Выбрать главу
IV.

Увечары сабраўся сход. Далі слова Кірэвічу. ЁН стаў за трыбуну і доўга маўчаў, гледзячы на поўную залу людзей.

— Я цяпер як чалавек з іншай планеты, — сказаў ён. – На кожнае маё слова трэба дзесяць адступленняў і тлумачэнняў. А галоўнае, я ніяк не магу пачаць, бо проста агламошаны, галава плыве — як вы ўмудрыліся так адстаць ад астатніх людзей?

Устаў з першага раду гладкі мужчына ў новай куфайцы, з чубам, як у кубанскага казака.

— Я Навадумскі, — сказаў ён. — Гэта я падаў сігнал. Ты, чалавеча, сапраўды нам многа не гавары, мы і так затурканыя... Скажы проста, на фактах — у чым мы адсталі?

— Добра, на фактах. Давайце з простага, што мне адразу ў галаву прыйшло. Хто ведае, што такое талоны, купоны і візіткі? Падыміце рукі. Ніхто. Вось бачыце. А гэта такая хітрая рэч, што калі нешта купляеш, трэба, акрамя грошай, даваць купоны і выразаць талоны. Ну, і візітка, само сабою...

— Хітра,—сказалі ў зале.

— Так хутчэй ім, відаць...

— Як жа – хутчэй, —пасміхнуўся Кірэвіч. — Вось лічыце: так адзін прадавец, а так трэба сама мала тры. Чарга, крыкі, нервы... Але гэта доўга расказваць... Што яшчэ? Ведаеце, што такое інверсія, канверсія, дэвальвацыя? Праўда, гэтага я і сам не ведаю...

Устаў зноў Навадумскі:

— Ты лепш скажы: цяпер там у вас працуюць ці не? Ці ўсё машыны пазамянялі?

— Ну як жа, машыны... I тыя, што былі, нікуды не варты. Дый каму гэта трэба, мяняць? Цяпер увогуле працаваць нявыгадна. Будзеш працаваць, дык ногі працягнеш. Цяпер так, — ажывіўся Кірэвіч, —скажам, купляю я ў вас тут зубную пасту па сорак капеек, вязу да нас і прадаю па сорак рублёў. Бізнес! Альбо, яшчэ лепш, бярэш чужую кніжку, пажадана не нашу, замежную, пішаш на ёй сваё імя, выдаеш і ўсе грошы забіраеш сабе...

– А аўтар?! – ахнулі ў зале.

– А пляваць на аўтара! Праўда, з выдавецкай справай цяпер цяжэй — паперы няма. Ды і рэкет... А ўвогуле, цяпер сто, тысячы варыянтаў жыць не працуючы!

На журналіста найшло натхненне.

— Можна перапрадаваць, можна фарцаваць, можна лізінгам...

— А Божа, што ён кажа, — уздыхнуў нехта ў зале.

— Кажу ж, не дойдзе да вас!

— Можа, у вас усяго хапае, раз працаваць не трэба? — спытаў Навадумскі.

— Ну, зараз! Лягчэй сказаць, што ёсць. Не, сёе-тое, вядома, ёсць, але так ёсць, як быццам няма, а чаго няма, дык... як вам растлумачыць...

— Добры чалавек, — сказалі з залы, — выбачай, ты растлумач нам адно: калі ўсё сапраўды так, як ты кажаш, дык нашто вам гэта? Нашто вам трэба былі перамены?

— Гм, нашто перамены... Вядома, каб лягчэй жыць, лепш.

— Лепш — гэта як?

— Ну, калі сёе-тое будзе... I больш-менш танна...

— Як у нас цяпер?

— Ну, хоць бы як у вас цяпер...

— I калі гэта ў вас будзе?

— Абяцаюць гадоў праз дзесяць, можа, дваццаць.

— Пастой, чалавеча, — сказаў голас. — Значыць, вы жылі, як мы цяпер, правільна? Тады зрабілі талоны, купоны, лізінг, замест аднаго прадаўца тры – і ўсё дзеля таго, каб праз дзесяць-дваццаць гадоў жыць як і жылі? Як мы і цяпер жывём? Так атрымоўваецца?

Кірэвіч развёў рукі.

— Атрымоўваецца так, — сказаў ён.

V.

Кадол вёў журналіста да сябе начаваць.

— Зараз мы з вамі першачку, — весела гаварыў ён, — ды пад свяжынку, ды цыбулі ў сале насмажым, ды паллём зверху... А? А запіваць будзем расолам з памідораў...

Журналіст раптам спыніўся і схапіў яго за рукаў:

— Вось што — жывіце, як і жылі! Нікому нічога не скажу.

— Добры чалавек, — засмяяўся Кадол,— наадварот — скажы! Усё адно рана ці позна пранюхаюць і прымусяць перабудавацца! Так што кажы, а яшчэ лепш напішы. Толькі напішы як ёсць, як ты сам пра гэта думаеш. Напішаш?

.................................................................................................................

Напісаў.

«Рэкляма»

(Апавяданне)

Яны сустрэліся выпадкова, на пустой алеі няўтульнага восеньскага сквера,— два блізкія некалі сябры, якіх пасля інстытута раскідала жыццё па сваіх расхлістаных дарогах; яны шчыра абняліся, абое непрыдумана радыя, і прыселі на лавачку пад зжаўцелым клёнам.