Выбрать главу

– А таксама, каб не рабіла больш глупстваў, — дадаў Кепка. — Тады ад яе хваробы не застанецца і следу.

У Джона ад нечаканай здагадкі адвісла сківіца...

— Ад папугайскіх Джонаў, Кляйнаў, Эленаў трэба адмовіцца раз і назаўсёды, — працягваў Чыгуначнік. — Завіце адзін аднаго па-людску, нягледзячы нават на запісы ў метрыках. Потым вось яшчэ што. За кожную двойку, калі будзе даказана, што яна пастаўлена вам за ляноту, будзеце фізічна пакараныя. За кожнае матнае слова мы праколем вам іголкай язык, за знявагу настаўніка — дзесяць лазовых розаг плюс грэчка, за спробу закурыць — аплявуха і гэтак далей. Рэестр у дырэктара, хто жадае, можа азнаёміцца. Самае галоўнае, што мне хочацца, каб вы запомнілі, што гэтыя правілы не абмяжоўваюцца толькі школаю. Дзе б вы ні знаходзіліся, для нас няма ніякай цяжкасці даведацца, чым вы ў гэты час займаецеся. Эксперымент будзе нядоўга, хутка вы і самі зразумееце, што так, як вы цяпер жывеце, жыць нельга. Таму, дзеці, вучыцеся на пяць!

Калі мужчыны выходзілі, усе як адзін усталі.

— Дык вось яно што... — разгублена і шчасліва пазіраў на клас дырэктар.

Радасна і пераможна ўсміхалася Кацярына Рыгораўна... Ціха стаяў 7 «Б», чакаючы запрашэння сядаць... Эпоха школьнага дэмакратызму адыходзіла ў нябыт, і Міша Міхлін, яскравы яе прадстаўнік, свяціўся ў кутку голай, шчуплай задніцаю з чырвонымі пісягамі і румзаў, захліпваючыся, на ўвесь клас.

Фантазія VII: ТЭОРЫЯ МІХЛІНА МАЛОДШАГА

У дзевяць гадзін раніцы наступнага дня Гімназія Новага Тыпу нумар X гула, як растрывожаны вулей.

Калі б завітаў сюды ў дворык якісь чужы чалавек, дык, мабыць, падумаў бы, што патрапіў у школу-інтэрнат для глуханямых альбо нейкіх дэфектыўных дзяцей. Паразбіваўшыся на купкі па тры-чатыры чалавекі, мычалі адзін перад адным вучні і вучаніцы, высалапляючы языкі, паказваючы распухлыя вушы, і на мігах стараліся апісаць дэталі сваіх учарашніх прыгод.

— Схавацца немагчыма! — тоўстым, праколатым языком шапялявіў Кладка. — Іду са школы — ідзе нехта следам. Чорт ведае, што ў іх наўме, неяк страшнавата стала. Гуляць не пайшоў, пачытаў урокі, рабіць няма чаго, залезу, думаю, у прыбіральню, курну. Заходжу, сядаю, спакойнанька скручваю папяросу, толькі здабыў агонь, зацягнуўся — бу-бух нешта! — шпінгалет адлятае, нехта хапае мяне за каршыдла — я-а-ак трэсне па вуху... Я ў адзін бок, самакрутка — у другі. Я ў крык, а ён як праз зямлю праваліўся. Прыбягаюць з кухні бацька, маці — што такое? Аказалася, гэта сантэхнік, шукаў свайго напарніка, у якога быў выпівон, падумаў, што той схаваўся ў прыбіральню... І пераблытаў са мною...

Усе, хто, вядома, мог, зарагаталі.

– Гэта быў такі сантэхнік, як я парашутыст!

– Да мяне дайшло, калі па другім вуху ледзь не смальнулі. Дачакаўся ночы, думаю, вылезу на балкон, курну, па балконах сантэхнікі ў тры ночы не лазяць. Толькі вылез — званок у дзверы я-а-іак дзынкне! Не, думаю, хлопцы, — я з вамі больш не гуляю! Шмыг пад коўдру!..

– А язык, раскажы, калі табе падлячылі?

Кладка адмахнуўся. Не хацелаоя яму расказваць, як сёння рана-раніцаю ён пабег да Алены ў бальніцу, пачаў выкладваць ёй усе навіны, і яна яго перабіла: «Ведаю, адзін у кепцы, другі — у шапцы, і баба з імі!» — і сама расказала, як яе ў карчах заўчора мучылі. Іван, ад крыўды за сваю сяброўку, не стрымаўся і на ўсю палату вылаяўся матам, а калі выйшаў з бальніцы, у алейцы яго ўжо чакалі... Дзіўна, але ён нават пальцам не зварухнуў, каб неяк абараняцца — яму і не хацелася абараняцца. Таму і сорамна цяпер было расказваць, каб не падумалі, што ён не супраціўляўся ад страху.

— У іх электроніка, гэта ясна. Ім ад нас паступаюць сігналы, — казаў адзін.

— Маўчы лепш стой, — азіраўся па баках другі.

— Я ведаю, — прыціскаючы да вуснаў палец, прашаптаў Міхлін. — Гэта — іншапланецяне!

I Міхлін коратка нашаптаў сваю тэорыю. Атрымоўвалася, што іншапланецяне (пра якіх і ў 199... годзе, як і цяпер, не пісалі і не гаварылі хіба што слупы; з «касмічнымі гасцямі» размаўлялі, фатаграфавалі іх і змяшчалі ў газетах сотні здымкаў, з імі разам ляталі, адзін мужчына з Пастаўскага раёна прыручыў іншапланецяніна, і той цэлае лета абіраў яму з бульбоўніку каларадскіх жукоў, а восенню мужчына яго адпусціў дамоў, у космас; адна маладзіца паспела ад іншапланецянаў зацяжарыць і патрабавала сабе цяпер публічна, праз газеты і тэлевізар, неабмежаванай жыллёвай плошчы ў цэнтры, пагражаючы ў выпадку адмовы «касмічнай вайною») — дык вось, іншапланецяне, па Міхліну, лятаючы па сваіх справах, атрымалі сігнал, што на планеце Зямля запанавала Эра Новага Мыслення. Яна дала магчымасць зямлянам кінуць усе сілы на ўдасканальванне тэхнікі і дагнаць па элекгронна-камп'ютэрным узроўні іншыя цывілізацыі. А для сусвету гэта вельмі непажадана, бо ўсім вядома, якія зямляне крыважэрныя. Таму атрыманы быў загад: разбурыць усе дэмакратычныя заваёвы, вярнуць зямлянаў назад, да камандна-адміністрацыйнай сістэмы.