Каля электрычкі было не прабіцца. Уся школа прыйшла праводзіць дырэктара з настаўніцай. У тамбуры размаўляў Чыгуначнік з Кладкам, каля вагона Валя абдымала Алену і шаптала ёй нешта на вуха...
— Варта было ўсё пачынаць, — бурчэў Кладка, — калі мала таго, што самі з'язджаеце, дык яшчэ звозіце людзей, на якіх усё магло б трымацца...
– Супраць Прэсавічаў, дарагі хлопчык, мы — нішто. 3 любой касмічнай тэхнікай і з любой мараллю.
– Дык тады што? Толькі адно?
– Толькі адно. Жыць тут, хадзіць у школу, у «гіміназіі», «коледжы», слухаць, глядзець, запамінаць і ве-даць, што ўсё хлусня, фальш, падман, і ўратаваць можа толькі зямля. Якой б яна ні была.
– Я цяпер хачу з вамі.
– Трэба, каб выспела. Каб інакш немагчыма было. I тады, калі ласка, прыязджай. Разам са сваёй Эленай. Думаю, знойдзецца, што вам там рабіць.
Лена, спалоханая, шаптала Валі:
— Няўжо гэта сапраўды спецыяльна, знарок усё робіцца? Няўжо такія людзі, як вы, некаму няўгодныя? За што вас ненавідзець? Каму вы перашкаджаеце?
— Лепш збегай прынясі мне вячэрнюю газету...
Валя дала грошы, Алена збегала і прынесла — кіёск быў недалёка. Тут кранулася электрычка, закрычалі нешта нястройнае, замахалі рукамі дзеці, падняў сціснуты кулак над галавою Кладка...
I доўга яшчэ, пакуль за вакном плылі высозныя гарадскія трубы, жоўта-чырвоныя сцены, Кацярына Рыгораўна не магла супакоіцца і ўсё тулілася да пляча Яўгена Сцяпанавіча. То ёй здавалася, што зараз спыняць цягнік, сілай выцягнуць іх з вагона і вернуць у гэтую страшную, галодную пачвару — горад; то малявалася будучае жыццё — у нейкіх хатах, з нейкімі коньмі, у радыяцыі...
– Я карову не ўмею даіць, — прашаптала яна, пачырваяеўшы, Расольку.
Той прыклаў да вуснаў палец — потым. Валя чытала ўслых газету.
«Увага! Надзвычайная сітуацыя! Дэмакратычны рух далёкі ад свайго завяршэння. Кансерватыўныя сілы, чуючы сваю пагібель, адчайна чапляюцца зубамі і рукамі за старое, ідучы для дасягнення сваіх мэтаў на кантакты з адкідамі грамадства., змыкаючыся з крымінальнікамі. Так, на працягу тыдня, нічога не баючыся, у Горадзе спакойна і ўпэўнена дзейнічала шайка злачынцаў, якія ў мінулым уваходзілі ў г.зв. Партыю Паляпшэння Побыту. Узначальваў групу не хто іншы, як Эджэн Росаль, ці, як яго называлі ў тым асяроддзі, Яўген Расолька. Устанавіўшы ў Гімназіі Новага Тыпу нумар X, дзе працаваў дырэктарам, дыктат, Расолька пачаў тэрарызаваць дзяцей, шырока практыкуючы насілле, пабоі, знявагу асобы. Увесьчасны страх перад фізічнай расправаю прывёў да таго, што працяглы час усё гэта ўдавалася трымаць у тайне. Ператварыўшы Гімназію ў канцлагер, Росаль і ягоная шайка (пра якую гаворка пойдзе ніжэй) пачалі праводзіць свае фашыстоўскія эксперыменты. Над кожным гіімназістам быў устаноўлены кантроль з дапамогаю складанай сістэмы электронікі накшталт японскіх відэа-тэле-гадзіннікаў (на жаль, канструкцыю гэтага прыбора пакуль раскрыць не ўдалося), так што практычна кожны крок, кожнае слова, нават сказанае ў сне, — усё можна было не толькі падслухаць, але і ўбачыць на партатыўным экране.
Самае сумнае, што да ўдзельнікаў гэтай злачыннай гуртоўкі нельга прымяніць ніякіх санкцыяў. Не сакрэт, што пасля таго, як нашы замежныя сябры закупілі за цвёрдую валюту ў рэспубліцы паўднёвыя раёны, яны трымаюць у гэтай зоне на добраахвотных пачатках абмежаваны кантынгент людзей, што займаюцца там сельскай гаспадаркаю, жывучы як бы своеасаблівай абшчынаю, і – на жаль, давядзецца паўтарыць! – згодна заключанаму кантракту, асобы гэтых людзей з'яўляюцца недатыкалынымі. Але хто ж гэтыя «асобы» на самай справе?..»
— Ну, тут далей нашыя біяграфіі – нецікава, — сказала Валя, — прапушчу. А вось фотаздымак з подпісам: «На здымку вы бачыце аднаго з нешматлікіх герояў, што не пабаяўся выйсці на заваёвы дэмакратыі...»
Кацярына Рыгораўна не слухала. Яна глядзела ў акно — як плылі насустрач электрычцы бела-зялёныя бярозкі, свежаўзараныя загоны, як уцякала ад насыпу сцежка ў лес, як прамільгнуў цэментавы кругляк-калодзеж паміж высокіх ліпаў — і ёй хацелася плакаць ад шчасця сустрэчы з мілай, роднай Беларуссю...
1990 г., Улан-Батар, Манголія.
Сіндром
(Апавяданне)
Чалавек можа выстаяць перад вялікімі бурамі, перанесці розныя трагедыі і неймаверныя страты – і зламацца ад нязначнай драбязы, смешнай пстрычкі, якую і ўлічыць было немагчыма.
Як і наш Зміцер. Жыў ён, пакуль не выслізнуў са свайго дабрабыту, як семка з гарбуза, не толькі не горш за людзей, а мо нават і лепш.