Выбрать главу

Яна не змагла схаваць урачыстай радасці, якая міжволі разлілася па твары, і моўчікі пакруціла перад ім пальцам з пярсцёнкам.

— Але ж і хутка ты.

— Каханне.

«Яна выйдзе замуж элементарна з-за грошай, з-за кватэры, а табе скажа — ка-хан-не!..» — успомніў Холад словы Навумава і пасміхнуўся:

— Што ж ён, залаты?

— Пярсцёнак?

— Твой муж.

— Я цябе не разумею, — сказала яна, выдатна ўсё разумеючы.

— Проста, — Холад пакалупаў зорку на фуражцы. — У людзей ва ўсіх адна галава, дзве нагі, дзве рукі... Што за каханне такое выдумалі? Чым лепшы твой муж за мяне?

Такое яна чула ад яго ўпершыню. Яго адтапыраныя пасля армейскай стрыжкі вушы, нейкі яшчэ больш, чым два гады назад, акруглелы, бульбаю, нос ніяк не вязаліся з такімі разважаннямі. ЁЙ стала прыкра і захацелася, каб Холад хутчэй пайшоў.

— Прабач, у мяне баліць галава. Апошнім часам, — сказала яна ціха, значна, з надзеяю, што ён здагадаецца пра цяжарнасць.

ЁН здагадаўся, узяў фуражку і ўстаў.

— Том, скажы, а ты ні пра што не шкадуеш? Не баішся Бога?

Яна заміргала падфарбаванымі вачыма, але расшыфравала і гэтыя словы, як і папярэдінія — не ён гаворыць, а рэшткі кахання і рэўнасць у ім.

— А што я такога зрабіла, каб мне Бога баяцца? — вырашыла яна ўсё ж абурыцца.

— Хадзем, правядзеш мяне, я на вуліцы скажу.

Ён зусім быў не падобны да таго ранейшага хлопчыка, з якім яна некалі гуляла. Ён расчараваў яе сваёй поўнай незразумеласцю, чужацкасцю.

На ганку Холад узяў яе за локаць і, гледзячы вочы ў вочы, загаварыў метадычна і гладка, як нешта раней завучанае:

— Тома, я ведаю, што мы ў свеце не самі па сабе. Над намі Нешта ёсць. I я, можа, адзіны, каму за дзве тысячы гадоў гэтае Нешта адкрылася не ў сляпой веры, а ў матэрыі, рэальна. Значыць, усё пра нас вядома, каму трэба...

— Пусці! — яна спалохана вырвала руку, але нікуды не ішла.

— У свой час я жыў табою. І Нехта ведае, чым ты для мяне была. Я — чысты! А ты не. Ты не павінна была выходзіць замуж. А павінна была зрабіць тое, што абяцала — дачакацца мяне.

— Ох, ты! — злосна засмяялася Тома. — Ну і што мне цяпер рабіць? Разводзіцца з мужам — ад таго, што нешта некаму некалі абяцала?

— Мне проста цікава ведаць, як ты будзеш пакараная. Таму я вось што прыдумаў. Кожны вечар, пасля твае працы, буду падыходзіць пад акно вашай кватэры і стаяць. Напамінкам. I адчаплюся толькі тады, калі ты атрымаеш па заслугах. Да вечара!

Яна не паспела і слова сказаць, як Холад павярнуўся і хутка пайшоў з бібліятэчнага дворыка.

Тут толькі да яе дайшло — гэта ж помста! Уласнай персонаю. Дык вось для чаго ўсё казалася — грэх, кара... Ах, шчанюк! I як падвёў — Божая кара! Ды варта яму хоць адзін раз зрабіць тое, пра што сказаў — прысунуцца і стаць пад акно... Муж убачыць, ёй канец. Развод. Адам яе проста выжане. А гэты застанецца задаволвны, скажа, гэта Бог яе пакараў... Ах, якая сволач!..

У Томы моцна забалела галава. Яна адпрасілася з працы і, ні на што ўжо не спадзеючыся, адчуваючы, як мутная трывога бурыць усе ранішнія надзеі, паспяшалася ў паліклініку.

VIII.

Вярнуўшыся дамоў раней звычайнага, Адам не чакаў так рана ўбачыць жанку. Яна сядзела на кухні, каля акна, па-старэчы склаўшы на каленях рукі, і глядзела на яго такімі чужымі вачыма, што Шкапічу стала сорамна. ЁН вырашыў змякчыць сваю сістэму і абмежаваць маўчанне аднымі суткамі.

— Што з табой, Томачка? — мякка спытаў ён, і гэта азначала прымірэнне.

— Нічога, проста галава баліць.

Цяжарнасць не пацвердзілася. Іншым разам яна паперажывала б трохі, і ўсё, але сёння гэта настолькі яе ўразіла, што яна ледзь не самлела проста ў паліклініцы. ЁЙ падумалася, што пачалося, што гэта і ёсць першая ластаўка той кары, якую абяцаў ёй Холад.

Яна абняла мужа, прытуліла да сябе і заплакала.

— Як мне кепска, мілы мой, каханы...

— Гэта я вінаваты, — расчулена шаптаў Адам, гладзячы яе па плячах, — жыць табе не даю... Але цяпер ўсё будзе інакш!

Тамара была жанчына, і яна паверыла, што гэта шчыра.

— Адам, помніш гэтага ўчарашняга, на фотакартцы? — асцярожна спытала яна.

— Парвём яе, забудзем... Я такі рады, што мы памірыліся!

— Парваць можна, але ён сам прыехаў.

На Адама быццам лінулі вару. Ён рэзка адсунуў жончыны рукі.

— Гэта той самы, якога я з-за цябе кінула, — хутка загаварыла Тамара. — Усё пісьмы пісаў, каб цябе кінула, а за яго пайшла. — Яна паспрабавала ўзяцца за мужаў рукаў, але Адам адсунуўся бы апечаны. — Ну, і цяпер не можа дараваць, што я шчасліва жыву за табою. Сёння нават у бібліятэку прыйшоў, кажа, буду хадзіць пад вокны, не даваць жыць... Уяўляеш, якая сволач?!