Выбрать главу

Тоніа замаўчаў, і яго позірк нахмарыўся. Няўжо Ганс забыўся і толькі цяпер яму прыпомнілася, што яны сёння апоўдні хацелі крыху пашпацыраваць разам? А сам ён пасля таго, як было дамоўлена, амаль бесперапынна радаваўся гэтаму!

"Ну, вы, адзьё! – сказаў Ганс Ганзэн таварышам. – Я яшчэ прайдуся крыху з Крэгерам". І яны павярнулі налева, у той час як астатнія паціху падаліся направа.

У Ганса і Тоніа быў яшчэ час пашпацыраваць пасля заняткаў, бо яны абодва паходзілі з дамоў, дзе палуднавалі ажно а чацвёртай. Іх бацькі былі буйнымі гандлёвымі прадпрымальнікамі, якія займалі дзяржаўныя пасады і мелі вялікі ўплыў у горадзе. Ганзэнам ужо некалькі пакаленняў належалі вялізныя склады дроў, размешчаныя ўнізе каля ракі, дзе магутныя распіловачныя станкі, пыхкаючы і сапучы, пілавалі бярвенні. А Тоніа быў сынам консула Крэгера, чые мяхі з зернем з выбітай на іх вялікай фірмовай маркаю кожны дзень перавозіліся навідавоку па гарадскіх вуліцах; вялікі ж стары дом яго продкаў быў самы раскошны ва ўсім горадзе… Сябры ўвесь час павінны былі здымаць шапкі дзеля шматлікіх знаёмых, але некаторыя мінакі віталі чатырнаццацігадовых юнакоў першымі.

Абодва яны неслі школьныя ранцы перакінутымі цераз плячо і абодва былі добра і цёпла апранутыя. На Гансе быў кароткі марскі бушлат, паўзверх якога на плячах і спіне ляжаў шырокі сіні каўнер марскога касцюма, а Тоніа быў у шэрым паліто з поясам. На галаве ў Ганса была дацкая бесказырка з кароткімі стужкамі, з-пад якой выбіваўся пук светлых валасоў. Ён быў надзвычай сімпатычны і добра скроены, шыракаплечы, з вузкімі сцёгнамі, меў вольна размешчаныя сталёвага колеру вочы з вострым позіркам. А з-пад круглай футравай шапкі Тоніа летуценна і крышку няўпэўнена пазіралі са смуглаватага і па-паўднёваму рэзка акрэсленага твару цёмныя і пяшчотна зацененыя вочы з занадта цяжкімі павекамі… Рот і падбароддзе ў яго атрымаліся незвычайна мяккімі. Ён ішоў нязмушана і нераўнамерна, у той час як зграбныя ногі Ганзэна ў чорных панчохах крочылі вельмі эластычна і дакладна ў такт.

Тоніа не размаўляў. Яму было балюча. Ён нахмурыў свае крышку коса размешчаныя бровы, а вусны скругліў для свісту і, схіліўшы галаву крыху набок, глядзеў некуды ўдалеч. Гэтыя поза і выраз твару былі яму ўласцівыя.

Раптам Ганс узяў Тоніа пад руку і пры гэтым пазіраў на яго збоку, бо ён вельмі добра разумеў, у чым была справа. І хоць Тоніа і надалей шыбаваў моўчкі, настрой у яго ўсё ж раптам палепшыўся.

"Я, шчыра кажучы, не забыў, Тоніа, – сказаў Ганс і апусціў позірк долу на тратуар, – а толькі сабе падумаў, што сёння нічога не атрымаецца, бо так мокра і ветрана. Але для мяне гэта няважна, і, на маю думку, цудоўна, што ты ўсё-такі чакаў мяне. Я ўжо падумаў, што ты пайшоў дамоў, раззлаваўшыся…"

Пры гэтых словах усё ў сярэдзіне Тоніа прыйшло ва ўзбуджанае і радаснае хваляванне.

"Ну так, мы ўсё ж пройдзем цераз валы, – сказаў ён усхваляваным голасам. – Цераз Млынавы і Гальштынскі, і такім чынам я праводжу цябе дадому, Ганс… Далібог, няма нічога дрэннага ў тым, што мне потым давядзецца вяртацца дадому аднаму; наступным разам ты праводзіш мяне".

У прынцыпе, ён не вельмі верыў таму, што сказаў Ганс, і выдатна адчуваў, што той надае гэтаму шпацыру ўдвая меншае значэнне, чым ён. Але ж ён бачыў, што Ганс перажываў наконт сваёй забыўлівасці і намагаўся замірыцца з ім. І ў яго не было ніякага намеру зацягваць замірэнне.

Прычына палягала ў тым, што Тоніа любіў Ганса Ганзэна і ўжо вытрываў шмат пакут за яго. Той, хто наймацней любіць, той падпарадкаваны і павінен пакутаваць, – гэты просты і жорсткі ўрок ужо атрымала ад жыцця яго чатырнаццацігадовая душа; і ён быў ужо народжаны такім, што добра прыкмячаў падобныя з’явы, адразу адкладваў іх у душы і ў пэўнай ступені радаваўся – што праўда, не кіруючыся імі ў сваім прыватным жыцці, каб атрымаць з іх нейкую практычную карысць для сябе. У яго складвалася ўсё такім чынам, што ён такія ўрокі ўважаў куды важнейшымі і цікавейшымі, чым веды, якія яму навязвалі ў школе, настолькі, што ён падчас вучэбных заняткаў у школе ў гатычных сутарэннях класаў найчасцей імкнуўся спазнаць падобныя рэчы да самай глыбіні і канчаткова абдумаць іх. Такія заняткі прыносілі яму дакладна гэткае ж самае задавальненне, як і хаджэнне са скрыпкаю (бо ён іграў на скрыпцы) у пакоі і такое лагоднае, як толькі магчыма, уплятанне гукаў, якія ён толькі мог здабыць з інструмента, у плёскат струменя фантана, які, унізе ў садзе пад галінамі старога арэшніку, прытанцоўваючы, імкнуўся ўгору.