Выбрать главу

"Што за незразумелая малпа?" – думаў Антоніа Крэгер сам сабе. Але ж ён добра бачыў, што Інга Гольм, вясёлая Інга, не раз з самазабыўнаю ўсмешкаю сачыла за рухамі пана Кнака, і гэта было не адзінай прычынаю таго, чаму ўсё гэта цудоўна засвоенае фізічнае майстэрства выклікала ў яго ў прынцыпе штосьці накшталт захаплення. Як спакойна і ўпэўнена глядзелі вочы пана Кнака! Яны не ўзіраліся ў сутнасць рэчаў, а толькі датуль, дзе рэчы рабіліся складанымі і тужлівымі; вочы не ведалі нічога, акрамя таго, што яны карыя і прыгожыя. Вось чаму яго пастава была такой ганарліваю! Сапраўды, трэба быць дурнем, каб крочыць так, як ён; але тады цябе любілі б, бо ты варты любові. Ён так добра разумеў, чаму Інга, бялявая, салодкая Інга, пазірала на Кнака такімі вачыма. Няўжо на яго самога ніводная дзяўчына не будзе ніколі пазіраць гэтаксама?

Ды не, такое здаралася. Вось была Магдалена Фэрмерэн, дачка адваката Фэрмерэна, дзяўчына з пяшчотнымі вуснамі і вялікімі, цёмнымі, яснымі вачыма, вельмі сур’ёзнымі і летуценнымі. На танцах яна нярэдка, бывала, падала; але падчас каманды "дамы выбіраюць кавалераў" яна падыходзіла да яго: яна ведала, што ён піша вершы, яна два разы прасіла яго паказаць іх ёй і часцяком здалёку пазірала на яго з пахіленай галавою. Але што яму было да таго? Ён, ён кахаў Інгу Гольм, бялявую, вясёлую Інгу, якая, напэўна, пагарджала ім за тое, што ён займаўся паэзіяй… Ён глядзеў на яе, бачыў яе вузкія, блакітныя вочы, напоўненыя шчасцем і кпінамі, і ў ім паўставала зайздрослівая туга, жорсткі, неадчэпны боль, што яна не прымае яго і што ён назаўжды застанецца для яе чужым, месціўся ў яго грудзях і смылеў…

"Першая па́ра – en avant![62]" – выгукнуў пан Кнак, і ніякія словы не здольныя апісаць, як жа цудоўна гэты чалавек вымавіў насавы гук. Развучвалі кадрылю, і на вялікі жах Тоніа Крэгера ён трапіў у адну чацвёрку з Інгаю Гольм. Ён пазбягаў яе, як толькі мог, і ўсё-такі раз за разам апынаўся наўпоблізь ад яе; ён прымушаў свае вочы не скіроўвацца на дзяўчыну, і ўсё роўна ягоны позірк увесь час трапляў на яе… І вось, узяўшы за руку рудавалосага Фердынанда Матысэна, яна, быццам коўзаючыся, падбегла да яго, закінула касу назад і, перадыхнуўшы, спынілася, перад ім; пан Гайнцэльман, акампаніятар, ударыў сваімі кашчавымі пальцамі па клавішах, пан Кнак падаў каманду, кадрыля пачалася.

Яна рухалася перад ім сюды-туды, наперад-назад, крокамі і з паваротамі, водар, які ішоў ад яе валасоў ці ад тонкай белай тканіны яе ўбору, часам закранаў яго, і яго вочы ўсё больш і больш поўніліся смуткам. "Я кахаю цябе, кахаю, любая, мілая Інга", – шаптаў ён у душы і ў гэтыя словы ўкладаў увесь свой боль ад таго, што яна танчыла так старанна і весела, а на яго не звяртала ніякай увагі. Яму прыйшоў на памяць цудоўны верш Шторма: "Я ўжо засынаю, ну, а ты ўсё танчыш". Прыніжальнае супярэчлівае пачуццё мучыла яго, і яно палягала ў тым, што трэба танчыць, у той час калі ты кахаеш…

"Першая пара en avant! – сказаў пан Кнак, бо пачалося новае кола. – Compliment! Moulinet des dames! Tour de main![63]" І ніхто не можа апісаць, як грацыёзна ён праглынуў бязгучнае "е" ад "de".

"Другая пара en avant!" На чарзе былі Тоніа Крэгер і ягоная дама. "Compliment!" – і Тоніа Крэгер пакланіўся. "Moulinet des dames!" – і Тоніа Крэгер, схіліўшы галаву і нахмурыўшы бровы, палажыў руку на рукі чатырох дам, на руку Інгі Гольм, і пачаў танчыць "moulinet".

Вакол пачалі хіхікаць і смяяцца. Пан Кнак прыняў балетную позу, якая павінна была азначаць стылізаваны жах. "О Божа! – усклікнуў ён. – Стоп! Стоп! Крэгер заблытаўся сярод дам! En arrière, назад, фройляйн Крэгер, назад, fi donc![64] Усе зразумелі, толькі Вы – не. Хутка! Працягваем! Вы – назад!" І ён дастаў жоўтую шоўкавую насоўку і пагнаў ёй Тоніа Крэгера назад на яго месца.

Усе смяяліся: юнакі, дзяўчаты і дамы за парцьерамі, бо пан Кнак гэты інцыдэнт ператварыў у штосьці вельмі забаўнае, і ўсе весяліліся, як у тэатры. Толькі пан Гайнцэльман чакаў з застылай дзелавою фізіяноміяй, калі дадуць знак, каб пачаць іграць, бо ён быў загартаваны супраць уздзеяння пана Кнака.

Потым кадрыля працягвалася. А пасля быў перапынак. Афіцыянтка зазвінела падносам з келіхамі для віна, уваходзячы ў дзверы, а кухарка з’явілася следам за ёй з пачкам печыва з разынкамі. Але Тоніа Крэгер крадком выйшаў, падаўся ў калідор і стаў там, заклаўшы рукі за спіну, перад акном з апушчаным жалюзі, не задумваючыся пра тое, што праз гэтае жалюзі нічога не відаць, што, такім чынам, смешна стаяць перад акном і рабіць выгляд, што глядзіш у яго.

А ён узіраўся ў самога сябе, дзе было так шмат нездавальнення і смутку. Чаму, чаму ён тут? Чаму ён не застаўся сядзець у сваім пакоі каля акна і не чытаў "Імензэ" Шторма[65], пазіраючы час ад часу ў вечаровы сад, дзе цяжка рыпеў стары арэшнік? Там было яго сапраўднае месца. Няхай бы іншыя танчылі, бадзёра і спрытна займаліся сваёй справаю!.. Не, не, яго месца ўсё-такі было тут, дзе ён адчуваў сябе блізка ад Інгі, нават самотна стоячы аддалена і намагаючыся ў гуле, звоне і смеху там у салоне вылучыць яе голас, у якім быў прысутны звон цёплага жыцця. Твае прадаўгаватыя блакітныя вочы з вясёлым смехам, ах, бялявая Інга! Такой прыгожаю і вясёлаю, як ты, можна быць толькі тады, калі не чытаеш "Імензэ" і ніколі не намагаешся рабіць нешта падобнае; і гэта засмучае!..

вернуться

62

Наперад! (франц.)

вернуться

64

Рабіць так! (франц.)

вернуться

65

Найбольш папулярны твор згаданага вышэй нямецкага пісьменніка Тэадора Шторма (1817–1888).