Аглушаны такімі навінамі, Шкапіч тым не менш улавіў сувязь: «Шчасліва жыву за табою, а ўчора было — хутка пасівею за табою. Каб ведаў, проста ніколі б не жаніўся і нічога гэтага не было б!»
— Відаць, ён не проста хоча пад вокны хадзіць, — з'едліва .выціснуў ён, — а найчасцей, калі мяне дома не бывае?
— Вунь стаіць, — паказала жонка ў акно.
Шкапіч выглянуў і ўбачыў — каля грыбка, паўз тратуар, якраз пад іхнім акном, стаіць учарашні сувязісцік з фотакарткі. Ён курыў, пазіраў проста на іхні паверх, на іхняе акно. Шкапічу нават падалося, што салдат іранічна кіўнуў яму, паздароўкаўшыся.
— Нават так... — задыхнуўся Шкапіч, паварочваючыся да жонкі. — Што ж, давай, бяжы хутчэй!
Трэба было і самому нешта рабіць. Шкапіч не знайшоў нічога лепшага, як павярнуць у залу, дзе выцягнуў свой чамандан і пачаў пакавацца. Следам зайшла жонка, стала ў дзвярах.
— Бягом, бягом, — са злоснай весялосцю прыспешыла яна. — Мужык называецца! Калі б я была мужыком, дык выскачыла б ды такую помсту яму паказала, што дарогу сюды забыў бы! А ў цябе толькі і ёсць сілы — нада мною!
— Разбірайся, галубка, сама, — агрызнуўся Шкапіч, — са сваімі хахалямі, і мяне ў гэта не блытай!
Але рукі неяк апусціліся.
Жонка, зусім не так, як ён, а спакойна, упэўнена расчыніла сваю палавінку шафы, дастала чамадан і пачала скідваць проста на падлогу розныя манаткі.
Шкапіч выглянуў у акно. Нікога не было.
— Тома, — здаўся ён, адбіраючы з яе рук нейкую сукенку, кідаючы назад у шафу, — Тома, ну, не гарачыся... Давай спакойна пагаворым...
— Ну, не!
Але і ў яе руках не стала больш цвёрдасці; нарэшце селі разам, пагаварылі ладам. Тамара расказала ўсё, нават пра сваю няспраўджаную цяжарнасць і магчымую сувязь паміж гэтым і помстаю Холада. Гэта асабліва ўстрывожыла Шкапіча.
Вырашана было, што самім звязвацца не варта, трэба прасіць брата, таго самага ўчастковага , які памагаў ім з кватэраю, каб проста забраў ва ўчастак і пагаварыў па-мужчынску, калі Холад не зразумее па-людску.
Больш у гэтай хаце Холад не мог заставацца.
Пачалося ўсё з вячэры. Цётка наварыла бульбы. Елі ўчацвярых: Холад, прымак, кватарантка і цётка. Зноў, як і ў дзень Холадавага прыезду, за сталом ішла нейкая незразумелая яму гульня. Кватарантка калупала бульбу, не падымаючы вачэй, прымак соп і пырхаў, цётка не зводзіла з іх абоіх насцярожана спалоханых вачэй... Пад канец прымак яшчэ больш насупіўся, набіў ката, цыкнуў за нешта на цётку, груба сказаў Холаду: «Падай гурка!», урэшце забурчэў:
— Яда... Цето така яда? На каго я роблю, шо нэ маю кусок м'яса ці ковбасы?
Проста хутка елі, і скончылася бульба.
— Кармі адного, а за ім другого, — выдаў прымак нейкую ўласнага гатунку прымаўку. — Шо брат, шо салдат, всі павзуць сюды, а ты, Сашко, кармі...
Холад, пачырванелы, адсунуў сваю парожнюю талерку і, сціснуўшы сківіцы, выбраўся з-за стала.
— Калі вы яшчэ на яго хоць слова скажаце...— раптам ціха, па-ранейшаму гледзячы ў талерку, прамовіла кватарантка.
Цётка маўчала. Прымак, як ні дзіўна, паслухаўся, неяк збянтэжана закашляўся, потым устаў і моцна ікнуў.
— Праіваліласо... Салдат, ты цето... — ён паказаў пальцамі, як адмыкаюць.
Холад не даў яму ў рукі, а кінуў ключ на стол. Цётка выпусціла відэлец, нагнулася падымаць і там, пад сталом, заплакала. Холад выйшаў на вуліцу.
Быў вечар, ехаць некуды позна ўжо было. Але заўтра з раніцы ён зматае на Мінск. Толькі развітацца з Навумавым. І з... Томаю.
Дзіўна, што ён, чалавек разумны, начытаны сур'ёзных кніжак, для сваіх гадоў нямала біты жыццём, пасля ўчарашняй сустрэчы ў бібліятэцы лічыў, што нічога асаблівага не адбылося, што ўсё яшчэ ў адносінах з Томаю можна паправіць. ЁН жа быў ініцыятар: «выкрываў» яе грахі, пагражаў, а яня абаранялася — значыць, ад яго залежала (і залежыць), як скіроўваць путарку. Учора ён быў такі, а сёння будзе іншы. Сёння скажа: «Тома, жывіце шчаслііва, я назаўсёды з'язджаю; учарашнія мае словы – гэта ад зайздрасці, што так у цябе ўсё шчасліва...» Яму здавалася, што варта так сказаць, і ўсё ўчарашняе адным махам будзе перакрэслена.
Ён не даў увагі высокаму паджараму мужчыну, які стаяў каля пад’езда Тамарынага дома. Мужчына правёў яго позіркам і пайшоў за ім следам. Пад знаёмым акном Холад спыніўся. Мужчына — таксама, і папрасіў запалкі. Холад даў. Мужчына націкавіўся, чаго ён тут стаіць.
— Сябра чакаю, — неахвотна адказаў Холад.
— Каго? Я тут жыву, усіх ведаю.
— Гэтага не ведаеце. Ён нядаўна пераехаў.
Мужчына не адыходзіў. Холад заўважыў у акне чалавека і махнуў рукою. Чалавек знік. Холад павярнуўся, каб ісці да пад'езда, як раптам нешта трывожнае ёкнула ўсярэдзіне — да іх паціху пад'язджаў жоўты міліцэйскі «казёл».