Выбрать главу

– Дурань, — паўтарае нізкі. — Я думаў, ты раскажаш, як і каб не пахмяляцца, і каб галава не трашчала.

– Ну, захацеў! Так не бывае. Навука такіх рэцэптаў пакуль не адкрыла, — нявесела жартуе высокі.

Замаўкаюць. У вачах у абодвух — пакутнае, пакорлівае доўгацярпенне.

Сінія кветкі

(Аповесць)

І.

Чалавек з парфелем-“дыпламатам” ішоў цёмнай лясной сцяжынаю, як злодзей – хутка, асцярожна, спрытна пераскокваючы цераз частыя калюжыны і падгінаючы галаву пад мокрыя галіны; вайсковая форма рабіла яго яшчэ больш непрыкметным у начной цемры.

Толькі што адгрымела кароткая чэрвеньская навальніца, пакінуўшы пасля сябе гэтыя калюжыны і цёплы дожджык, які аднастайна шапацеў аб лісце і глушыў усе іншыя гукі. Між тым зусім блізка была вёска. З цемры нечакана выступіла доўгая скірда дроў і кавалак недагароджанага плота. Каля скірды чалавек спыніўся, зняў з галавы фуражку, уздыхнуў, паглядзеў на неба, на чорную сцяну хлява за плотам, паставіў між ног “дыпламат” і падняў да ілба правую руку... Але, памарудзіўшы, толькі выцер мокры лоб, зноў насунуў фуражку і пайшоў паўз плот у абход вёскі.

Каб ён у гэты момант азірнуўся, дык, мабыць, спалохаўся б добра – каля скірды чорнае, тоўстае шула, якое ён ледзь не крануў “дыпламатам”, так блізка каля яго прайшоўшы, раптам заварушылася, набыло абрысы і аказалася мажным дзядзькам у дажджавіку, высокіх гумовых ботах і з абярэмкам дроў у руках. Дзядзька счакаў, пакуль заціхне шорах КРОКАЎ, І ПАМАЛУ ПАСУНУЎСЯ Ў цемру, у лес. На маленькай, стаптанай палянцы гарэла вогнішча, пахла брагаю, цёплай парай, стаялі дзве флягі... словам, ясна, што тут адбывалася. Каля флягаў садзела на коленцах цётка і ўвязвала нешта ў дзіравую посцілку. Дзядзька ссыпаў каля вогнішча дровы і сказаў ціха:

— Точна Холадаў унук пайшоў... Казырок блішчыць, як міліцынерскі.

— А ён не ў варміі? — разагнулася цётка.

— Мо ўцякло, падло, бо гародамі ішло... Паганы знак! Каб хоць кацёл не парвало...

— Прыкусі язычок! — цыкнула цётка. — Ды перахрысціся, рука не адсохне! — I першая, не ўстаючы з каленяў, замахала крыжамі на лес, на дзядзьку, на сваё абсталяванне...

I ці гэтая адвечная перасцярога памагла, ці тое, што час быў выбраны надта ўдала, абышлося ўсё шчасліва, ніхто іх больш не трывожыў, нічога не парвала; націснулі дзядзька Юлен з цёткаю Поляю чаго хацелі, а ўраніцы, праганяючы карову, расказваў дзядзька Юлен, як ён уночы «выходзіў у борню» і ўбачыў Арценя Холада, «гэтую бедную сірату»:

— Такі дождж, такая кругом сырасць, а яно, беднае, ідзе сабе некуды...

Пакуль каля апарата направа і налева жагналіся, вайсковец дабраўся да колішніх Холадавых сотак, спыніўся на мяжы, пад старой яблыняй, дастаў з дыпламата пляшку піва, ножык, халодны бяляш, хлеб з катлетаю, стоячы, паеў, за некалькі прыкладаў апаражніў і выкінуў у разору пляшку, потым пасвяціў запалкаю на гадзіннік і хуценька, подбегам, пашыбаваў у процілеглы ад вёскі бок — па поплаве, праз някошаную траву. Перабраўся, хапаючыся за лазіны, па слізкай кладцы цераз канаву і, хоць да пояса абрасіўся і ў чаравіках пішчэла і хлюпала, хвілін праз дзесяць ужо адчыняў набрынялыя вадою, перакошаныя варотцы. Прайшоў трохі краем, стараючыся не глядзець у глыб могілак, пакуль у самым кутку, у зарасніках акацыі, не натыкнуўся на металічную агароджу. ЁН намацаў іржавую зашчапку, зайшоў усярэдзіну, нагнуўся і пачаў чыркаць адсырэлымі запалкамі; урэшце адна загарэлася, асвятліўшы два чорныя крыжы і два насыпы...

Пад самым крыжам, сярод рэдкага пырніку і зялёных магільных шышакоў раслі тры буйныя, у кулак, густа-сіняга колеру кветкі — як лугавыя званкі, толькі з пляската разгорнутымі пялёсткамі і з жоўтай плямкай пасярэдзіне.

У чалавека падкасіліся ногі. Укленчыўшы на мокрай зямлі, ён сутаргава захрысціўся:

— Божа, веру ў Цябе! Раз усё праўдзіцца — значыць, ёсць нейкая сіла, значыць, і Ты ёсць, Госпадзі! I нічога не было і няма без волі Твае — веру, веру!..

Яшчэ праз колькі хвілін вырваныя з коранем, загорнутыя ў слюду кветкі ляжалі ў дыпламаце, а сам вайсковец ранейшым сваім маршрутам прабіраўся назад, за вёску — на чыгуначную станцыю.

ІІ.

Арценя Холада, дваццацігадовага «дзембеля», які вярнуўся з войска да стрыечнай цёткі ў мястэчка Локцевічы, чакалі непрыемныя сюрпрызы: па-першае, цётка, пасля дзесяці гадоў адзіноты, раптам надумалася ўзяць сабе прымака: здаровы, вусаты, ці то хахол, ці то пінчук, якога Холад чамусьці не залюбіў за адно толькі «ыканне»; па другае, пакойчык, дзе ён жыў да войска, таксама аказаўся заняты — рослаю, з рабаціннем на шырокім твары кватаранткаю, старэйшаю за Холада гадоў на пяць, якая тым не менш пры знаёмстве падміргнула яму.