькі сяброўства, адданасці, даверлівасці і людскога шчасця. "Жыццё", з якога мы выключаны, – не як уяўленне крывавай велічы й дзікай прыгажосці, не як штосьці незвычайнае з’яўляецца перад намі, незвычайнымі; не, яно – нармальнае, прыстойнае ды шаноўнае – вось што царства нашае тугі, гэта жыццё ў сваёй спакуслівай банальнасці…"

Ён зірнуў у бок той пары, бо ў гэты час смех на ўсю залу заглушыў ігру кларнетаў, якія перавялі цяжкую і салодкую любоўную лірыку ў пранізлівую сентыментальнасць… Гэта вы, адчуў ён. Гэта вы – цёплае, мілае, прастадушнае жыццё, якое з’яўляецца адвечнай супрацьлегласцю духу. Не верце, што ён вамі пагарджае. Не верце ягонай міне паблажлівасці. Мы крадземся за вамі, мы – гномы падзямелля і мудра-немыя страшыдлы, мы – далёка, а ў нашых вачах гарыць прагная пажадлівасць, падобная да вас.

Ці варухнецца гонар? Няўжо ён не хоча пагадзіцца, што мы самотныя? Няўжо ён пахваліцца, што тварэнне духа гарантуе любові больш высокае з’яднанне з тымі, што жывуць паўсюдна і ва ўсе часы? Ах, а з кім? З кім? Заўсёды ж толькі з такімі самымі, як мы, з пакутнымі і пажадлівымі ды беднымі, і ніколі – з вамі, блакітнавокімі, у каго няма патрэбы ў духу!