Выбрать главу

І яго дамаганні не былі зусім марнымі, бо Ганс – які паважаў, між іншым, некаторую перавагу над сабою, яго здольнасць гаварыць, якая дазваляла Тоніа выказваць складаныя рэчы, – вельмі добра разумеў, што тут жыве надзвычай моцнае і пяшчотнае пачуццё да яго, і ён адказваў яму ўдзячнасцю і прыносіў яму як падарунак кропельку шчасця сваёй прыязнасцю – але прыносіў і пакуты рэўнасці, расчаравання ды марнага намагання наладзіць духоўную еднасць. Бо было дзіўна, што Тоніа, які ўсё ж такі зайздросціў Гансу Ганзэну за яго лад жыцця, увесь час спадзяваўся перацягнуць яго на свой бок, што, у скрайнім выпадку, магло атрымацца толькі на імгненні і тое дзеля прыліку.

"Я толькі што прачытаў штосьці цудоўнае, штосьці шыкоўнае", – сказаў ён. Яны ішлі і елі з аднаго кулька фруктовыя цукеркі, якія яны купілі за дзесяць пфенінгаў у крамніка Івэрсана на Мюленштрасэ. "Табе неабходна гэта пачытаць, Ганс, гэта – "Дон Карлас" Шылера… Я табе пазычу, калі хочаш…"

"Ай, не трэба, – адказаў Ганс Ганзэн, – пакінь гэта, Тоніа: гэта не для мяне. Я з большай ахвотаю чытаю кніжкі пра коней, ты ведаеш. У іх бываюць выдатныя ілюстрацыі, павер мне. Калі ты аднойчы будзеш у мяне, я табе іх пакажу. Гэта імгненныя фатаграфіі; можна ўбачыць коней на бягу рыссю і наўгалоп і тое, як яны скачуць ва ўсякіх позах, якіх у рэчаіснасці ніколі не бачыш, бо гэта адбываецца занадта хутка…"

"Ва ўсіх позах? – ветліва спытаў Тоніа. – Ага, гэта добра. Але што датычыць "Дон Карласа", то гэта звыш усяго. Там ёсць месцы – табе варта было б паглядзець – такія цудоўныя, што гэта штурхае цябе, быццам штосьці выбухае…"

"Выбухае? – спытаў Ганс Ганзэн. – Якім чынам?"

"Там, напрыклад, ёсць месца, дзе кароль плача, бо ён ашуканы маркізам… але ж маркіз падмануў яго толькі дзеля прынца – разумееш, для каго ён ахвяруе сабою. І тут з кабінета ў перадпакой даходзіць вестка, што кароль плакаў. "Плакаў?" Усе прыдворныя жудасна разгубленыя, і гэта ўсё ўзрушвае да глыбіні душы, бо гэта – страшэнна сухі і суровы кароль. Але так зразумела, што ён заплакаў, і мне яго, шчыра кажучы, больш шкада, чым прынца і маркіза, разам узятых. Ён заўсёды такі самотны, не ведае аніякае любові, і вось здаецца, што ён знайшоў чалавека, а той здраджвае яму…"

Ганс Ганзэн збоку зірнуў у твар Тоніа, і штосьці ў гэтым твары, мусіць, прывабіла яго, бо ён раптам зноў узяў яго пад руку і спытаў:

"Якім чынам ён здрадзіў яму, Тоніа?"

Тоніа захваляваўся.

"Вось жа, рэч у тым, – пачаў ён, – што ўсе лісты ў Брабант і Фландрыю…"

"А вось ідзе Эрвін Імэрталь", – сказаў Ганс.

Тоніа замоўк. Няхай бы, падумаў ён, скрозь зямлю праваліўся, гэты Імэрталь! Трэба ж было яму з’явіцца і перашкодзіць! Каб толькі ён не пайшоў з намі і не прагаварыў усю дарогу пра ўрок верхавой язды… Бо Эрвін Імэрталь таксама наведваў тыя заняткі. Ён быў сынам дырэктара банка і жыў тут недалёка ад аркі. На сваіх крывых нагах, касавокі, ён ішоў ім насустрач уздоўж прысадаў, ужо без школьнага ранца.

"Вітаю, Імэрталь, – сказаў Ганс. – У нас тут з Крэгерам невялікі шпацыр…"

"Мне трэба ў горад, – сказаў Імэрталь, – сёе-тое купіць. Але я прайду з вамі крышку… Гэта што ў вас – фруктовыя цукеркі? Добра, дзякую, я з’ем колькі. Заўтра ў нас зноў заняткі, Ганс". Гаворка ішла пра заняткі верхавой яздою.

"Выдатна! – сказаў Ганс. – Мне зараз купяць скураныя гамашы, ведаеш, таму што я нядаўна атрымаў адзінку[60] за экзэрсіс…"

"Ты, мусіць, не займаешся верхавой яздою, Крэгер?" – спытаў Імэрталь, і яго вочкі ператварыліся ў дзве ясныя шчылінкі…

"Не", – адказаў Тоніа вельмі няўпэўнена.

"Табе варта б было, – заўважыў Ганс Ганзэн, – папрасіць свайго бацьку, каб ён запісаў цябе таксама на гэтыя заняткі, Крэгер".

"Ага…", – сказаў Тоніа адначасова і паспешліва, і абыякава. На нейкую хвілю ў яго заняло мову, бо Ганс звярнуўся да яго, назваўшы прозвішча; і Ганс, здаецца, адчуў гэта, бо тут жа патлумачыў:

"Я назваў цябе Крэгерам, бо тваё імя такое ненармальнае; паслухай, прабач, але я яго не люблю. Тоніа… Гэта ж увогуле не імя. Між іншым, ты тут зусім ні пры чым, барані Бог!"

"Не, цябе назвалі, мусіць, галоўным чынам так, таму што гэта гучыць па-іншаземнаму і ўяўляе сабою штосьці адмысловае…" – сказаў Імэрталь і зрабіў выгляд, быццам хоча ўсё загладзіць.

вернуться

60

У нямецкіх школах – найвышэйшая адзнака.