— Што табе гэта дало?
— Нічога! Але глядзі, раз ёсць гэта ўсё... што не можна растлумачыць, значыць, ёсць Бог!
— Спраўджваюцца мільёны сноў. I раней было шмат такога, звязанага з псіхікай, што не маглі растлумачыць, а потым лёгка тлумачылі. Я ўпэўнены, што добры псіхіятр раскладзе твой сон па палічках, расшыфруе, прывядзе тысячы аналагічных выпадкаў: мала хворым сніцца, што нехта памірае, і пасля так і аказваецца, калі сніцца, дзе шукаць згубленую рэч...
— Усё роўна аднекуль жа гэтыя прадчуванні бяруцца? — не здаваўся Холад.
— Ну, а мне што да гэтага? Ты рэалына пакажы... — Навумаў схапіў парожні графін і пакруціў перад Холадам. — Вось графін — зрабі зараз так, каб ён знік! Тады я ў нешта паверу! — Ён падняўся, хістаючыся, падышоў да акна і расчыніў фортку. — Сны твае, бабы... Лухта, слухаць не хачу! Прыйшоў скардзіцца — баба нейкая яго кінула... Па мне, хай перадурэюць яны тут усе! Я табе казаў, што ў яе на ілбе напісаяа, хто яна такая? Казаў? I я, адукаваны чалавек, інтэлігентны, разумны, вымушаны разьменьвацца на такія тэмы! Я ў Амерыцы ўжо ведаеш кім быў бы? Можа, журналістам! Прафесарам! А я, у трыццаць сем гадоў, лысы ўжо, жыву на бал-ко-не... I я павінен верыць у нейкую маральнасць, у нейкага Бога?!
Ён пацёр лысіну і ціха папрасіў:
— Астанься ў мяне начаваць.
Але неяк сумна зрабілася пасля яго прамовы, і Холаду расхацелася і слухаць, і гаварыць сваё. Цвяроза неяк зрабілася. Ён пачаў збірацца і, як ні ўпрошваў Лёня, пайшоў дадому, у сваю хатку.
ЁН нават не заўважыў, што ложак у хатцы быў засланы не так, як быў; лёг і заснуў адразу мёртвым сном.
У адной газеце было напісана, што для таго, каб быць шчаслівым, ніколі не трэба гаварыць сабе слова «калі б». Вось гэтае «калі б» і труціла Адаму Шкапічу лічы што ўсё жыццё.
«Калі б я не быў калекам, усё было б цудоўна».
Якая б непрыемнасць з ім ні здаралася, ён адразу перабольшваў, слабеў і вярэдзіў сабе душу вечнымі «калі б я зрабіў тое ці тое», ці «лепш я не рабіў бы таго й таго», даводзячы сябе да такога пакаяння, з якім не параўноўваўся самы вялікі ягоны грэх.
Так было і гэтым разам, калі Шікапіч пасварыўся з жонкаю. Пасля сваркі ён пайшоў спаць на кухню (у іх была аднапакаёвая кватэра), трохі паляжаў на раскладанцы, адчуваючы, як мулка, холадна, а потым пайшло само сабой заўсёднае: «Калі б я быў разумнейшы, я спаў бы зараз з жонкаю, усё было б добра. Калі б я не чапаў, не звяртаў увагі на фотакарткі, усё было б добра». I яму, трыццацігадоваму чалавеку, палезла ў галаву маладушная, заўсёдная ў слабых, пакрыўджаных людзей лухта — жаданне памерці і нарадзіцца зноў, зусім іншым, шкадаванне свайго нікому не патрэбнага жыцця, перабольшанае замілаванне бацькам з маткаю, як адзіных у свеце людзей, што любяць яго...
Сварка была самая банальная і высмактаная з пальца. Увечары, пасля праграмы «Час», Шкапіч узяў з паліцы кніжку, і з яе выпала фотакартка — вушасты, нос бульбінаю, сувязісцік першага года службы. «Люблю, кахаю. Твой Арцень Холад. 1985, Масква». Жонка, якая зайшла з кухні і ўбачыла, войкнула і фальшыва — яны ўсе ў такія хвіліны робяцца фальшывымі — засмяялася:
— А, гэта Арцень — помніш, я табе расказвала? Даўно збіраюся напісаць яму, што выйшла замуж... Парваць? Я і забылася ўжо...
Шкапіч акуратна паставіў кнігу з фотакарткай на месца і пачаў даставаць з антрэсоляў раскладанку. Жонка прысела на канапу і заплакала.
— Адам, я больш так не магу! Ну нельга ж так раўнаваць!.. Мы год... менш як год жывём разам, а я пасівею хутка!
Шкапіч моўчкі прычыніў за сабою дзверы, на кухні паставіў раскладанку, пад галаву — пінжак, і лёг. Чуліся жочыныя ўсхліпы, потым крокі.
— Адам, даруй мне! Ну, як ты хочаш, каб я зрабіла — я так зраблю! Вазьмі падушку...
Ён не адгукнуўся, нават не паварушыўся. Яна, усхліпваючы, доўга мылася, чысціла зубы, потым выключыла святло, і зрабілася ў кватэры ціха.
У Локцавічах Адама з малых гадоў дражнілі Лапко — за сухую правую руку. З-за гэтай рукі ён не служыў у арміі, не змог вучыцца на шафёра, хоць вельмі пра гэта марыў. Адзін раз, калі ён вучыўся ў восьмым класе, з ваенкамата прыходзілі вярбоўшчыкі і ўсіх выбіралі, а на яго завуч, грубы, напаўпісьменны чалавек, сказаў пры ўсіх: «Енвалід дзецтва». З-за гэтай рукі за яго ніхто не йшоў, і ён адзінокім жыў з бацькамі. Праўда, ён добра вучыўся, лават змог скончыць чыгуначны тэхнікум і ўладкавацца брыгадзірам на чыгунцы. Да трыццаці гадоў ён дажыў, не ходзячы нікуды гуляць, гледзячы па вечаах тэлевізар, нічога ўжо асабліва ад жыцця не чакаючы, як раптам Бог ці лёс з яго злітасцівіліся. З Магілёва ў мястэчка прыехала новая бібліятэкарка — прыгожая, здаровая, маладзейшая за яго, і неяк нечакана-нягадана яны пазнаёміліся і сышліся.