У 25 гадоў у яго была ўжо выгодная дзяржаўная служба, уласная аднапакаёвая кватэра і красуня жонка. Часта ён так і казаў свайму суседу з трэцяга паверха, пенсіянеру Міраславу Раманавічу, з якім цёплымі вечаркамі любіў пасядзець каля пад’езда на лаўцы:
— Я, дзядзька Міраслаў, шчаслівы ў параўнанні з іншымі ведаеце чым? Не знешнімі абставінамі, не, хоць і гэтае знешняе для мяне многа значыць. Але найперш тым, што вось без блату, без багатай цешчы, без хітрай жаніцьбы і без падлізвання да начальства сам, толькі ўласным розумам заслужыў і гэтую кватэрку, і сваю Галю, і сямейную ўтульнасць, пра якую некалі так марыў на прагнутым студэнцкім ложку. Маё шчасце — у тым, што я не жадаю сабе нічога ні горшага, ні лепшага. Яно, разумееце, як бы ў канкрэтным моманце. Я ўгадаў гэты момант, я сказаў сабе — стой! Будзь хітрэйшы за іншых. Вось як гэта на прыкладах: будуць даваць новую, большую кватэру — адмоўлюся, будуць павышаць на службе — выкручуся, каб застацца на сваім цяперашнім месцы. П’яніцу, канечне, цяжка пераканаць, што найвышэйшая асалода толькі ад першай чаркі... Я хачу, Міраслаў Раманавіч, захаваць слодыч першай чаркі – разумееце мяне?
Пенсіянер, схіліўшы набок лысую, з рэдкім сівым вяночкам галаву, цікаўна, але трохі і скептычна слухаў і заціснутым між каленяў драўляным кіёчкам круціў у пяску дзіркі. Адзінокі, хворы чалавек, Міраслаў Раманавіч належаў да не такога ўжо і рэдкага сярод пенсіянераў тыпу: ён не ведаў настальгіі па ранейшым, не трымаўся старога, а падтрымліваў усё новае і перадавое; сам сябе ён называў леварадыкалам. Ён зусім нядаўна выйшаў з партыі, якой служыў ад юначых гадоў і да пенсіі, у знак пратэсту супраць парушэння правоў асобы пачаў насіць вузкія джынсы і з’яўляўся нязменным аўтарам шматлікіх выданняў дэмакратычнага кірунку. Словам, чалавек ён быў неардынарны, цівавы, па-маладому няўрымслівы — а інакш чаму б і спавядаўся яму наш Зміцер?
Выслухаўшы, Міраслаў Раманавіч клаў свой кіёчак на калені і, звонка шапялявячы, казаў:
— Студэнцкі халодны ложак! Уяўляю яго сабе. Пасля такога любая, груба зляпаная, цвёрдая савецкая канапа падасца райскім пухам. У тым і справа, што сапраўднага ложка мы не ведаем усё жыццё. Хіба мы спалі як людзі? Можа, мы елі людскую ежу, культурна сервіраваную? Можа, ведаем сапраўдную культуру, літаратуру, кіно? А мы ж пушчаны ў свет для поўнага шчасця, гэтага ж нельга не прызнаваць. I тваё цяперашняе шчасце — убогае, смешнае. Любы нармальны чалавек адтуль, з Захаду, паслухаўшы цябе, захацеў бы падаць табе міласціну.
— Калі ў мяне спакойна на душы, — адказваў Зміцер, прыкурваючы цыгарэту, – калі мне нічога не хочацца, я магу спаць на падлозе, есці, што Бог пашле, без усялякай сервіроўкі, і абыходзіцца без, як вы кажаце, сапраўднай літаратуры і культуры. І ўсё роўна быць больш шчаслівым за ўсіх вашых еўрапейцаў, разам узятых.
– О не, Дзіма, — уздыхаў пенсіянер, адганяючы цыгарэтны дым, які кепска пераносіў. — Ты шчаслівы толькі адным — няведаннем. “Мы з калхоза, нам не трэба”. Каб ты хоць дзень пажыў у сапраўднай цывілізаванай краіне — ты б іхняму сабаку пазайздросціў бы. Хаця! – мы ўжо нават зайздросціць развучыліся. Нас можна прабіць чым-небудзь?..
— А я пакуру, Міраслаў Раманавіч, тады і есці не так хочацца, — пасмейваючыся, ніяк не крыўдуючы на «сабаку пазайздросціць», казаў Івановіч.
— У Маскве, я чуў, ужо і цыгарэты знікаюць.
— Ну, што-што, а такое дабро, думаю, не знікне...
Пагаварыўшы так, яны развітваліся і разыходзіліся: адзін – прымаць ванну, піць чай з мятаю, у мяккім крэсле глядзець па тэлевізары пра стыхійныя бедствы і крымінальную хроніку, а пасля ў цёплым ложку абдымаць прыгожую маладую пакорную жанчыну; другі – у свае халодныя чатыры сцяны, дзе стол, ды лямпа, ды нікому непатрэбныя паперы, ды шклянка кефіру на тумбачцы перад сном – па модзе старых людзей... Ды што тут шмат распісваць, і так вядома – Бог няроўна дзеліць!..
Неўзабаве пачалі збывацца прароцтвы Міраслава Раманавіча. Адной цудоўнай раніцаю па ўсім горадзе ў адначассе знікла ўсё курыва. Спярша, «пацалаваўшы замок» на трох тытунёвых кіёсках, Івановіч не спалохаўся, не абурыўся, а толькі ўзрадаваўся.
«Тым лепш — я проста кіну курыць, — думаў ён, едучы тралейбусам на службу. — Ніхто ад гэтага не паміраў, і я не памру. Па-першае, здароўе, чыстыя лёгкія, здаровыя зубы, — Івановіч застагнаў ад сораму, успомніўшы, што апошнім часам жонка стараецца спаць тварам да сцяны, адвярнуўшыся .ад яго. — Яна не скажа, але ж гэта — пахне з рота... Ад курыва... А фінансы? Трэцяя частка маёй зарплаты! Чым займаць час? Рыбалкаю, гры-бамі, чытаць, адкрыцьсвой бізнес — ды мала...»