Выбрать главу

Жончыныя словы, што яна «пасівее хутка», ашаламілі Шікапіча. Гэты год быў для яго як сон, як казка, ён вырываў з яе рук любую работу — сам мыў, падмятаў, прасаваў... Адразу ж пасля вяселля, праўдамі і няпраўдамі, з дапамогаю даведак пра сваё калецтва і праз стрыечнага брата, участковага, дабіўся гэтай кватэры, узяў крэдыт, накупляў усяго — і канапу, і ложак, і тэлевізар...

«Нельга ж так раўнаваць!» Няўжо яна, разумны, адукаваны, самы блізкі яму чалавек, не разумее, што ён не такі, як усе, што там, дзе звычайны чалавек не дасць увагі нейкаму жарціку, кпіне, любой драбязе, ён воляй-няволяй мусіць гэтае развіваць, узмацняць... Уся яго рэўнасць была — страх, што з'явіцца нейкі Холад, ці нейкі Мароз, ці іншы чорт, якіх Шкапіч патэнцыяльна ненавідзеў толькі за тое, што яны недзе існуюць на свеце, з'явяцца, і ён зноў застанецца адзін.

Шкапіч ляжаў на сваёй раскладанцы, з усіх сіл жадаючы, каб жонка зноў зайшла і пазвала, а ён бы зноў адмоўчаўся. Але ніхто не прыходзіў. ЁН падняўся, скурыў у фортку цыгарэту і патупаў у пакой. ЁН быў упэўнены, што жонка па-ранейшаму ўсхліпвае. Яна спала, нават трошкі пасвіствала носам. Ён вярнуўся на кухню, роспачна падумаў: «Кідаць. Вяртацца да бацькоў. Забыць раз-назаўсёды!»

І не паспела гэтая думка як след развіцца, як ногі самі чамусьці панеслі Адама ў пакой; ён ціхенька распрануўся і лёг каля жонкі. Тая спакойна спала.

«Усё правільна. Калі б яна не ведала, які я бязвольны, ёй не было б усё роўна...» — і горкія думы закруціліся звыклым сваім парадкам.

VII.

Згадай чорта тры разы — і з'явіцца сам-пан. Так і з гэтым Холадам. А як шчасліва пачынаўся дзень!..

Прачгнуўшыся гадзін у дзевяць, Тамара не змагла нават успомніць, начаваў муж побач ці то ёй толькі здалося, і калі пайшоў на работу, і што еў... Калі спаў з ёю, дык нешта ў лесе здохла: звычайна такія сцэны — маўчанне, раскладанка на кухні, галадоўка (нават не дакранаўся да таго, што яна гатавала) расцягваліся на два-тры дні.

Але сёння яе гэта ніколечкі не гняло. «Я цяжарная» — піадумала яна і радасна, уголас, засмяялася.

Пасля работы трэба будзе яшчэ зайсці ў паліклініку. Толькі б пацвердзілася! Тады ўсё: і дурная мужава рэўнасць, і яе нярадаснае мінулае, і маларадаснае цяперашняе, і тым больш фотакарткі з нейкімі Холадамі аддаляліся б, як кажуць дзеці, за сто кіламетраў. Дый увогуле, што за Холад? Хто ён ёй? Ну, было гады два назад, пару разоў прайшліся, калі яна не была яшчэ нават знаёмая з Адамам, ну, казала нешта накшталт «кахаю-чакаю», але гэта было так даўно, што стала няпраўдаю. Гэта ні да чога яе яе абавязвала. Калі б хто сказаў зараз Томе, што яна павінна была б адчуваць хоць нейкую віну за тое, што не дачакалася з арміі хлопца, перастала яму адпісваць і выскачыла замуж за першага стрэчнага, яна вельмі здзівілася б, а магчыма, і абурылася б. Вось каб Холад, напрыклад, ажаніўся ў войску — ён быў бы вінаваты, і яна палічыла б гэта за подлую здраду.

I раней было ўсё ясна Томачцы, як дзень белы, а сёння (цяжарная!) усе праблемы, з гзтым зязаныя, знікалі дарэшты. Яна паснедала, папудрыла поўны, кірпаносы тварык, крутанулася перад люстраной шафаю (кожны раз у такія хвіліны ёй згадваўся адзін дзядзька, які неяк назваў яе ў аўтобусе школьніцаю). Яна спадабался сабе, але чамусьці падумалася, што ў цяжарных твары павінны быць непрыгожымі. Яна пачала ўглядацца больш пільна, і тады толькі да яе дайшло — не на першым жа месяцы твары бываюць непрыгожымі! Аж самой смешна стала. Супакоеная і яшчэ больш шчаслівая, яна апранула шырокую сукенку і пайшла ў бібліятэку.

Раніца была духмяная і цёплая, у садах усё квітнела, заліваўся позні шпак, а яна помніла, што і ў Локцевічах можа быць радыяцыя, таму трымалася цяньку. Так усё было добра, спакойна, і ніяк не насцярожыла, калі вахцёрка, прывітаўшыся, гарэзліва ёй падміргнула (вахцёрка была старая жанчына, таму і выйшла гэта па-старэчы непрыгожа) і паведаміла, што яе чакаюць.

У чытальнай зале, у самым кутку, пад пальмаю, паклаўшы на часопісны столік фуражку, сядзеў і, усміхаючыся, глядзеў на яе Холад у ваеннай форме.

«Мне няможна хвалявацца», — падумала яна, напусціла на твар усмешку, падышла і прысела ў крэсла насупраць.

— Ну, з прыездам.

— Дзякуй.

Гэты глухаваты, трошкі ў нос, голас вяртаў яе ў ранейшае мацней, чым ягоныя твар і постаць, але Тома лёгкім намаганнем адагнала ўспаміны. «Я — цяжарная».

— Дзе ты цяпер?

— Тамсама, у цёткі. А цябе, я чуў, можна павіншаваць?