– Мы не парушалі правілаў, Яўген Сцяпанаеіч, — змрочна сказаў Кладка. — Элен не курыць...
– А ты?
Кладка прамаўчаў. Дырэктар падаў яму сшытак.
— Чытайце. I ведайце, хто вамі кіруе. Гімназія Новага Тыпу! Тып, можа, і новы, а ўсё іншае... але не хочацца тлумачыць вам тое, што вы, відаць, лепш за мяне зразумелі.
Не паспелі выйсці вучні, як у дзверы прасунулася жанчына ў вясковай кофце, у чырвонай хустцы на галаве.
— Вы зрабілі мудра, Яўген Сцяпанавіч. Гэта сапраўды правакатар, памагаты вашага Прэсавіча.
– Дзякую за падказку... Гэта я і без вас ведаў, але скажыце мне ўрэшце, хто — вы?! Бажуся, я не скажу нікому!
– Сёння, Яўген Сцяпанавіч, – усміхнулася жанчына, — сёння ў сем вечара...
I яна растлумачыла, куды прыходзіць.
(3 песні)
Хто любіць бываць на цяперашнім Камсамольскім возеры, вось там дзе мост і першае кальцо, той павінен ведаць гэты цудоўны куточак — Свіслач разбіваецца там на некалькі рукавоў і ўтварае купку маляўнічых выспаў. Вада тут неглыбокая, звычайна на гэтыя зялёныя астраўкі можна перайсці ўброд. Вось у гэтым месцы і сабраліся разам нашыя героі.
Мала было на вадасховішчы людзей; ні з кальца, па якім несліся машыны, ні з берага за густой лазою нічога нельга было ўбачыць. На адной з выспаў патрэсквала невялікае вогнішча, кіпеў чыгун, пускаючы раз-пораз на вуголлі шыпучую пену, і пахла з яго варанай рыбаю і цыбуляй з укропам. Яўген Сцяпанавіч падаслаў пінжак і сядзеў пад алешынкай, абмахваючыся галінкай ад камароў. Кепка насупраць даставаў з заплечніка і выстаўляў на разгорнуты абрус такія штучкі, што галодны Расолька стараўся ў той бок не глядзець. Ляжалі ўжо на абрусе і хлеб, і каўбаса колішняя па рубель дваццаць, дражніў ноздры пах адчыненых «Кілек у тамаце» і гуркоў з памідорамі — праўда, марынаваныя, са слоіка, але Расольку яны цяпер падаваліся тым, чым бы, напрыклад, застойнаму вясковаму дзеду ананас на Каляды.
– Яўген Сцяпанавіч, — пазваў Кепка і паказаў дырэктару пляшку «Экстры»,— ведаеце хоць, што гэта такое?
– Як у тым анекдоце: сам не піў, але дзед расказваў, бачыў, як пан піў...
Чыгуначнік сядзеў каля вогнішча, падкідаў галінкі і ўсё пазіраў на свой гадзіннік — круглы, на усю руку, як спідометр. Каця ставіла на абрус міскі, чаркі, а жанчына ў вясковым кабаце ўсё падкладвала ў чыгун то перац, то ліст... Усё мацней пахла юшкаю; урэшце разлілі па місках, падселі бліжэй. Выпілі па чарцы.
— Спачатку я сваю версію, — прыкусіўшы, пачаў Расолька, — хто вы такія. Тое, што іншапланецяне, вядома, лухта. Вы... з Партыі Паляпшэння Побыту!
I Расолька расказаў тое, што ведаў са старых газет. Была такая як бы партыя. Яна базавалася ў вялікіх гарадах, у Маскве і ў Ленінградзе. Займаліся напачатку тым, што лавілі каля гатэляў, дзе жылі замежнікі, прастытутак, брылі іх пад нуль; потым, напрыклад, не саступіў у аўтобусе старому месца, не прабіў талончык — за табой выходзілі і штрафавалі на сто рублёў, папярэджваючы, што калі такое паўторыцца, цябе чакацьме няшчасны выпадак — у цябе будзе зламаная левая рука. Праштрафішся яшчэ раз — правая. Быў публічны працэс у 199... годзе, і ўсіх жулікаў з ППП, каго злавілі, пасаджалі, а астатнія паразбягаліся.
— Але там сістэма штрафаў, — закончыў Расолька, — і брыдка, жорстка, а галоўнае, караецца толькі тое свінства, якое навідавоку. А гэта, па-мойму, тое самае, што падстрыгаць крапіву, яна яшчэ больш ад гэтага расце.
– Што ж, цёпла, — пахваліў Кепка. — Асабіста я, напрыклад, якраз і ёсць аскепак гэтай партыі жлобінскага філіяла. Помнііце, «Чырвоная змена» некалі пісала? Нас было некалькі «афганцаў», якія займліся ўсім гэтым глупствам. Але не ад жадання сілаю прывучыць рабіць дабро, зусім па іншых матывах... Затое ў нас, у маіх цяперашніх сяброў, матывы якраз акрэсленыя: на сілу зла — сіла дабра. Мы не прафесіяналы, мы і ў горадзе апынуліся выпадкова і гэтак жа выпадкова зайшлі на дворык вашай школы... Вось, напрыклад, Валя, — кіўнуў ён на жанчыну, — жыла...
– Я сама раскажу, — хвалюючыся, як і на школыным сходзе, перабіла яго Валя. — Мы ў пэўным сэнсе няўдачнікі цяперашняга ладу. І некаторым чынам помсцім за гэта. Ну, бывае ж так, згадзіцеся? Магчыма, у нашых злыбедах вінаваты лёс ці мы самі, а магчыма, і сістэма. Жыла я некалі з мужам шчасліва, ні пра што не дбаючы, як ні дзіўна, ні ад чога асабліва не задыхаліся, не п'янствавалі, хоць мора гарэлкі цякло ў магазінах, не марылі выязджаць у Амерыку ад таго, што ў іх трусы дзешавейшыя. Мой муж быў архітэктар, ён быў нармальны чалавек. Потым пачалася «мірная рэвалюцыя», увялі парнаграфічны канал па тэлевізары, і муж звар'яцеў. Яго як нехта сурочыў, як убіў яму ў галаву: «Чаму і я не магу з ранку да вечара толькі гэтым і займацца?» Ён кінуў работу, пачаў піць, потым калоцца, прадаў усё, што можна было, і за гэтыя грошы, пры мне, пачаў вадзіць у кватэру баб, каб прарабляць з імі ўсё тое, што бачыў на экране. I я сышла з дому, потым чула, што яго нібыта забралі ў вар’ятню...