Выбрать главу

– Не! — дзіка крыкнуў мужчына, засланяючыся кулакамі, як баксёр. — Больш не буду!

– Божа! — шаптаў сабе пад нос Расолька, калі яны з Кепкам выбраліся з натоўпу і пайшлі па вуліцы. — Нашто вы ўцягнулі мяне ў гэта? Скуль вы ўзяліся? Вось толькі што — вы апынуліся тут выпадкова ці не? Хоць якое выпадкова, калі ведалі яго словы, хоць з самага пачатку вас не было!

– Вядома, невыпадкова, — усміхнуўся Кепка. — Скажыце лепш, вы што, сабраліся ўцякаць з горада?

– Вы ж лепш за мяне ведаеце, куды я збіраюся і куды не збіраюся, – буркнуў ды-рэктар.

– Пачакайце трохі, Яўген Сцяпанавіч. Дзянёк-другі. А там пойдзем куды-небудзь на прыроду, пасядзім культурна, вы раскажаце нам пра свае планы, мы вам, можа, нешта таксама параім...

– А што, хутка я вылечу са школы?

– Так.

– Я ведаў, — сумна сказаў Расолька. — Сам сабе дзіўлюся, але нават такую школу я палюбіў больш за ўсё...

– Дык гэта ж вельмі добра, — зацікаўлена зірнуў на яго Кепка.

Фантазія IX: ПРАВАКАТАР МІШКА

Да ўсяго можна было прывыкнуць за гзтыя дні Яўгену Сцяпанавічу, але наступным днём, раніцаю, яго чакаў у гімназіі чарговы сюрпрыз. Не паспеў дырэктар распрануцца, прычасацца, як у дзверы ціха пастукалі і ў кабінет нясмела прашыўся Міша Міхлін.

– Вы адзін, Яўген Сцяпанавіч? — азірнуўшыся, напаўголаса спытаў хлопчык. — Мне трэба сказаць вам нешта дужа пільнае. Яно вас тычыцца.

– Сядай, — паказаў на крэсла дырэктар, а сам прысеў на сваё любімае месца, на падаконнік. — Слухаю... Не, пачакай, прабач... — дырэктар замяўся. — Я ўсё думаю — а малайчына ты. Я табе шчыра скажу, ты ж быў такі ўпарты, няўрымслівы, меў уладу, але так хутка, як той казаў, перабудаваўся... Перайшоў на славянскія імёны, самы першы завёў дзённік, добра вучышся... Калі ўсё ж было лепш — тады ці цяпер, калі ўведзена такое... абмежаванне?

– Дзякую, што хваліце, — уздыхнуў Міша. — Цяпер, вядома, лепш — і спакайней, і цікавей. Але я баюся, Яўген Сцяпанавіч, каб нам яе нашкодзілі. У гімназіі ніхто не хоча вяртання да часоў смуты, але ж вы ведаеце, які цяпер час. Ёсць сілы, якія зацікаўлены ў тым, каб усё было кепска, каб усё стаяла на галаве...

– Ну, ну, — эацікавіўся дырэктар.

– Не хачу вас затрымліваць, пачну з галоўнага. Учора выходжу са школы, на вуліцы падыходзіць да мяне чалавек, ну, і распытвае, што там ды як там. Я так адмоўчаўся, можна сказаць, ні гу-гу пра рукапрыкладства...

– Чаго — трэба было сказаць! — засмяяўся Яўген Сцяпанавіч, успомніўшы ўчарашні званок маёра. — А зрэшты, правільна, малайчына. Ну і?

– Далей ён усё распытвае пра факты, фактаў хоча. Што там, маўляў, за Расолька, адкуль ён прыплыў...

– Джынсавы! — усклікнуў дырэктар. — Як ён выгоядаў? Такі ў джынсах, у куртцы і ў джынсавых шкарпэтках?

– Шкарпэтак не бачыў, а ўсё астатняе, сапраўды, джынсавае.

– Ён! — дырэктар саскочыў з падаконніка і забегаў узад-уперад. — Зноў! нічога, гэтым разам не на таго напарваўся! Я ж цябе... дубцамі...

Раптам ён успомніў, як тыдзень назад бачыў Джынсавага разам з Міхліным, як яны шушукаліся каля ганка.

– А ты ўчора першы раз яго бачыў, ні разу да гэтага? — спытаў ён.

– Не, ужо разоў колькі. Чэпіцца і чэпіцца да мяне, — шчыра адказаў Міхлін.

– I што ён яшчэ пытаў?

– Ну, што — давай ды давай, кажа, факты...

– Ён і без фактаў добра ўмее, — пасміхнуўся дырэктар. — Гэта Прэсавіч, журналіст. Будзь з ім вельмі і вельмі асцярожны.

– Ясна, — кіўнуў Міхлін. — I яшчэ... Вось вам, Яўген Сцяпанавіч, сшытачак... Можа, спатрэбіцца. Я разумею, што цяжка ўсё ўгледзець... Тут, значыць, Элен расказвала, як ёй калолі язык, і паўтарыла тое ж самае матнае слова, за якое калолі... Тут Кладка расказваў, як ён курыў, як яго біў сантэхнік, вылаяўся пры гэтым... Тут вось — у каго бачыў лісце на самакруткі, тут, па пунктах, ад каго смярдзела тытунём...

Дырэктар здзівіўся:

– Ну, і нашто? Добра, Лена сказала брыдка, але ж гэта гледзячы як яна гэтае слова ўжыла — смакуючы альбо як прыкры ўспамін.

– Усё так, але пажадана менш мянціць языком. Той жа Прэсавіч ад такіх фактаў не адмовіцца...

I зноў насцярожыла нешта дырэктара: ён пільна зірнуў на Міхліна — як хутка запомніў прозвішча!

– Добра, Міхась, дзякую, — чамусьці адварочваючыся, узяў ён сшытак. — Ты ідзі зараз і скажы гэтым грамацеям, якіх ты пералічыў, — хай прыдуць сюды.

– Усе? Гэта ж амаль цэлы клас!

– Не, гэтых дваіх пазаві, актывістаў... Кладку з Аленаю.

Міхась выйшаў. Хвілін праз колькі перад дырэктарам стаялі «актывісты». Кладка быў у сінім каспюме, перашытым з бацькавага, Элен — у шэрай школьнай сукеначцы. Яна стаяла бледная і спалоханая.