Выбрать главу

— Застаецца адно, — заключыў Міша, — змагацца неяк з гэтай чорнай навалаю...

— Не веру, што, гэта не нашыя, — скрывіўся нехта. — 3 такімі зямнымі мордамі я іншапланецянаў ні на адной фатаграфіі ні ў адной газеце не бачыў.

— А трансплантацыя? А здольнасць прымаць любыя зямныя формы? Чаму ты гэтага не ўлічваеш? — адказаў Міхлін.

I вось тут, як бы без пэўнай сувязі з Мішавай тэорыяй, упершыню прагучала тое, пра што думала большасць гімназістаў.

– Яны мне падабаюцца, – сказаў Іван Кладка. – Як хто, хлопцы, а я з іншапланецянамі не ваюю.

– Нармальныя мужыкі, — адразу ж падтрымалі яго.

– Чуць што не так — трэсь па вуху!

– Правільна, толькі так і трэба...

– Хто нармальны? Што правільна?! — узвіўся адчайна Мішэль. — Так і трэба — біцца?! Я пайшоў учора ў паліцыю заяўляць, а гэтыя пачвары перастрэлі і рукі сталі распускаць! — хлопчык аж усхліпнуў. — Сёння дубцы, рукапрыкладства, а заўтра — ГУЛАГ, канцлагер...

I тут усе ўздрыгнулі ад нечаканасці. Звінеў самы сапраўдны званок. На ўрок. Нібы нейкія далёкія, ужо амаль дарэшты размытыя, атручаныя, перамешаныя чорт ведае толькі з чым гены абудзіліся ў гіміназісціках; дыхнула нейкімі далёкімі пахамі, зароіліся перад вачамі цудоўныя, нідзе да гэтага не бачаныя малюнкі: пахучыя ранцы, кветкі ў руках, вершык з чытанкі, адчуванне трывогі за спазненне, водар крэйды і анучкі каля дошкі — і чысціня, усё чыстае навокал — ад неба да вымытых класных вокнаў, да выцертай мокрай дошкі, да чыстых тварыкаў і чыстых дзявочых фартушкоў...

— Слухай, — сказаў Кладка, прытрымаўшы Міхліна каля ганка за хлясцік. — Не рабі больш розных гадасцяў. Бо я тады з табою разбяруся. Сам, без іншапланецянаў.

I паказаў Мішу таўстапальцы кулак.

Фантазія VIII: ПА-ПЕРШАЕ, Я ЦЯБЕ КАХАЮ

Тое, чаго дырэктар Яўген Сцяпанавіч чакаў кожную хвіліну, адцяглося неймаверна — аж на тыдзень, — але ў рэшце рэшт здарылася.

Расолька рыхтаваўся да гэтага дня. На брашурку Ядвігіна Ш. “Апавяданні” 1940 года выдання са сваіх старых бібліятэчных запасаў ён выменяў на барахолцы кавалак мыла, мяшэчак крышаных тытунёвых сцяблін, целагрэйку, ватныя штаны, звязаў гэта ўсё ў клунак і трымаў у сваім кабінеце, у шафе. Чамусьці яму здавалася, што «браць» яго будуць на рабоце.

Прадбачу пытанне — што яшчэ за «браць»? У 199... годзе — і «браць»? Каго, калі перамога ўсімі чаканай дэмакратыі адбылася на ўсіх франтах? Няўжо знаходзіліся незадаволеныя нечым? Трэба прызнацца — яшчэ і як знаходзіліся; у параўнанні з Перыядам Адсутнасці Дэмакратыі злачыннасць вырасла і турмы былі перапоўненыя — так, што нядаўна дэпутаты большасцю галасоў прынялі пастанову аб адкрыцці гэтак эванай Абмежаванай Плошчы Для Утрымання Антыдэмакратычных Грамадзян, перахрышчанай у народзе ў «Архіпелаг Дэмлаг». Так што было, было і каго «браць» і куды «браць».

Як гэта робіцца, Расолька выдатна ведаў з цяперашніх тэлевізійных фільмаў. Кожны дзень па чацвёртай праграме дэманстраваўся серыял на тэму: «Перажыткі сацыялізму», адкуль дэталяў «прыцяснення асобы» і спосабаў «барацьбы з імі» набіралася хоць адбаўляй. I выбару вялікага паглядзець штосьці іншае не было, бо Ідэалагічная камісія зацвердзіла толькі тры тэмы для кінафільмаў: вышэйзгаданую, «Эратычныя гульні» і «Амерыканскі лад жыцця».

Здарылася гэта, калі дырэктар ужо трохі акрыяў і нават падумваў, што так нічым усё можа і скончыцца. Тады і зазвінеў тэлефоін: урачыста і патрабавальна. Яўген Сцяпанавіч не спяшаўся, найперш дастаў з шафы свой клуначак, няўмела перахрысціўся, глянуў тужліва па сценах, у акно і падняў трубку

– Маёр такі й такі, служба дэмакратычнай паліцыі.

– Я гатовы, — сказаў Расолька. — Калі вас чакаць?

– Скажыце мне спачатку...

– Добра-добра, — заспяшаўся дырэктар, у якога словы пачалі ўжо абганяць яву, — утойваць нічога не збіраюся. Прызнаю сваю віну, якую бачу ў тым, што школьнікі за тыдзень кінулі курыць, завялі дзённікі, вучаць урокі, носяць школьную форму, што ўрок стаў сорак хвілін, што не было ніводнага спазнення... Вось, праўда, дабіўся я гэтага трохі недэмакратычна — ну, што ж, затое за гэты тыдзень я шмат чаго зразумеў, дыхнуў трохі сапраўднага жыцця і таму прымаю свой крыж — хапайце, вяжыце, саджайце, страляйце...

— Мне мала цікавыя вашы сродкі, — выслухаўшы, ніколькі не здзівіўшыся, сказаў маёр. — Бачыце, тут такая справа... У мяне ў самога, можна сказаць, угробілі сына ў дэмакратычнай гімназіі. 3 французскім ухілам. Шэсць гадоў вучыцца, а ні вуха ні рыла ні ў французскай мове, ні ў якой іншай. Я хацеў спытацца, ці магчымы перавод? У вашую школу.